Новы чарнобыльскі саркафаг

(Перанакіравана з «Новая бясьпечная ізаляцыя»)

Новы чарно́быльскі саркафа́г, таксама вядомы як аб’ект «Укрыцьцё-2» — новая ізаляцыйная пабудова ў выглядзе аркі, якая накрые зруйнаваны рэактар Чарнобыльскай АЭС наўзамен састарэлага «Ўкрыцьця». Будаўніцтва пачалося ў 2007 року і меркавана завершыцца ў 2017. Тэрмін эксплюатацыі новага саркафагу разьлічаны на 100 гадоў.

Арка новага саркафагу 4-га энэргаблёку ЧАЭС (2015)

Перадгісторыя праекту

рэдагаваць

Пабудаваны ў 1986 року над чацьвертым энэргаблёкам саркафаг першапачаткова быў разьлічаны на 20 гадоў і паступова руйнуецца пад уплывам радыяцыі і зьнешніх фактараў. Небясьпека ў выпадку ягонага абвалу залежыць ад таго, як шмат радыяактыўных рэчываў знаходзіцца ўнутры. Паводле афіцыйных зьвестак, гэтая лічба дасягае 95% ад тае колькасьці, якая была на момант аварыі. Калі гэтыя ацэнкі слушныя, дык разбурэньне «Ўкрыцьця» можа спрычыніць надзвычай вялікія выкіды. 12 лютага 2013 ужо адбыўся абвал некалькіх плітаў над машыннай заляй энэргаблёку[1][2].

Распрацоўка праекту

рэдагаваць
 
Пілоны новага саркафагу (травень 2013)

На замову Чарнобыльскай АЭС распрацоўку канцэптуальнага праекту новага саркафагу рэалізавалі кансорцыюм кампаній Bechtel і Battelle (ЗША), EDF (Францыя) ды ўкраінскі кансорцыюм КСК (Навукова-дасьледчы інстытут будаўнічых канструкцый (НДІБК), Кіеўскі інстытут «Енергопроект» (КІЭП), Міжгаліновы навукова-тэхнічны цэнтар (МНТЦ) «Укриття». Канцэптуальны праект быў прадстаўлены на грамадзкіх слуханьнях у сакавіку 2004 року ў месьце Славуціч.

У сакавіку 2004 року Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця абвясьціў міжнародны тэндэр на праектаваньне, будаўніцтва і ўвядзеньне ў эксплюатацыю Новага бясьпечнага канфайнмэнту. Пераможцам тэндэру ў жніўні 2007 року была прызнаная кампанія «Novarka», супольнае прадпрыемства францускіх кампаніяў «VINCI Construction Grands Projets» і «Bouygues Travaux Publics»[3].

Фінансаваньне

рэдагаваць

Краіны-донары назьбіралі на будаўніцтва новага ўкрыцьця на ЧАЭС і сховішча адпрацаванага ядзернага паліва 750 мільёнаў эўра. Усе выдаткі кантралюе ЭБРР[4].

Будаўніцтва

рэдагаваць
 
Дах і пілоны новага саркафагу (жнівень 2013)

Асноўная функцыя новага саркафагу палягае ў абмежаваньні распаўсюджваньня радыяактыўных рэчываў, якія знаходзяцца ў аб’екце «Ўкрыцьцё». Праект прадугледжвае, што новае збудаваньне будзе эксплюатавацца цягам 100 гадоў.

Каб істотна зьменшыць апраменьваньне пэрсаналу, задзейнічага на будоўлі, новы саркафаг будуецца на адлегласьці 180 мэтраў ад аб’екту «Ўкрыцьцё». Пасьля завяршэньня будаўніцтва аркі яе насунуць на існуючы аб’ект з дапамогаю адмысловых мэханізмаў.

Новы саркафаг будуюць каля 3 тысячаў чалавек. Будаўніцтва пачалося ў красавіку 2012 року.

  1. ^ Валерия ЧЕПУРКО, Елена ГАЛАДЖИЙ, Елена ЮРЧЕНКО. (12 лютага 2013) На Чернобыльской АЭС рухнула кровля машинного зала [Обновлено(рас.). Комсомольская правда в Украине. Праверана 26 красавіка 2016 г.
  2. ^ Французские компании срочно эвакуировали свой персонал из Чернобыля (рас.). Forbes (13 лютага 2013). Праверана 26 красавіка 2016 г.
  3. ^ Новый саркофаг для Чернобыльской АЭС построят французы за 505 миллионов евро (рас.). NewsRu (17 верасьня 2007). Праверана 26 красавіка 2016 г.
  4. ^ Лілія Гришко. (16 сакавіка 2013) Новий саркофаг на ЧАЕС будуватимуть близько 3 тисяч робітників (укр.) Ukrаїнська energетика. Німецька хвиля. Праверана 26 красавіка 2016 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Новы чарнобыльскі саркафагсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Каардынаты: 51°23′22″ пн. ш. 30°05′36″ у. д. / 51.389319° пн. ш. 30.093205° у. д. / 51.389319; 30.093205