«Новае Пакаленьне» — моладзевая кааліцыя, заснаваная 5 сьнежня 2009 году дзевяцьцю дэмакратычнымі моладзевымі арганізацыямі Беларусі[1].

Новае пакаленьне
Дата заснаваньня 2009
Штаб-кватэра Менск
Афіцыйны сайт newgeneration.ws

Гісторыя

рэдагаваць

Моладзевая кааліцыя «Новае Пакаленьне» была ўтвораная 5 сьнежня 2009 году па ініцыятыве Маладога Фронту.[2] У кааліцыю ўвайшлі дзевяць моладзевых арганізацыяў рознай ідэалягічнай арыентаванасьці.[3] «Новае Пакаленьне» зьяўляецца адной з чатырох палітычных кааліцыяў і адзінай кааліцыяй моладзевых дэмакратычных аб’яднаньняў Беларусі.[4]

Праграма

рэдагаваць

Праграма кааліцыі «Новае Пакаленьне» заснаваная на хрысьціянскіх і нацыянальных каштоўнасьцях, прынцыпах сацыяльнай справядлівасьці ды ідэалах свабоды.[3][5]

Праграмнымі напрамкамі дзейнасьці кааліцыя «Новае Пакаленьне» вызначыла

  • адстойваньне незалежнасьці Беларусі;
  • абарона й разьвіцьцё беларускае культуры;
  • вызваленьне палітвязьняў і «спыненьне палітычных рэпрэсіяў»;
  • асуджэньне «злачыннай ідэалёгіі камунізму й палітыкі савецкага этнацыду Беларусі»;
  • спрыяньне эўраінтэграцыі Беларусі;
  • «зьмена аўтарытарнага рэжыму й усталяваньне ў Беларусі дэмакратычнага ладу кіраваньня».[5]

Дзейнасьць

рэдагаваць

Адной з галоўных задачаў сваёй дзейнасьці кааліцыя «Новае Пакаленьне» вызначае супольны ўдзел у агітацыйнай і мабілізацыйнай кампаніях, накіраваных на адстойваньне грамадзянамі Беларусі свайго голасу падчас мясцовых, парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў.

7 студзеня 2010 году кааліцыя «Новае Пакаленьне» стварыла перадвыбарчы штаб для ўдзелу ў мясцовых выбарах 2010 году. Кіраўніком перадвыбарчага штабу быў прызначаны дэпутат мясцовых Саветаў, сябра Сойму Маладога Фронту Зьміцер Кухлей.[6]

1 сакавіка 2010 году да сьпісу кандыдатаў «Новага Пакаленьня» на мясцовыя выбары далучыліся кандыдаты Прадпрымальніцкага блёку.[7] Як заявілі лідэры «Новага Пакаленьня», гэта было зьдзейсьнена дзеля таго, каб «супольна весьці барацьбу за нацыянальныя каштоўнасьці, дэмакратыю і таксама адстойваць інтарэсы прадпрымальніцкага руху».[8]

Па выніках рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты кааліцыя «Новае Пакаленьне» абвясьціла, што з 53 прэтэндэнтаў у кандыдаты, якія падалі ў выбарчыя камісіі подпісы і іншыя дакумэнты для рэгістрацыі, 22 прадстаўнікі кааліцыі былі зарэгістраваныя ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты. Сябрамі ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў у кандыдаты было сабрана больш 10 000 подпісаў у сваю падтрымку. Падчас рэгістрацыі кандыдатаў ад кааліцыі было адмоўлена ў рэгістрацыі пераважна лідэрам, якія праводзілі моцныя кампаніі ў сваіх акругах. У прыватнасьці, рэгістрацыю не прайшлі старшыня «Правага Альянсу» Юрась Карэтнікаў, лідэр «Вольнай моладзі» Мікіта Красноў, намесьніца старшыні «Маладога Фронту» Наста Палажанка.[9]

Удзельнікі

рэдагаваць