Нельга забыць (гурт)
«Не́льга забы́ць» — музычны гурт Беларусі, заснаваны ў сьнежні 2009 году.
«Нельга забыць» | |
Гады | з 2009-га |
---|---|
Месца ўтварэньня | Менск (Беларусь) |
Мова | беларуская |
Жанр | псыхадэлічны рок |
Выдавец | Студыя «Эвэрэст» |
Удзельнікі | [[Міхаіл Бараноўскі]], Надзея Процька, Уладзімер Пыльчанка |
Былыя ўдзельнікі | Вольга Куваева, Максім Сазонаў, Андрэй Байбакоў, Віталь Мурзіч |
Пераможца фэстывалю «Бардаўская восень-2012» у Беластоку (Падляскае ваяводзтва) з музычнай праграмай «Месца моцы». У 2013 годзе выдаў альбом «Мярцьвяк» на вершы Максіма Багдановіча.
Мінуўшчына
рэдагавацьУ сьнежні 2009 году навуковы супрацоўнік Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі склаў музычную праграму на вершы Ўладзімера Караткевіча, дзеля якой сабраў музычны гурт у складзе гітарыста Віталя Мурзіча, скрыпачкі Надзеі Процькі і акардэаніста Ўладзімера Пыльчанкі. Пазьней да гурта «Нельга забыць» далучылася пэркусіяністка Вольга Куваева, якая пакінула яго да 2013 году. Першая музычная праграма называлася «Леаніды ня вернуцца да Зямлі» паводле аднайменнага рамана, які 2-й сваёй назвай даў назву і гурту. У далейшым Міхаіл Бараноўскі напісаў уласныя вершы да 2-й праграмы «Месца моцы», якую назваў у гонар рэшткаў сьвяцілішча ў Белавескай пушчы на тэрыторыі Падляскага ваяводзтва. 28 кастрычніка 2012 году гурт «Нельга забыць» перамог на фэстывалі «Бардаўская восень» у Беластоку. У лістападзе 2013 году гурт падрыхтаваў 3-ю музычную праграму «Мярцьвяк» на вершы Максіма Багдановіча, якія той напісаў у апошнія 8 гадоў жыцьця, калі хварэў на сухоты. У 2013 годзе да гурта далучыліся гітарыст Максім Сазонаў і бубнач Андрэй Байбакоў[1].
У сьнежні 2013 году гурт «Нельга забыць» прадставіў альбом «Мярцьвяк» на канцэрце. У студзені 2014 году альбом запісалі на студыі «Эвэрэст». У стварэньні музычнай праграмы ўдзельнічалі Міхаіл Бараноўскі, Надзея Процька і Ўладзімер Пыльчанка, пасьля чаго альбом выклалі для вольнага спампоўваньня ў Сеціва. Музыку стварылі ў хаце, дзе жыў Максім Багдановіч у 1916 годзе, што было першым падобным выпадкам ў беларускай музычнай гісторыі. Пры гэтым Міхаіл Бараноўскі быў загадчыкам «Беларускай хаткі», як філіі Музэю Багдановіча. Ён патлумачыў выкарыстаньне расейскай лацінкі ў назьве альбому, як «пераадоленьне ў сабе маскавіцяніна». Таксама Міхаіл дадаў: «Наш альбом зьяўляецца спробай асэнсаваць сьмерць праз трагічны лёс і вершы знакамітага паэта, які з 17 гадоў пакутваў на сьмяротную хваробу, але нават пазбаўлены будучыні, знайшоў сілы рухацца да сьвятла, да сваёй мройнай краіны». Сьпявак згадаў, што альбом дазваляе «прайсьці шлях разам з Максімам і музыкамі гурта ад бязьмежнага адчаю да „Пагоні“». 17 ліпеня 2014 году гурт «Нельга забыць» выканаў песьні альбому падчас канцэрту на менскіх бомбасховішчах «Мір вакол нас»[2]. 15 верасьня 2014 году на фэсьце «Стартап» гурт паказаў некалькі песьняў («Хутка-смачна») да новага альбому. 17 верасьня гурт «Нельга забыць» прадставіў песьню «Залілось сьлязьмі» ў аўдыёчарце партала «Тузін гітоў». Гэтую песьню на верш Максіма Багдановіча 1910 году выканала Надзея Процька. Яе, як і ўвесь альбом «Мярцьвяк», запісаў гукарэжысэр Павал Сініла. Адначасна гурт заняўся падрыхтоўкай новага альбому[3]. 14 кастрычніка 2014 году альбом «Мярцьвяк» перамог у 1-м туры галасаваньня за найлепшы альбом сэзону 2014/2015 гадоў на партале «Тузін гітоў». 24 кастрычніка 2014 году гурт выступіў на фэсьце «Бардаўская восень» у Бельску-Падляскім[4]. 14 лістапада 2014 году альбом «Мярцьвяк» 2-і раз перамог у альбомным чарце «Тузіна гітоў» і прадставіў песьню «Героі не паміраюць». Церазь дзень гурт выступіў на канцэрце «Жоўты дом». 26 лістапада ў Менску на дзень народзінаў Караткевіча і 29 лістапада ў Віцебску музыкі адыгралі праграму «Леаніды ня вернуцца да Зямлі»[5].
Ацэнкі
рэдагаваць8 верасьня 2014 году кіраўнік парталу «Тузін гітоў» Сяргей Будкін адзначыў, што ў альбоме «Мярцьвяк» Міхаіл Бараноўскі «выходзіць за межы простых сьпеваў пад гітару з дапаможнымі інструмэнтамі, упраўляючы паэзію Багдановіча ў межы псыхадэлічнага року, пададзенага на свой лад з скрыпачкаю ды баянам». Будкін заўважыў, што ў альбоме песьня «Пагоня» выкананая двойчы: «абодва разы па-хуліганску як для меркаванага гімну. Першы раз наўмысна неахайна пад баян, а другі — у блюзавай манэры». Таксама музычны аглядальнік падкрэсьліў: «Упрыгожаньне альбому — вакал Надзеі Процькі, якая якраз да месца разнастаіць густы і манатонны голас Бараноўскага, што найлепш адчувальна ў «Зязюлі». Эмацыйны пік альбому — якраз сольны нумар Надзеі «Залілось сьлязьмі быццам зоркамі». Урэшце ён падсумаваў: «Падобна, што найлепшыя акустычныя альбомы ў Беларусі робяцца на студыі «Эвэрэст»[6].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Дыяна Серадзюк. У кожнага пад нагамі — сваё «Месца моцы» // Чырвоная зьмена. — 28 лістапад 2013. — № 24 (15733). — С. 4.
- ^ Барыс Вераб’ёў, Зарына Кандрацьева. Пераадолець у сабе маскавіцяніна // Партал «Тузін гітоў», 15 ліпеня 2014 г. Праверана 29 чэрвеня 2020 г.
- ^ Мёртваму баліць // «Тузін гітоў», 17 верасьня 2014 г. Праверана 29 чэрвеня 2020 г.
- ^ Сэнсацыйная перамога «Мерцьвяка» // «Тузін гітоў», 14 кастрычніка 2014 г. Праверана 29 чэрвеня 2020 г.
- ^ «Багдановіч застаецца для нас таямніцай» // «Тузін гітоў», 14 лісапада 2014 г. Праверана 29 чэрвеня 2020 г.
- ^ Сяргей Будкін. Па дарозе зь «Мерцьвяком» // «Тузін гітоў», 8 верасьня 2014 г. Праверана 29 чэрвеня 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Гурт «Нельга забыць» // «Тузін гітоў», 19 студзеня 2015 г. Праверана 29 чэрвеня 2020 г.
- Старонка на «Ютубе»
- Гурт «Нельга забыць». Канцэрт 11 сьнежня 2014 г. у Палацы мастацтваў (12 песьняў) // Юлія Гарачанкова, 14 сьнежня 2014 г. Праверана 29 чэрвеня 2020 г.
Гэта — накід артыкула па музыцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |