Мікалай Фірлей
Мікалай Фірлей гербу Леўарт (па-польску: Mikołaj Firlej † 1526) — польскі вайсковы і дзяржаўны дзяяч. Вялікі гетман каронны (1515—1526), кашталян кракаўскі ад 1520, ваявода сандамірскі ад 1514, ваявода люблінскі ў пэрыяд з 1507 па 1514 гг[1]. Прадстаўнік дыпляматычнага корпусу Рэчы Паспалітай у Асманскай імпэрыі ў 1489 і 1502[2]. У 1485 годзе Мікалай Фірлей быў дваранінам пры двары караля Казімера IV Ягелончыка. У наступным 1486 годзе ўдзельнічаў у пасольстве да германскага імпэратара Фрыдрыха III. У 1487 годзе прыняў удзел у паходзе каралевіча Яна I Альбрэхта супраць татараў і ўдзельнічаў у бітве пад Капыстшынем. У 1499 годзе Мікалай Фірлей бярэ ўдзел у падпісаньні новай уніі паміж Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім.
Узяў шлюб з Ганнай Мялецкай гербу «Грыф», сястрой кашталяна завіхойскага Станіслава Мялецкага (пам. 1532), ад якой меў двух сыноў і трох дочак:
- Пётар Фірлей (пам. 1553), ваявода люблінскі і белскі
- Мікалай Фірлей (пам. 1519)
- Катажына Фірлей (пам. пасьля 1545), з 1515 году жонка кашталяна сандэцкага Станіслава Тарноўскага (каля 1478—1528/1530)
- Барбара Фірлей, жонка Зьбігнева Слупэцкага
- Ганна Фірлей, жонка Яна Ляжайскага