Мізэры (фільм)

фільм 1990 году

«Мізэры́» (па-ангельску: Misery) — амэрыканскі псыхалягічны трылер 1990 году рэжысэра Роба Райнэра, заснаваны на аднайменным рамане Стывэна Кінга 1987 году. Галоўныя ролі выканалі Джэймз Каан, Кэці Бэйтс, Лорэн Бэкол, Рычард Фарнсўорт і Фрэнсіс Стэрнгаген. У цэнтры сюжэту ёсьць апантаная прыхільніца, якая трымае аўтара ў палоне і прымушае яго перапісаць фінал сэрыі кнігаў. Фільм выйшаў у пракат у ЗША 30 лістапада 1990 году кампаніяй Columbia Pictures. «Мізэры» атрымаў вельмі станоўчыя водгукі і меў касавы посьпех. Гульня Бэйтс выклікала шырокую ўхвалу крытыкаў і прынесла ёй прэмію «Оскар» у катэгорыі «найлепшая жаночая роля» на 63-й цырымоніі ўручэньня прэміі «Оскар». То бок, гэта адзіны фільм з оскараўскай узнагародай, які грунтуецца на рамане Стывэна Кінга[9]. Сам Кінг заяўляў, што «Мізэры» ўваходзіць у дзясятку ягоных самых улюбёных экранізацыяў[10].

Мізэры
па-ангельску: Misery
Жанр трылер[d], фільм жахаў[d], драматычны фільм, экранізацыя раману[d], псыхалягічны трымценьнік[d], містэрыйны фільм[d], крымінальны фільм[d] і псыхалягічны фільм-трымценьнік[d]
Рэжысэр
Сцэнарыст
Заснаваны на Misery[d]
Прадусар
У ролях
Кампазытар
Апэратар
Мантаж Робэрт Лэйтан[d]
Вытворчасьць Castle Rock Entertainment[d] і Embassy Pictures[d]
Распаўсюд InterCom[d] і Netflix
Дата выхаду 30 лістапада 1990[1], 25 красавіка 1991[8] і 1990
Працягласьць 103 хвіліна
Краіна
Мова ангельская мова
Бюджэт 20 000 000 $
Прыбытак 61 300 000 $
Старонка на IMDb
  Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Вядомы навэліст Пол Шэлдан (Джэймз Каан) ёсьць аўтарам пасьпяховай сэрыі віктарыянскіх раманаў пра каханьне з пэрсанажам на імя Мізэры Чэстэйн. Жадаючы засяродзіцца на больш сур’ёзных гісторыях, ён піша рукапіс да новага раману, які, як ён спадзяецца, перазапусьціць ягоную кар’еру пасьля Мізэры. Падарожнічаючы з Сылвэр-Крык, штату Каларада, дадому ў Нью-Ёрк, Пол трапляе ў замятуху і, як сьлед, у аварыю, у выніку чаго траціць прытомнасьць. Мэдычная сястра Эні Ўілкс (Кэці Бэйтс) знаходзіць яго і прывозіць у свой аддалены дом.

Пол прыходзіць у прытомнасьць і выяўляе, што прыкуты да ложка. Ягоныя ногі зламаныя, а плячо — выкручанае. Эні сьцьвярджае, што ёсьць ягонай заўзятаркай нумар адзін і доўга распавядае пра факты ягонага жыцьця і ягоныя раманы. З удзячнасьці Пол дазваляе ёй прачытаць свой новы рукапіс. Прачытаўшы рукапіс, Эні разьюшылася празь вялікую колькасьць ненарматыўнай лексыкі ў новай працы аўтара, але просіць прабачэньня. Калі яна прачытвае апошні раман Мізэры і выяўляе, што Мізэры ў канцы памірае, яна прыходзіць у лютасьць, распавядаючы Полу, што аніхто ня ведае, дзе ён знаходзіцца. Эні прымушае Пола спаліць адзіны асобнік рукапісу ягонага новага раману. Калі Пол крыху крыяе, маючы магчымасьць ужо падняцца з ложку, яна прымушае яго пачаць пісаць новы раман з назвай «Вяртаньне Мізэры», у якім ён вяртае пэрсанажа да жыцьця. Аднойчы, калі Эні няма дома, Пол пачынае назапашваць болепатольныя сродкі. Ён спрабуе атруціць Эні падчас вячэры, закінуўшы ў ейны келіх віна здробненыя ў парашок болепатольныя, але ў яго гэта не атрымліваецца, бо яна выпадкова перакуліла свой келіх. Пазьней ён знаходзіць альбом з газэтнымі артыкуламі пра мінулае Эні. Як выявілася, Эні судзілі за сьмерць некалькіх немаўлятаў у шпіталі, дзе яна працавала, але суд ня здолеў вынесьці ёй абвінаваўчы вырак праз адсутнасьць доказаў. Падчас судовага працэсу Эні цытавала радкі зь ягоных раманаў пра Мізэры. Калі Эні выяўляе, што Пол выбіраўся з пакою, яна ламае яму шчыкалаткі кувалдай, каб ня даць яму ўцячы зноў.

Мясцовы шэрыф Бастэр (Рычард Фарнсўорт) расьсьледуе зьнікненьне Пола. Падказкі прымушаюць яго наведаць Эні, але яна застрэліла яго, калі ён знайшоў Пола ў склепе дому. Затым яна спрабуе забіць і Пола, бо цяпер дакладна ведае, што Пол ніколі яе не пакахае. Тым ня менш, Пол, хаваючы ў кішэні слоічак запальнічкі, пераконвае яе даць яму пражыць дастаткова доўга, каб скончыць раман, каб вярнуць Мізэры да жыцьця. Калі рукапіс зроблены, Пол просіць цыгарэту і шампанскае, і Эні падпарадкоўваецца. Калі яна вяртаецца, ён падпальвае рукапіс. Эні кідаецца на яго, але Пол б’е яе друкаркай па галаве. У выніку бойкі Пол атрымлівае кулявое раненьне ў плячо. У рэшце Пол забівае зламысьніцу.

Праз васямнаццаць месяцаў Пол, які цяпер ходзіць з кійком, сустракае сваю агентку Марсію (Лорэн Бэкол) ў рэстарацыі ў Нью-Ёрку. Удвох яны абмяркоўваюць ягоны першы раман пасьля Мізэры, і Марсія распавядае яму пра ўхвалу ягонай новай працы. Пол адказвае, што напісаў раман дзеля сябе, каб дапамагчы сабе справіцца з жахамі свайго палону. Марсія пытаецца, ці хацеў бы ён напісаць пра свой палон, але Пол, які атрымаў псыхалягічную траўму ад гэтага досьведу, адмаўляецца. Затым Пол бачыць, як Эні набліжаецца да яго, але потым разумее, што гэта толькі ягоная ілюзія. На самай справе жанчына, якая наблізілася да яго, ёсьць афіцыянткай, якая кажа Полу, што яна ёсьць ягонай заўзятаркай нумар адзін. На гэта Пол адказвае, што гэта міла зь ейнага боку.

  Тут скончваецца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

На Rotten Tomatoes рэйтынг ухваленьня кінастужкі складае 90% на падставе 73 аглядаў зь сярэднім рэйтынгам 7,60/10. На думку карыстальнікаў рэсурсу, гэты напружаны і жудасны фільм, аздоблены выдатным выкананьнем сваіх роляў Джэймзам Каанам і Кэці Бэйтс, ёсьць адной з найлепшых адаптацыяў раманаў Стывэна Кінга дасюль[11]. На Metacritic, які прысвойвае аглядам сярэднеўзважаны рэйтынг, фільм атрымаў 75 балаў з 100 магчымых, грунтуючыся на 23 крытычных рэцэнзіях, што сьведчыць пра ў цэлым спрыяльныя водгукі[12]. Аўдыторыя, апытаная CinemaScore, надала фільму сярэднюю адзнаку А- паводле шкалы ад А+ да F. Роджэр Эбэрт з Chicago Sun-Times надаў фільму тры зоркі з чатырох магчымых, заявіўшы, што фільм ёсьць добрай гісторыяй, якая мае натуральны аповед з захапляльным сюжэтам[13]. Variety назваў кінастужку камэрцыйным гатычным трылерам і функцыянальнай адаптацыяй бэстсэлера Стывэна Кінга[14].

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць