Менскі працэс 1946 году

Ме́нскі працэ́с 1946 го́ду — судовы працэс над нямецкімі вайсковымі злачынцамі, які адбыўся ў Менску ў студзені 1946 году.

Удзельнікі

рэдагаваць

Судзьдзямі на працэсе былі: генэрал-маёр юстыцыі Кедраў (старшыня), палкоўнікі юстыцыі Сахараў і Вінаградаў (сябры суду), маёр юстыцыі Іваноў (сакратар). Абвінавачваньне прадстаўляў вайсковы пракурор генэрал-маёр юстыцыі Ячэнін. Абарону зьдзяйсьнялі адвакаты Міхальскі, Бядросаў, Савенка, Татарынцаў, Гаўрылаў, Плявака й Пятрэнка (Франц Карл Гес адмовіўся ад адвакату й абараняў сябе сам).

Абвінавачанымі былі 18 прадстаўнікоў нямецкае акупацыйнае ўлады на Беларусі: генэралы, афіцэры, унтэр-афіцэры, шарагоўцы, прадстаўнікі вэрмахту і войскаў СС, паліцыі, гестапа, жандармэрыі, сябры нацыскае партыі й беспартыйныя. Тым самым прысуд выносіўся як бы не толькі пэўным вайсковым злачынцам, але і ўсёй нямецкай ваеннай машыне ў агуле.

Першае паседжаньне Вайсковага трыбуналу адбылося ўвечары 15 студзеня 1946 году ў Менску ў памяшканьні акружнога Дому афіцэраў. Працэс быў адкрытым, на паседжаньнях прысутнічала каля 1000 чалавек, якія прадстаўлялі ўсе вобласьці й раёны БССР. На сцэне за сталом сядзелі судзьдзі, абвінавачаныя сядзелі на 18 лаўках бокам да гледачоў.

Абвінавачваньні зачытваліся цэлы дзень. Падсудныя вінаваціліся ў зьнішчэньні мірных савецкіх грамадзянаў, зьверскіх расправах і зьдзеках з савецкіх ваеннапалонных, масавым згоне грамадзянскага насельніцтва ў нямецкае рабства, разбурэньні гарадоў, вёсак і рабаваньні цывільнага насельніцтва. Судовае сьледзтва цягнулася да 27 студзеня, калі распачаліся спрэчкі бакоў. Большая частка паседжаньняў 28 студзеня была прысьвечаная выступам адвакатаў, якія сьцьвярджалі, што падсудныя, безумоўна, вінаватыя, але заслугоўваюць паблажкі, бо, па-першае, раскаяліся, а па-другое, толькі выконвалі загады вышэйшага кіраўніцтва краіны. Пасьля падсудным было нададзенае права апошняга слова. Усе яны раскайваліся, прасілі літасьці й асуджалі фашызм, толькі камандэр 26-га паліцэйскага палку падпалкоўнік Георг Робэрт Вайсыг папрасіў памілаваць не сябе, а свайго маладога падначаленага, а обэр-лейтэнант СС Ганс Герман Кок абвясьціў, што: «Усе тыя злачынствы, якія я зьдзейсьніў у Расеі, я зьдзейсьніў ня толькі праз паслухмянае выкананьне тых загадаў, якія давалі мае начальнікі, але таксама з прызнаньня й выкананьня расавае тэорыі. Забіваў і зьнішчаў таксама на ўласную ініцыятыву. …Шмат крыві на маіх руках. …У дадзены момант чакаю сьмяротнага прысуду».

Прысуд быў абвешчаны 29 студзеня й быў сустрэты аплядысмэнтамі. 14 з 18-і падсудных (Ёган Георг Рыхерт, Эбэргард Герф, Готфрыд фон Эрдманздорф, Георг Робэрт Вайсыг, Эрнэст Аўгуст Фальк, Ганс Герман Кок, Паўль Карл Айк, Карл Макс Лянгут, Бруна Франц Мітман, Франц Карл Гес, Райнгард Георг Моль, Рольф Оскар Бурхард, Аўгуст Ёзэф Бітнэр, Фішэр) былі асуджаныя да сьмяротнага пакараньня, астатніх (Ганс Ёзэф Хехтль, Бруна Макс Гец, Родэнбуш, Гетэрых) засудзілі да ссылкі на катаржныя працы на тэрмін у 15—20 гадоў.

Пакараньне

рэдагаваць

Зьдзяйсьненьне сьмяротнага пакараньня было прызначанае на 30 студзеня. Месцам для яго быў абраны менскі гіпадром (участак, абмежаваны вуліцамі Ўльянаўская й Чырвонаармейская, а таксама Сьвіслаччу). На беразе Сьвіслачы былі ўсталяваныя 6 т-падобных і 2 г-падобныя шыбеніцы. Да гарызантальных брусоў былі прымацаваныя шыльды з прозьвішчамі ды вайсковымі званьнямі асуджаных. Ля Ўльянаўскае вуліцы была ўсталяваная трыбуна й стоўп з двума раструбамі рэпрадуктараў. Паводле розных сьведчаньняў, сабралося каля 100 тыс. гледачоў.

А 14:25 задняй хадой да шыбеніцаў пад’ехала 14 «Студэбэкераў». Не заглушаючы матораў, жаўнеры адкінулі барты й, узьняўшы на ногі асуджаных, накінулі тым петлі на шыі. Пакараньні пачаліся а 14:30. Першым быў павешаны генэрал-лейтэнат Рыхерт, а за ім і ўсе астатнія.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць