Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар бэнэдыктынаў (Менск)

(Перанакіравана з «Менскі кляштар бэнэдыктынаў»)
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар бэнэдыктынаў
Краіна Беларусь
Места Менск
Архітэктурны стыль барокавая архітэктура[d]
Дата заснаваньня XVII ст.

Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар бэнэдыктынаў — помнік архітэктуры XVIII ст. у Менску. Займаў пляц на Высокім Рынку плошчай 522 м²[1], на рагу Койданаўскай і Фэліцыянаўскай вуліцаў. Твор архітэктуры драўлянага барока.

У склад комплексу ўваходзілі драўляны будынак касьцёла на мураваным падмурку, кляштарны дом зь вялікімі мураванымі скляпамі[2], а таксама гаспадарчыя пабудовы, сад і гарод. Тэрыторую кляштару атачаў драўляны паркан з брамамі, галоўная зь якіх выходзіла на Койданаўскую вуліцу. У сярэдзіне XIX ст. улады Расейскай імпэрыі зруйнавалі касьцёл і кляштар.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Менскую рэзыдэнцыю бэнэдыктынаў, відаць, заснавалі ў 1681 року, менавіта тады ордэну ахвяравалі пляц на Няміскім завулку (пазьней Фэліцыянаўскай вуліцы). Першыя манахі пераехалі ў Менск зь Нясьвіскага кляштару Сьвятога Крыжа.

У XVIII ст. апекунамі кляштару былі харунжы Фларыян Быкоўскі, Соф'я Ваньковіч, Юзаф Габрыель Аскерка, Крыштап Антоні Храпавіцкі, Русецкія і інш. У 1762 року Антоні і Марціна Багушэвічы далучылі да кляштару пляц на Койданаўскай вуліцы, што дало магчымасьць збудаваць новую афіцыну і пякарню. У 1773 року намаганьнямі аббата Сьвідэрскага ўзьвялі касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла (у 1799 року яго грунтоўна адрамантавалі).

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793) касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. У 1797 року пробашчам рэзыдэнцыі быў ксёндз Раман Варанец, які прыехаў сюды зь Нясьвіскага кляштару бэнэдыктынаў. Ён займаўся выхаваньнем хлопчыкаў шляхецкага паходжаньня, якія страцілі бацькоў. Апроч таго, у кляштары быў яшчэ адзін манах[3].

Паводле інвэнтару 1804 року, кляштару належалі тры юрыдыкі. Апроч пляцаў і юрыдык, у валоданьні манахаў знаходзіўся фальварак Басыялаўка (Басалаўка) за Татарскім канцом, які набыў для кляштару ксёндз М. Круковіч у 1703 року[3].

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1833 року расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, а ягоную маёмасьць канфіскавалі. Будынак касьцёла выкарыстоўваўся пад склад. Прыкладна да сярэдзіны XIX ст. усе будынкі кляштару разбурылі, а колішнюю яго тэрыторыю паступова забудавалі жылымі дамамі.

Архітэктура

рэдагаваць

Драўляны авальны ў пляне будынак касьцёла стаяў на мураваным падмурку. Над галоўным паўднёвым фасадам, што выходзіў на Койданаўскую вуліцу, узвышаліся 2 вежы з жалезнымі крыжамі (на правай вежы былі 2 невялікія званы). Паміж вежамі знаходзіўся шчыт, які закрываў тарэц гонтавага даху і завяршаўся крыжом. Перад уваходам быў драўляны ганак.

Інтэр'ер касьцёла ўпрыгожвалі 5 маляўнічых аптычных алтароў, у галоўным зь якіх знаходзіўся абраз Сьвятога Міхала, а над ім вялікі драўляны крыж зь фігурай Езуса. У астатніх алтарах былі абразы Найсьвяцейшай Панны Марыі, Сьвятога Бэнэдыкта, Сьвятога Схалястыкі. Апошні алтар, які знаходзіўся ў капліцы, меў абраз Езуса Назарэтанскага. Над бабінцам узвышаліся хоры зь невялікім арганам.

Будынак кляштару стаяў на рагу Койданаўскай і Фэліцыянаўскай вуліцаў. Гэта быў вялікі двухпавярховы дом з алькежамі, накрыты гонтавым дахам. На першым паверсе ў ім было 2 вялікія пакоі з каморамі і гардэробам і сені з усходамі на другі паверх, дзе былі 2 пакоі зь сенцамі і каморай.

Каля будынку кляштару на падмурку з цэглы стаяў драўляны флігель таксама з алькежамі[4].

  1. ^ Слюнькова И. Монастыри восточной и западной традиций. — М., 2002. С. 188
  2. ^ Дзянісаў У. Кляштар бенедыкцінцаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 311.
  3. ^ а б Дзянісаў У. Менскі кляштар бенедыкцінцаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 292.
  4. ^ Дзянісаў У. Кляштар бенедыкцінцаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 311—312

Літаратура

рэдагаваць
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиций: Наследие архитектуры Беларуси / Рос. акад. архитектуры и строит. наук. — М.: Прогресс-Традиция, 2002. — 600 с.: ил. ISBN 5-89826-093-5.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць