«Малады камуніст» — нелегальная газэта, орган ЦК КСМЗБ. Выдавалася ў 1924—1937 на беларускай і расейскай мовах (асобныя нумары выходзілі на польскай і яўрэйскай мовах). Напачатку друкавалася ў Менску і нелегальна перапраўлялася ў Заходнюю Беларусь, потым у падпольнай друкарні ў Вільні. Арганізатар выданьня і першы рэдактар Вера Харужая.

Публікавала пастановы зьездаў і пленумаў кіруючых органаў УКП(б), ЛКСМБ, КПП, КПЗБ, КСМЗБ, КІМа, матэрыялы пра рэвалюцыйныя сьвяты, жыцьцё працоўнай моладзі, заклікала яе да барацьбы супраць капіталістаў памешчыкаў і асаднікаў, да палітычнага тэрору, выступала за вызваленьне Заходняй Беларусі з-пад улады Польшчы і ўзьяднаньне яе з БССР. Займала прасталінскую пазыцыю ў адносінах да беларускіх нацыянальна-дэмакратычных партыяў, арганізацыяў і іх дзеячаў, крытыкавала г. зв. трацкісцка-зіноўеўскі блёк, правы ўхіл у УКП(б) (артыкулы «За ленінізм супраць трацкізму» (№ 3-4, 1927), «Аб ленінскім выхаваньні КСМЗБ» (№ 1-2, 1929)), даказвала, што без ачышчэньня кампартыі ад правых яна ня зможа выканаць сваю рэвалюцыйную місію.

Заклікала змагацца з правым ухілам у КСМЗБ (арт. «На барацьбу з праваю небясьпекаю ў камсамоле» (№ 3-4, 1929)), інфармавала пра дзейнасьць камсамольскіх арганізацыяў Заходняй Беларусі, давала парады па падрыхтоўцы і правядзеньні мітынгаў, дэманстрацыяў, забастовак (рубрыка «Наша жыцьцё і барацьба»).

Абвінавачвала Антона Луцкевіча ў прапагандзе «культурніцтва», «адзінага нацыянальнага фронту», што, на думку газэты, зьяўлялася «буржуазна-кулацкай палітыкай». Падтрымлівала палітычныя рэпрэсіі супраць беларускіх дзеячаў у БССР. Выйшла каля 50 нумароў.

Літаратура

рэдагаваць
  • Зялінскі, П. «Малады камуніст» / Пётр Зялінскі // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. М — Пуд / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — С. 55. — ISBN 985-11-0141-9.