Маладая Беларусь (палітычны блёк)

Малада́я Белару́сь — моладзевы палітычны блёк, заснаваны «Маладым Фронтам» і шэрагам лідэраў дэмакратычнага руху 14 сакавіка 2004 году. Дзейнічаў на працагу 2004—2005 гадоў.

У праграму «Маладой Беларусі» ўваходзілі тэзы свабоды, незалежнасьці і пераменаў. Блёк меў на мэце дамагацца эўрапейскага выбару, нацыянальнага і духовага адраджэньня Беларусі й стварэньня моцнай ды эфэктыўнай эканомікі.

Гісторыя рэдагаваць

14 сакавіка 2004 году шэрагам лідэраў дэмакратычнага руху, было абвешчана аб стварэньні перадвыбарчага блёку «Маладая Беларусь» і агучаны сьпіс з 36 кандыдатаў на парлямэнцкія выбары. Касьцяком аб’яднаньня стаўся «Малады Фронт». У перадвыбарчы блёк увайшлі таксама сябры Партыі БНФ, БСДГ, незалежныя кандыдаты. Прадстаўнікі «Маладой Беларусі», сярод якіх можна пералічыць такіх грамадзка-палітычных дзеячоў, як Вячаслаў Сіўчык, Сяржук Бахун, Аляксей Шэін, Кастусь Лукашэвіч, Зьміцер Дашкевіч, Алесь Зарэмбюк, абралі лідэрам перадвыбарчага блёку Паўла Севярынца.

З 36 анансаваных сяброў перадвыбарчага блёку ініцыятыўную групу зарэгістравалі 14 чалавек, 11 здалі подпісы ў сваю падтрымку і толькі 4 былі зарэгістраваныя ЦВК кандыдатамі ў дэпутаты.

Непасрэдна перад выбарамі, 20 жніўня, Андрэй Саньнікаў і Мікалай Статкевіч ад імя Эўрапейскай кааліцыі «Свабодная Беларусь», Валер Фралоў ад імя «Рэспублікі» і Зьміцер Дашкевіч ад імя «Маладой Беларусі» падпісалі пагадненьне пра супрацоўніцтва. Лідэры перадвыбарчых блёкаў дамовіліся аб каардынацыі дзеяньняў падчас выбараў і стварэньні адзінага сьпісу кандыдатаў.

Пасьля агучваньня Лукашэнкам ініцыятывы аб правядзеньні рэфэрэндуму, выбары для кандыдатаў адышлі на другі плян, і сябры «Маладой Беларусі» сканцэнтраваліся на агітацыі супраць папраўкі да Канстытуцыі Беларусі, якая б дазваляла любому кандыдату балятавацца неабмежаваную колькасьць разоў на пасаду прэзыдэнта. 7 верасьня, падчас агучваньня Лукашэнкам рэфэрэндуму, сябры «Маладой Беларусі» правялі акцыю пратэсту, за якую адзін зь лідэраў «Маладой Беларусі» — Зьміцер Дашкевіч, быў арыштаваны на 10 сутак.

Паводле «Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў», напярэдадні выбараў рэйтынг «Маладой Беларусі» складаў 15,9%[1].

На паседжаньні «Маладой Беларусі» 29 чэрвеня 2005 году лідэрам аб’яднаньня быў абраны Зьміцер Дашкевіч.[2] «Маладая Беларусь» прыняла рашэньне працягнуць сваю дзейнасьць, прыняўшы ўдзел у стварэньні АДС і правядзеньні агульнага кангрэсу дэмакратычных сілаў 12 кастрычніка 2005 году.

Разам з тым, палітоляг Андрэй Казакевіч адзначаў, што патэнцыялу «Маладога Фронту», які складаў аснову «Маладой Беларусі», было недастаткова для фармаваньня самастойнай палітычнай сілы.[3]

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Менск). «Шлях апазіцыі да поспеху ляжыць праз яе кансалідацыю». 15 ліпеня 2004 г. (архіўная копія).
  2. ^ Маладая Беларусь прыме ўдзел у кампаніі 2006—2007 г. (архіўная копія)
  3. ^ Андрэй Казакевіч. Палітычнае разьвіцьцё апазыцыі ў 2003—2004 гг.