Ло́ўрэнс Марк Сэ́нгер, больш вядомы як Ла́ры Сэ́нгер (па-ангельску: Lawrence Mark «Larry» Sanger; нарадзіўся 16 ліпеня 1968 году) — адзін з заснавальнікаў і галоўны рэдактар Вікіпэдыі ў пэрыяд працы ў кампаніі «Боміс» (па-ангельску: «Bomis»).

Лоўрэнс Сэнгер (2006)

Біяграфія

рэдагаваць

Лары Сэнгер нарадзіўся ў горадзе Бэльвэ (штат Вашынгтон), а вырас у Анкорыджы, на поўдні Аляскі. Ён стаў бакаляўрам філязофіі ў Каледжы Рыда ў 1991 годзе. У 2000 годзе Ўнівэрсытэт Агаё прысвоіў яму статус доктара філязофіі. У сваёй навуковай дзейнасьці Сэнгер дасьледаваў праблему мэта-апраўданэняў, яго тэзіснае эсэ звалася «Epistemic Circularity: An Essay on the Problem of Meta-Justification».

З канца красавіка да канца ліпеня 2001 году жыў у Іжэўску.[1][2][3]

Вікіпэдыя

рэдагаваць

У 2000 годзе заснавальнік кампаніі «Боміс» (па-ангельску: «Bomis») Джымі Ўэйлз наняў Лары Сэнгера ў якасьці галоўнага рэдактару для новай вольнай энцыкляпэдыі «Нупэдыя» (па-ангельску: Nupedia). Энцыкляпэдыя складалася навукоўцамі на добраахвотнай аснове, артыкулы энцыкляпэдыі праходзілі экспэртную адзнаку. Таму разьвіцьцё Нупэдыі праходзіла вельмі павольна.

Пасьля знаёмства з канцэпцыяй вікі, Лары Сэнгер прапанаваў Ўэйлзу ўжыць гэтую канцэпцыю да энцыкляпэдыі, каб паскорыць напаўненьне Нупэдыі. Гэта прывяло да стварэньня вэб-сайту Вікіпэдыі, якая першапачаткова задумлялася для папярэдняй распрацоўкі матэрыялаў, якія потым былі бы разьмешчаныя ў Нупэдыі. Так 15 студзеня 2001 году Сэнгер стаў адзіным у гісторыі Вікіпэдыі аплачваным рэдактарам. Ён прапрацаваў у гэтай пасадзе да сваёй адстаўкі 1 сакавіка 2002 году. Афіцыйным чыньнікам адстаўкі было абвешчана скарачэньне штату. Быўшы галоўным рэдактарам Вікіпэдыі, Сэнгер прыдумаў саму назву праекту — «Вікіпэдыя», а таксама сфармуляваў асноўную частку палітыкі, прынцыпаў і правіл Вікіпэдыі і яе супольнасьці.

Пасьля адстаўкі Сэнгера, Ўэйлз стаў адмаўляць ролю Сэнгера як заснавальніка Вікіпэдыі. Ён прызнаваў важнасьць яго заслуг, але сьцьвярджаў, што Сэнгер рабіў усё пад яго строгім кіраўніцтвам і быў усяго толькі найманым працаўніком. Тым ня менш, большасьць энтузіястаў Вікіпэдыі прызнаюць Лары Сэнгера «сазаснавальнікам» Вікіпэдыі разам з Ўэйлзам.

Адстаўка

рэдагаваць

У сваім разьвітальным лісьце, Лары Сэнгер напісаў, што ня можа больш займацца Вікіпэдыяй нават на добраахвотнай аснове, паколькі ў яго няма для гэтага досыць вольнага часу. Пазьней у сваёй заяве[4] ён дадаў, што «у праекце існавала атрутная сацыяльная і палітычная атмасфэра», зь якой ён ня мог мірыцца. Тым ня менш пасьля звальненьня Сэнгера праект Вікіпэдыі працягнуў свой бурны рост і ўвайшоў у сотню самых папулярных сайтаў Сусьветнага павуціньня. Нупэдыя ж без удзелу Сэнгера спыніла сваё існаваньне ў тым жа 2002 годзе.

У сьнежні 2004 году Лары Сэнгер напісаў для сайту «Kuro5hin» крытычны артыкул[4]. У ім ён заявіў, што хоць «высока ацэньвае вартасьць Вікіпэдыі», і што добра ведае і падтрымлівае «місію і памяркоўную палітыку Вікіпэдыі», але ўсё жа ў праекту маюцца сур’ёзныя праблемы. Сэнгер напісаў, што існуе крызіс даверу да праекту з боку грамадзтва, і што праект злучыў «цяжкіх людзей, тролей і іх натхніцеляў у злаякасную пухліну». Гэтыя праблемы, па меркаваньні Сэнгера, выцякаюць з-за «анты-элітарызму» праекту, яго пагарды да ўсяго элітарнага і адсутнасьці павагі да экспэртаў. Гэты артыкул Лары Сэнгера выклікаў шырокі рэзананс у асяродзьдзі блоггераў і нават у сродках масавай інфармацыі.

Пасьля Вікіпэдыі

рэдагаваць

Пасьля звальненьня Сэнгер вярнуўся ў сьвет навукі і цяпер выкладае філязофію ва Ўнівэрсытэце Агаё. Сэнгер захоплены эпістэмалёгіяй з акцэнтам на філязофіі XVII стагодзьдзя і этыцы. У вольны час Лары Сэнгер выкладае і сам выконвае на скрыпцы ірляндзкую народную музыку ў гарадах Дэйтане і Калюмбусе ў штаце Агаё.

Сэнгер таксама быў заснавальнікам і галоўным рэдактарам «Агляду навін Y2K ад Сэнгера»[5] (па-ангельску: «Sanger’s Review of Y2K News Reports») для тых, хто чакаў глябальнай катастрофы з наступам 2000 году. Ён таксама кіруе сайтам аб скрыпічных традыцыях Данэголу.

У сьнежні 2005 году стала вядома[6], што Сэнгер удзельнічае ў стварэньні праекту, альтэрнатыўнага Вікіпэдыі. Па яго словах, новы партал[7], улучальны ў сябе акрамя іншага энцыкляпэдыю, будзе больш абапірацца на веды экспэртаў. Назва новага парталу — «Лічбавы Сусьвет» (па-ангельску: «Digital Universe»). Для кіраўніцтва новым праектам, Лары Сэнгер ужо заснаваў фірму — «Фонд лічбавага Сусьвету» (па-ангельску: «Digital Universe Foundation»). Для праекту было сабрана 10,5 млн даляраў, і ў студзені 2006 году праект зьявіўся ў Інтэрнэце. Пілётная вэрсія праекту налічае прыблізна 50 парталаў. Некаторыя карыстачы адзначалі, што сыстэма навігацыі гэтай пілётнай вэрсіі — складаная і незразумелая.

У верасьні 2006 Сэнгер абвясьціў аб стварэньні форка Вікіпэдыі — праекце «Citizendium», мэта якога — пазбавіцца ад слабых месцаў Вікіпэдыі. Асноўнае адрозьненьне «Citizendium» складаецца ў адсутнасьці ананімнага рэдагаваньня — каб пачаць працу, кожны аўтар павінен будзе прадставіцца і паведаміць сваё сапраўднае імя.

27 верасьня 2006 году Сэнгер узяў «адпачынак» у «Лічбавым Сусьвеце», каб заснаваць цалкам незалежны фонд «Citizendium». У першым прэс-рэлізе 17 кастрычніка 2006 году Сэнгер заявіў[8], што гэты фонд «хутка паспрабуе зрушыць Вікіпэдыю зь месца аднаго з асноўных крыніц інфармацыі ў сетцы».

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Лары Сэнгерсховішча мультымэдыйных матэрыялаў