Эпістэмалёгія

філязофская дысцыпліна


Эпістэмалёгія (ад грэцкага: ἐπιστήμη — «веды» й λόγος — «навука») альбо тэорыя ведаў — тэорыя спазнаньня ці разуменьня сьвету, разьдзел філязофіі, які вывучае характар і межы ведаў[1], а таксама абґрунтаваньне й рацыянальнасьць веры. Эпістэмалёгія тлумачыць, чаму наш розум мае стаўленьне да рэчаіснасьці й наколькі гэтыя стасункі ёсьць сапраўднымі альбо несапраўднымі. Навука дазваляе адрозьніць праўду ад ілжывасьці, калі мы атрымліваем веды ад навакольнага сьвету. Паколькі вывучэньне эпістэмалёгіі дазваляе нам зразумець пра тое, як мы думаем, гэта карысны мэтад ацэнкі сьвету вакол нас. Адпаведна, без эпістэмалёгіі ў людзей не было б падставаў для даверу сваім думкам і дзеяньням.

Традыцыйна эпістэмалёгія атаясамляецца з тэорыяй пазнаньня. Аднак у неклясычнай філязофіі можа быць зафіксавана тэндэнцыя да разьдзяленьня эпістэмалёгіі й гнасэалёгіі, што было заснавана на зыходнай катэгарыяльнай апазыцыі. Калі гнасэалёгія разгортвае свае ўяўленьні вакол апазыцыі «суб’ект — аб’ект», тады для эпістэмалёгіі базавай ёсьць апазыцыя «аб’ект — веданьне». У эпістамалёгіі традыцыйна разглядаюцца пытаньні:

  • Што такое веданьне?
  • Як мы атрымоўваем веды?
  • Як мы ведаем, што мы ведаем?

Большая частка дэбатаў у гэтай вобласьці была засяроджана на аналізе прыроды ведаў і пратое, як яна сустасуецца са зьвязанымі паняткамі, як то ісьціна, вера й абґрунтаваньне. Яна таксама вывучае сродкі вытворчасьці ведаў, а таксама ставіцца са скэптыцызмам да розных ведаў. Тэрмін «эпістэмалёгія» быў уведзены шатляндзкім філёзафам Джэймзам Фрэдэрыкам Фэр’е[2] й актыўна ўжываўся ў анґельска-амэрыканскай філязофіі XX стагодзьдзя. У фізыцы канцэпцыя эпістэмалёгіі мае жыцьцёва важнае значэньне ў сучаснай інтэрпрэтацыі квантавае мэханікі, і выкарыстоўваецца шматлікімі аўтарамі для аналізу працы дамінуючых фізыкаў, як то Вэрнэр Гайзэнбэрг, Макс Борн і Вольфганг Паўлі.

Многія філёзафы мяркуюць, што веды паходзяць з розуму. Людзі маюць здольнасьць разважаць, і, такім парадкам, яны могуць атрымліваць веды з гэтых разважаньняў. Іншыя філёзафы сьцьвярджаюць, што людзі становяцца дасьведчанымі толькі тады, калі адчуваюць жыцьцёвыя сытуацыі й маюць непасрэдны кантакт з навакольным сьветам. Гэтыя філёзафы настойваюць, што чалавек можа атрымаць веды толькі тады, калі адчувае жыцьцё сваімі ўласнымі пачуцьцямі[3].

  1. ^ «Encyclopedia of Philosophy», Volume 3, 1967, Macmillan, Inc.
  2. ^ Encyclopaedia Britannica Online, 2007
  3. ^ Epistemology: Definition & Examples. Study.com.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць