Кіта́йскі пако́й — уяўны экспэрымэнт, апісаны Джонам Сёрлем, у якім крытыкуецца магчымасьць мадэляваньня чалавечага разуменьня натуральнае мовы, стварэньня так званага «моцнага штучнага інтэлекту», у тым ліку крытыкуе і Т’юрынгаў тэст.

Экспэрымэнт быў прапанаваны ў 1980 годзе ў артыкуле «Minds, Brains, and Programs» («Розум, мозг і праграмы»).

Уяўны экспэрымэнт рэдагаваць

У папулярным артыкуле «Is the Brain’s Mind a Computer Program?» («Ці зьяўляецца мазгавое мысьленьне кампутарнай праграмай?»), апублікаваным у 1990 годзе, Сёрль апісвае экспэрымэнт наступным чынам:

Возьмем, напрыклад, якую-небудзь мову, якую вы не разумееце. Для мяне такой мовай зьяўляецца кітайская. Тэкст, напісаны па-кітайску, я ўспрымаю як набор бессэнсоўных каракуляў. Цяпер уявім, што мяне зьмясьцілі ў пакой, у якім расстаўленыя кошыкі, поўныя кітайскіх герогліфаў. Уявім таксама, што мне далі падручнік на ангельскай мове, у якім прыводзяцца правілы спалучэньня сымбаляў кітайскае мовы, прычым правілы гэтыя можна прымяняць, ведаючы адно форму сымбаляў, разумець іх значэньне зусім неабавязкова. Напрыклад, правілы могуць казаць: «Вазьміце пэўны герогліф з кошыку нумар адзін і зьмесьціце яго побач з пэўным герогліфам з кошыку нумар два».

Уявім, што за дзьвярыма пакою знаходзяцца людзі, якія разумеюць кітайскую мову і перадаюць у пакой наборы сымбаляў, і што ў адказ я маніпулюю сымбалямі паводле правілаў і перадаю назад іншыя наборы сымбаляў. У дадзеным выпадку кніга правілаў ёсьць ня йначай «кампутарная праграма». Людзі, што напісалі яе, — «праграмоўцы», а я граю ролю «кампутара». Кошыкі, напоўненыя сымбалямі, — гэта «база зьвестак»; наборы сымбаляў, перадаваных у пакой, гэта «пытаньні», а наборы, што выходзяць з пакою, гэта «адказы».

Уявім далей, што кніга правілаў напісаная такім чынам, што мае «адказы» на «пытаньні» не адрозьніваюцца ад адказаў чалавека, які вольна валодае кітайскай. Напрыклад, людзі звонку могуць перадаць незразумелыя мне сымбалі, якія азначаюць: «Які колер вам найбольш падабаецца?» У адказ, выканаўшы апісаныя ў правілах маніпуляцыі, я выдам таксама незразумелыя мне сымбалі, якія азначаюць, што мой любімы колер сіні, але мне таксама вельмі падабаецца зялёны. Такім чынам, я выканаю тэст Т’юрынга на разуменьне кітайскае мовы. Але ўсё ж насамрэч я не разумею ні каліўца па-кітайску. Да таго ж я ніяк не магу засвоіць гэтую мову ў разгледжанай сыстэме, бо не існуе ніякага спосабу, з дапамогаю якога я мог бы даведацца сэнс хоць бы аднаго сымбаля. Нібыта кампутар, я маніпулюю сымбалямі, але не магу прыдаць ім аніякага сэнсу.

Фармалізацыя рэдагаваць

Упершыню Сёрль сфармуляваў сваю ідэю больш фармалізавана ў 1984 годзе. У 1990 годзе ён прадставіў яе наступным чынам:

  • Перадумова 1: Мозг спараджае розум.
  • Перадумова 2: Сынтаксісу недастаткова для інсаваньня сэмантыкі.
  • Перадумова 3: Кампутарная праграма цалкам вызначаецца сваёй сынтаксычнай будовай.
  • Перадумова 4: Чалавечы розум апэруе сэнсавым зьместам (сэмантыкай).

І робіць заключэньні:

  • Выснова 1: Праграмы не зьяўляюцца сутнасьцю розуму, і іхняе наяўнасьці недастаткова для наяўнасьці розуму.
  • Выснова 2: Той спосаб, пасродкам якога чалавечы мозг на самой справе параджае мэнтальныя зьявы, ня можа зводзіцца толькі да выкананьня кампутарнай праграмы.
  • Выснова 3: Тое, што спараджае розум, павінна валодаць прынамсі прычынна-выніковымі ўласьцівасьцямі, эквівалентнымі адпаведным уласьцівасьцям мозгу.

Дыскусія рэдагаваць

Уяўны экспэрымэнт выклікаў інтэнсыўную дыскусію сярод навукоўцаў. Існуюць розныя аргумэнты супраць вынікаў, атрыманых Сёрлем:

  • Некаторыя крытыкі лічаць, што тэст Т’юрынга вытрымаў не чалавек, а сыстэма, якая складаецца з пакою, кнігі правілаў і чалавека. Сёрль, на іхнюю думку, адцягвае ўвагу ад гэтага факту, канцэнтруючыся на адным са складнікаў сыстэмы, які ў дадзеным выпадку выконвае чыста мэханічную працу. Сыстэма з кнігі правілаў, чалавека і пакою, паводле іхняга меркаваньня, зьяўляецца разумнай і разумее кітайскую мову.
  • Іншыя мяркуюць, што ніякае сэмантыкі не існуе ў прынцыпе: усё, што адбываецца ў мозгу, адно толькі маніпуляваньне сынтаксісам, якое адбываецца і ў кампутарах.
  • На думку Станіслава Лема[1], разуменьня ў самім «кітайскім пакоі» сапраўды не існуе, але яно ёсьць у мозгу яе стваральніка — таго, хто распрацаваў сыстэму правілаў працы з герогліфамі для ўдзельніка экспэрымэнта. «Работа заўжды асэмантычна фармальная», і гэта ня можа быць падставай да сьцьвярджэньня пра адсутнасьць разуменьня. Аўтар экспэрымэнту павінен быў заранёў прадугледзець усе камбінацыі пытаньняў і адказаў ці прыдумаць прынцып падбору адказу на пытаньне. У рэальных умовах пры стварэньні меркаванага штучнага інтэлекту наўрад ці падобнае будзе магчымым.

Крыніцы і заўвагі рэдагаваць

  1. ^ Станіслаў Лем, артыкул «Тайна кітайскага пакою» (Лем С. «Молох», М:. АСТ: Транзиткнига, 2005, с.246-255)

Літаратура рэдагаваць

  • Searle, John. R. (1980) Minds, brains, and programs. Behavioral and Brain Sciences 3 (3): 417—457 (Джон Сёрль, статья «Разум, мозг и программы», 1980)
  • Джон Сёрль, книга «Minds, Brains, and Science» («Разум, мозг и наука», 1984)
  • Пол М. Черчленд и Патриция Смит Черчленд («Может ли машина мыслить?», «В мире науки», 1990, № 3, с. 14)
  • Searle, John. R. Is the Brain’s Mind a Computer Program?. Scientific American, Jan. 1990, pp. 26-31 (Джон Сирл, статья «Разум мозга — компьютерная программа?» (рас.) «В мире науки», 1990, № 3, с. 7-13)