Кола дзі Рыенца

італьянскі палітык

Кола дзі Рые́нца (па-італьянску: Cola di Rienzo), сапраўднае імя Нікаля дзі Лярэнца Габрыні (па-італьянску: Nicola di Lorenzo Gabrini; 1313 — 8 кастрычніка 1354) — італьянскі палітычны дзеяч.

Кола дзі Рыенца
Дата нараджэньня 1313
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 8 кастрычніка 1354
Месца сьмерці
Занятак палітык

Паводле адукацыі быў натарыюсам. 3 1334 жыў у Рыме, вывучаў антычныя помнікі і літаратуру. Падзяляў гуманістычныя погляды Франчэскі Пэтраркі ды марыў аднавіць дзяржаўны лад старажытнай Рымскай рэспублікі і былую веліч Рыму. У прамовах выкрываў беззаконьні фэадальных магнатаў, якія апанавалі Рым у час авіньёнскага паланеньня папаў. Пасьля перамогі народнага паўстаньня ў траўні 1347 году і абвяшчэньня Рымскай рэспублікі Кола дзі Рыенца быў абраны ейным народным трыбунам, то бок кіраўніком. Ён адабраў у фэадалаў замкі, упарадкаваў падаткі, скасаваў мытныя зборы. У жніўні 1347 году абвесьціў аднаўленьне правоў рымскага народу, а Рым — сталіцай сьвету. У сьнежні 1347 году быў скінуты фэадальнай клікай Калёна, пасьля чаго ўцёк. У 1350 быў арыштаваны арцыбіскупам Прагі, бо шукаў там падтрымкі імпэратара Карла IV, і зьняволены ў папскай турме Авіньёну. У 1352 годзе быў адлучаны ад царквы. Новы папа Інакенцыюс IV выкарыстаў Кола дзі Рыенцу дзеля аднаўленьня сваіх правоў у Папскай дзяржаве і накіраваў яго туды ў канцы 1353 году з палітычнай місіяй. 1 жніўня 1354 году дзі Рыенца з дапамогай наймітаў увайшоў у Рым і зноў ачоліў Рымскую рэспубліку. Аднак павелічэньне падаткаў, праведзенае з мэтай забясьпячэньня ўтрыманьня найманых войскаў дзеля барацьбы з фэадаламі, і тыранічныя мэтады ягонага кіраваньня выклікалі народнае паўстаньне ужо ў кастрычніку таго ж году. Падчас паўстаньня быў забіты.

  1. ^ а б Кола ди Риенцо // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.

Літаратура

рэдагаваць