Клюб 27
«Клюб 27» (па-ангельску: 27 Club) — аб’яднаная назва музыкаў, якія ў значнай ступені паўплывалі на станаўленьне й разьвіцьцё музыкі стыляў рок ды блюз і памерлі ва ўзросьце 27 гадоў, часам пры дзіўна склаўшыхся абставінах[1][2].
Музыкі, далучаныя да «Клюбу 27»
рэдагавацьПершым у сьпісе зь сямі музыкаў апынуўся Робэрт Джонсан (паводле меркаваньня шэрагу крытыкаў ён можа лічыцца першым сябрам «Клюбу 27»)[3]. У сьпіс таксама ўвайшлі Джымі Гэндрыкс, Джым Морысан ды Джэніс Джоплін. Найгалоўнейшай дэтальлю іх сьмерці, што дала штуршок для стварэньня «Клюбу», зьяўляецца тое, што яны памерлі за прамежак часу ў 10 месяцаў.
Пазьней да сьпісу быў далучаны Браян Джонз; пры гэтым Морысан і Джонз памерлі ў адзін дзень, але з розьніцай у два гады.
Затым у «Клюб» быў уключаны Курт Кабэйн, які памёр у 1994 годзе, на піку папулярнасьці[4].
Пасьля сьмерці ў 2011 годзе ангельскай сьпявачкі Эмі Ўайнгаўс яе прылічылі да «Клюбу» шматлікія выданьні[2][5][6][7].
Здымак | Імя | Дата народзінаў | Дата сьмерці | Прычына сьмерці | Чым знакаміты |
---|---|---|---|---|---|
Робэрт Джонсан | 8 траўня 1911 | 16 жніўня 1938 | Афіцыйная вэрсія — застрэлены раўнівым мужам адной з каханак. Паводле іншае вэрсіі — атручаны стрыхнінам | Блюзмэн. Адзін з найбольш вядомых блюзмэнаў XX ст. | |
Браян Джонз | 28 лютага 1942 | 3 ліпеня 1969 | Патануў у басэйне, паводле непацьверджанных зьвестак — быў забіты[8]. | Заснавальнік гурту «The Rolling Stones», гітарыст/мультыінструмэнталіст. | |
Джымі Гэндрыкс | 27 лістапада 1942 | 18 верасьня 1970 | Сьмерць была выкліканая перадазіроўкай снатворнага, што зьмяшалася ў арганізьме сьпевака з амфэтамінам, прынятым раней. | Лічыцца найлепшым гітарыстам за ўсю гісторыю рок-музыкі[9], аўтар песень, вакаліст | |
Джэніс Джоплін | 19 студзеня 1943 | 4 кастрычніка 1970 | Перадазіроўка наркотыкаў. | Адна з найвыдатнейшых «белых» выканаўцаў блюзу[10]. | |
Джым Морысан | 8 сьнежня 1943 | 3 ліпеня 1971 | Афіцыйная вэрсія — сэрцавая няздатнасьць. Аднак існуе меркаваньне, што прычынай сьмерці магла стаць перадазіроўка наркотыкаў і забойства. | Паэт, вакаліст, аўтар песень, саліст і лідэр гурту «The Doors» [11]. | |
Курт Кабэйн | 20 лютага 1967 | 5 красавіка 1994 | Афіцыйная вэрсія — застраліўся з драбавіку. Аднак многія трымаюцца думкі, што гэта было забойства. | Вакаліст, гітарыст, аўтар песень. Лідэр гурта «Nirvana». Адзін з ідалаў рок-музыкі ў стыле гранж. | |
Эмі Ўайнгаўс | 14 верасьня 1983 | 23 ліпеня 2011 | Алькагольнае атручаньне[12]. | Ангельская R&B-, джаз-, соўл-сьпявачка. «Greatest Britons-2007»(en) за музычныя дасягненьні. |
Крытыка
рэдагавацьКрытыкі фэномэну «Клюбу 27» сьцьвярджаюць, што статыстычны аналіз зьвестак пра сьмерці рок-музыкаў паказвае, што яны паміраюць ва ўзросьце 27 гадоў не часьцей, чым у любым іншым узросьце. З гэтай прычыны існаваньне «Клюбу» называецца вынікам неаб’ектыўнага адбору фактаў і выпадковых супадзеньняў. Аднак варта адзначыць, што досьледы паказваюць, што колькасьць сьмяротных выпадкаў у клястары ўзростаў 20—30-гадовых музыкаў у 1970-я гады й на пачатак 1980-х сярод маладых музыкаў у 2—3 разы перавышае сьмяротнасьць звычайнага насельніцтва (у прыватнасьці, Вялікай Брытаніі)[13][14].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ After Nirvana Show airs on Saturday 3rd April 2100—2200
- ^ а б the27s.com, «The 27s: The Greatest Myth of Rock & Roll»
- ^ Robert Johnson Founds the '27 Club' With Devil Pact — Twisted Tales
- ^ Heavier than Heaven: A Biography of Kurt Cobain
- ^ Amy Winehouse Joins Unfortunate «27 Club» // «Forbes»
- ^ Amy Winehouse, 27, found dead at her London flat after suspected 'drug overdose' // Daily Mail
- ^ «Жыццё — труба, а я манетка, што катаецца па ейных сценах»(недаступная спасылка) // «Наша Ніва»
- ^ Bruno, Anthony. «Death by Misadventure», CourtTV Crime Library
- ^ 100 Greatest Guitarists of All Time. Rolling Stone (August 27, 2003)
- ^ Janis Joplin
- ^ «Morrison poem backs climate plea», BBC News, January 31, 2007.
- ^ Судмедэкспертиза объяснила смерть Эми Уайнхаус алкогольным отравлением
- ^ Ученые разоблачили феномен «клуба 27»
- ^ Is 27 really a dangerous age for famous musicians? A retrospective cohort study