Канатопская бітва
Канатопская або Сасноўская бітва (27 чэрвеня — 29 чэрвеня / 7 ліпеня — 9 ліпеня 1659) — бітва паміж аб’яднанымі войскамі гетмана Івана Выгоўскага і Крымскага ханства і маскоўскай арміяй каля мястэчка Канатоп (сучасная Сумская вобласьць). Адна з найбольш значных бітваў вайны Расеі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гг. і расейска-ўкраінскай вайны 1658—1659 гг..
Канатопская бітва | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Гетманшчына Крымскае ханства | Маскоўскае царства Казакі Івана Бяспалага | ||||||||
Камандуючыя | |||||||||
Іван Выгоўскі Іван Багун Рыгор Гуляніцкі Мэхмэд-Гірэй IV | Аляксей Трубяцкі Сямён Пажарскі Іван Бяспалы | ||||||||
Колькасьць | |||||||||
14 000—22 000 казакоў (у тым ліку 4000 гарнізону Канатопа) 4000 наймітаў (палякаў, сэрбаў і валахаў) 15 000—25 000 татараў | 28 000—50 000 маскавітаў каля 6600 казакоў Бяспалага | ||||||||
Страты | |||||||||
4000 казакоў і 6000 татараў забітымі | каля 30 000 забітых (афіцыйна 4769 маскавітаў і 2000 казакоў) | ||||||||
Перадумовы
рэдагавацьБітва адбылася падчас вайны Расеі з Рэччу Паспалітай (1654—1667). Умяшальніцтва Маскоўскага царства ва ўнутраныя справы ўкраінскіх казакоў, а таксама тэрытарыяльныя спрэчкі адносна заваяваных Войскам Запароскім тэрыторыяў паўднёва-ўсходняй Беларусі і невыкананьне маскоўскім царом Пераяслаўскай дамовы прывялі да абвастрэньня стасункаў Гетманшчыны з Масковіяй.
Пасьля прыходу да ўлады Выгоўскі праводзіў антысацыяльную праалігархічную палітыку[1][2][3], а яго абраньне гетманам на старшынскім, а не на генэральным сходзе фактычна азначала нелегітымнасьць яго абраньня. Рэпрэсіі ў войску[4] пазбавілі гетмана шырокай народнай і казацкай падтрымкі[5].
У сваю чаргу, маскоўскія ваяводы ўсяляк спрыялі абвастрэньню грамадзянскай вайны ва Ўкраіне, якую ў сучаснай украінскай гістарыяграфіі прынята называць Руінай. У гэтых складаных умовах Выгоўскі заключыў і дамагаўся выкананьня Гадзяцкай дамовы, паводле якой Украіна вярталася ў склад Рэчы Паспалітай як Вялікае княства Рускае і атрымлівала роўныя правы з Польшчай і Літвой. Таксама на яе тэрыторыі скасоўвалася дзеяньне Берасьцейскай уніі і гарантаваліся правы Кіеўскай праваслаўнай царквы. Але ў траўні 1659 году сойм Рэчы Паспалітай ратыфікаваў дамову ў значна скарочаным выглядзе, выкрасьліўшы зь яго асноўныя пункты, якія ў тым ліку датычыліся і стварэньня Вялікага княства Рускага[6].
Увосень 1658 году пачалося маскоўскае ўварваньне ва Ўкраіну. Злучыўшыся з ворагамі Выгоўскага — Іванам Бяспалым, есаулам Варанько і казакамі запароскага кашавога атамана Барабаша, армія Рыгора Рамаданоўскага захапіла шэраг украінскіх гарадоў, у прыватнасьці Міргарад, Лубны і Пірацін. Падчас захопу гарадоў ня толькі выразаліся прыхільнікі гетмана, але і рабавалася мірнае насельніцтва. Летапісец таго часу так апісвае рабаваньне Рамаданаўскім Канатопу:
«Він зустрів процесією від громадян міста, помолився і перехрестився перед ними по-христіянські, але пограбував місто і його мешканців по-татарськи і сказав «що: винуватого Бог знайде, а війська треба потішити і нагородити за праці, в поході понесені».[7]
Такія паводзіны маскоўскага войска схіляла на бок Выгоўскага ўсё больш казакоў і мірнага насельніцтва. Тым часам вясной 1659 году вялізная маскоўская армія (больш за 150 000 чал.)[8] ваяводы Аляксея Трубяцкога ўступіла ва Ўкраіну на дапамогу Рамаданаўскаму. Да маскоўскага войска далучылася частка казацтва — ворагі Выгоўскага ў грамадзянскай вайне — на чале з прызначаным маскавітамі «гетманам» Бяспалым. Празь некаторы час загон (атрад) нежынскага палкоўніка Гуляніцкага напаў на абоз арміі Трубяцкога і, адыходзячы, нечакана захапіў Канатоп. Нягледзячы на ўгаворы і пагрозы, Гуляніцкі адмовіўся здрадзіць Выгоўскаму і з 4-тысячным атрадам казакоў абараняў Канатопскую фартэцыю. Маскавіты вырашылі працягваць паход ва Ўкраіну пасьля захопу Канатопу. 21 красавіка 1659 году пачалася аблога гораду.
Аблога Канатопу
рэдагавацьКанатоп быў слаба ўмацаваны, з ваенна-інжынэрнага пункту гледжаньня таго часу наогул не зьяўляўся фартэцыяй. Абарону гораду забясьпечвалі толькі земляны вал і палісад з ровам, але горад знаходзіўся ў дрыгвяной мясцовасьці, што спрыяла абароне. 21 красавіка а 5-й гадзіне раніцы, пасьля набажэнства, князь Трубяцкі пачаў прыступ, пасьля абстрэлу з гарматаў маскавіты атакавалі горад. Некаторыя маскоўскія атрады здолелі ўварвацца ў фартэцыю, але казакі Г. Гуляніцкага мужна бараніліся і вымусілі маскоўскіх ратнікаў адступіць з гораду зь вялікімі стратамі. Першы штурм праваліўся.
Пасьля такога правалу Трубяцкі ўжо не адважваўся ісьці на адкрыты прыступ. Замест гэтага ваявода працягваў абстрэл гораду з гарматаў і засыпаў зямлёй роў. Але штоноч казакі выкарыстоўвалі насыпаную зямлю для ўмацаваньня валаў фартэцыі, а таксама рабілі вылазкі, нападаючы на маскоўскія войскі побач з горадам. Імкнучыся ўнікнуць стратаў у войску ад частых нападаў казакоў, Трубяцкі быў вымушаны перанесьці галоўны лягер войска на 10 км ад гораду ва ўрочышча Таборышча на паўднёвай ускраіне вёскі Падліпнай. Некаторыя лічаць, што толькі падчас аблогі Канатопу маскоўскія войскі страцілі каля 10 000 чалавек.
70 дзён, да 29 чэрвеня, 4-тысячны атрад Гуляніцкага ўтрымліваў фартэцыю супраць шматтысячнага войска Трубяцкога, што дазволіла Выгоўскаму арганізаваць сваё ўласнае войска, атрымаць дапамогу ад Рэчы Паспалітай і Крымскага ханства і нават сабраць наймітаў. Да казакоў Выгоўскага далучыліся польскія добраахвотніцкія конныя атрады Патоцкага, Ябланоўскага і пяхота Ланчынскага. Стаўку гетмана ахоўвалі атрады сэрбскіх і малдаўскіх наймітаў (каля 3800 чалавек). З крымскім ханам Мухамэдам-Гірэем IV было заключана пагадненьне аб дапамозе; на пачатку чэрвеня хан зьявіўся з 30-тысячным войскам.
Бітва
рэдагавацьАрмія Выгоўскага з татарамі тым часам працягвала ісьці да Канатопу. 24 чэрвеня ў вёсцы Шапавалаўка быў разьбіты невялікі перадавы атрад маскавітаў. Ад палонных гетман даведаўся, што Трубяцкі ўжо знаходзіцца не ў Канатопе, і што ён не чакаў яго падыходу так хутка. На падставе гэтых зьвестак быў выпрацаваны плян дзеяньняў, паводле якога татары хаваліся ў засадзе ва ўрочышчы Таргавіца на ўсход ад вёскі Сасноўка — лягеры Выгоўскага. Сам Выгоўскі, пакінуўшы камандаваньне брату Гуляніцкага Сьцяпану, выправіўся пад Канатоп на чале маленькага атраду. Уранку 27 чэрвеня казакі нечакана напалі на войска Трубяцкога і выгналі ў стэп шмат маскоўскіх коней. Але, ачомаўшыся, коньніца Трубяцкога контратакавала казацкі атрад, вымусіўшы Выгоўскага адступіць да свайго лягеру за раку Сасноўка (іншая назва — Кукілка).
Назаўтра, у суботу 28 чэрвеня Трубяцкі выправіў наўздагон Выгоўскаму 30-тысячную адборную маскоўскую коньніцу на чале з баярынам Сямёнам Пажарскім. Пажарскі пераправіўся цераз раку Сасноўка і разьбіў лягер на другім яе беразе. Астатняя, 30-тысячная частка войска на чале з Трубяцкім засталася ў лягеры. Тым часам 5-тысячны атрад Сьцяпана Гуляніцкага зайшоў у тыл Пажарскаму, захапіў і разбурыў мост праз Сасноўку, і, перакрыўшы ўначы раку, затапіў нізіну ўздоўж яе.
Раніцай 29 чэрвеня 1659 г. невялікі атрад Выгоўскага атакаваў лягер Пажарскага і пасьля кароткай сутычкі пачаў адступаць. Войскі Пажарскага, спадзяючыся на лёгкую здабычу, пакінулі лягер і пачалі перасьлед. Калі маскоўскія войскі ўступілі ў сяло Сасноўка, казакі трыма стрэламі з гарматы і трыма вогненнымі стрэламі далі знак рушыць ардзе і палякам, а самі пачалі контрнаступленьне на Пажарскага. Пабачыўшы пастку, Пажарскі паспрабаваў адступіць, але цяжкая маскоўская коньніца і артылерыя захрасьлі ў дрыгве каля ракі. Адначасова з флянгу ўдарылі татары — маскоўская армія апынулася ў акружэньні, пачалася разьня. На працягу дня 29 чэрвеня была зьнішчана амаль уся коньніца Пажарскага, а ён сам быў захоплены ў палон разам з князямі Львовым, Ляпунавым, Бутурліным, Скуратавым, Куракіным і інш. Палонных аддалі татарам, якія амаль усіх бязьлітасна выразалі. Як пісалі летапісцы, Пажарскі, паўстаўшы зьвязаным перад ханам, плюнуў яму ў твар і абмацюкаў, за што татары адразу ж адрэзалі яму галаву і адправілі яе разам з абезгалоўленым целам у лягер Трубяцкога.
Трубяцкі, даведаўшыся пра разгром Пажарскага, загадаў Рамаданоўскаму як мага хутчэй зьняць аблогу Канатопу і позна ўвечары пачаў адступленьне з Украіны. Заўважыўшы ўцёкі маскавітаў, Рыгор Гуляніцкі выйшаў з Канатопу і напаў на армію Трубяцкога, захапіўшы шмат гарматаў. Падчас адступленьня маскоўскае войска, апроч часткі артылерыі, страціла таксама баявыя сьцягі, казну і амаль увесь абоз; сам Трубяцкі ледзь не загінуў і быў двойчы паранены. Скончыўшы бой з рэшткамі войскаў Пажарскага, казакі і татары працягвалі перасьледваць ворага яшчэ на працягу трох дзён да маскоўскай мяжы.
Забітых з абодвух бакоў казакоў пахавалі ў адной брацкай магіле, а на яе месцы паставілі царкву ў гонар 40-ка пакутнікаў Сэбастыйскіх. Сёньня гэта Канатопскі Ўзьнясенскі катэдральны сабор, які людзі дагэтуль называюць Саракасьвятскай царквой.
Наступствы і значэньне
рэдагавацьВестка пра паразу пад Канатопам дайшла ў рэшце рэшт і да Масквы. Расейскі гісторык XIX стагодзьдзя С. М. Салаўёў апісвае рэакцыю цара на сумную вестку:
«Эліта маскоўскай конніцы, якая зрабіла шчасьлівыя паходы 1654 і 1655 гадах, загінула за адзін дзень, і ўжо ніколі пасьля гэтага цар маскоўскі не мог вывесьці ў поле такое бліскучае войска. У жалобнай вопратцы выйшаў цар Аляксей Міхайлавіч да народу і жах ахапіў Маскву. Удар быў тым цяжэй, што было нечаканым; і яшчэ пасьля такіх бліскучых посьпехаў! Яшчэ нядаўна Далгарукі прывёў у Маскву палоннага гетмана літоўскага, нядаўна чуліся радасныя размовы пра радасьць Хаванскага, а цяпер Трубяцкі, на якога было больш надзей, «чалавек поўны глыбокай пашаны і хупавы, у войску шчасьлівы і непрыяцелям страшны», загубіў такое велізарнае войска пасьля ўзяцьця столькіх гарадоў, пасьля ўзяцьця сталіцы літоўскай царскі горад задрыжаў за ўласную бясьпеку: у жніўні ў гасударавым указе людзі ўсіх чыноў сьпяшаліся на земляныя работы для ўмацаваньня Масквы. Сам цар з баярамі часта прысутнічаў пры работах; навакольныя жыхары зь сем'ямі, пажыткамі напаўнялі Маскву, і хадзіў слых, што гасудар зьязджае за Волгу, за Яраслаўль».
Але небясьпека нападу Выгоўскага і татараў на Маскву не апраўдалася. Пасьля захопу Выгоўскім Ромнаў, Лохвіцы і некалькі іншых украінскіх гарадоў, што ўтрымлівалі яго праціўнікі, прыйшла вестка з Крыму, што казакі Івана Сірко напалі на татарскія паселішчы. Гэта прымусіла хана з ардой пакінуць Выгоўскага і вяртацца ў Крым. Грамадзянская вайна ўспыхнула з новай сілай. Хоць Гадзяцкі дагавор з палякамі і быў карысным для Ўкраіны, ідэя хаўрусу з палякамі не знайшла падтрымкі сярод большасьці казацтва і народных масаў. Да таго ж Выгоўскі грэбаваў інтарэсамі шырокай часткі ўкраінскага грамадзтва, абапіраючыся пераважна на казацкую старшыну, якая здраджвала яму з-за пагрозаў або абяцанкаў з боку Масквы ці Варшавы.
Доўгі час Канатопская бітва заставалася амаль забароненай тэмай у расейскай і асабліва савецкай гістарыяграфіі. На працягу стагодзьдзяў інфармацыя пра яе замоўчвалася, бо падзеі пад Канатопам разьвенчвалі шмат вялікадзяржаўных мітаў, у прыватнасьці пра «спрадвечнае імкненьне ўкраінцаў да хаўрусу з Расеяй». Апошнім часам падзеі Канатопскай бітвы таксама ідэалізуюцца і ў некаторых украінскіх колах. На думку ўкраінцаў, нягледзячы на вялікія надзеі і на гераізм казакоў, асабліва атрада Рыгора Гуляніцкага, Канатопская бітва застаецца страчаным шанцам і хіба не самым характэрным прыкладам выйгранай бітвы і прайгранай вайны.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Горобець В. «Влада та соціум Гетьманату. Дослідження з політичної та соціальної історії ранньомодерної України» К; 2009 ст.13
- ^ В. С. Степанков «Володарі гетьманської булави» К; 1994 ст.288-289
- ^ В. В. Кривошея «Козацька еліта Гетманщини» ст.133-134
- ^ В. В. Кривошея «Козацька еліта Гетманщини» ст.138-140
- ^ В. В. Кривошея «Козацька еліта Гетманщини» ст.144-146
- ^ Т. Г. Таїрова-Яковлева: Иван Выговский // Единорогъ. Материалы по военной истории Восточной Европы эпохи Средних веков и Раннего Нового времени, вып.1, М., 2009: Под влиянием польской общественности и сильного диктата Ватикана сейм в мае 1659 г. принял Гадячский договор в более чем урезанном виде. Идея Княжества Руського вообще была уничтожена, равно как и положение о сохранении союза с Москвой. Отменялась и ликвидация унии, равно как и целый ряд других позитивных статей.
- ^ Н. Маркевич. Історія Малої Росії
- ^ Сучасні дослідження також подають розмір московського війська у 50 — 60 тис. і втрати сторін у 5 000 — 2 500 відповідно (Piotr Kroll Od ugody Hadziackiej do Cudnowa. Kozaczyzna między Rzecząpospolitą a Moskwą w latach 1658—1660 — Warszawa, Wydawnictwa Uniwersytetu Warszawskiego, 2008; MILITARIA UCRAINICA Олексій Сокирко КОНОТОПСЬКА БИТВА 1659 р. Тріумф в час Руїни, Київ, Темпора, 2008.)
Літаратура
рэдагаваць- В. М. Горобець. Конотопська битва 1659 // Енциклопедія історії України : у 10 т. / редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України. — К. : Наук. думка, 2009. — Т. 5 : Кон — Кю. — С. 34. — 560 с. : іл. — ISBN 978-966-00-0855-4.
- Літопис Самовидця. видання підготував Я. І. Дзира. — Київ: «Наукова думка», 1971. — 208 с., Частина перша (1648—1659). «Року 1659»
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Конотоп // Енциклопедія історії України : у 10 т. / редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України. — К. : Наук. думка, 2009. — Т. 5 : Кон — Кю. — С. 34. — 560 с. : іл. — ISBN 978-966-00-0855-4.
Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |