Кампутарная мыш
Мыш (па-ангельску: mouse) — прыстасаваньне, якое ўжываецца падчас працы з графічным інтэрфэйсам кампутара. Вынайдзена Дугласам Энгельбартам у 1963 годзе. Мыш робіць магчымым кіраваньне курсорам на экране кампутара шляхам яе перамяшчэньня па плоскай паверхні. Мыш вылічае зьмены свайго палажэньня на паверхні, і пасьля яго зьмяненьня ў лічбавы выгляд кампутар адпаведна зьмяняе палажэньне курсора на экране. Віды: аптычная, лязэрная і мэханічная; бяздротавая і дротавая[1].
Мэханічная мыш
рэдагавацьНайстарэйшым тыпам мышы зьяўляецца «мэханічная мыш», у гэтым прыстасаваньні выкарыстоўваецца мэталічны шарык, пакрыты гумай, і сыстэма валікаў. Шарык пад узьдзеяньнем перамяшчэньня па паверхні, па якой яе перамяшчае карыстальнік, круціцца. Ён выклікае абарачэньне двух пэрпэндыкулярна разьмешчаных валікаў, якое перадае курсору на экран кірунак руху. З-за таго, што рух шарыка мышы патрабуе роўную паверхню з адпаведным пакрыцьцём, пад мыш кладуць спэцыяльны дыванок. Пад час ужываньня мышы бруд з дыванка пераносіцца на шарык і валікі. Гэта выклікае праблемы ў працы мышы і патрабуе чысткі як мышы так і дыванка празь некаторы час.
Аптычная мыш
рэдагавацьСучасным вынаходніцтвам зьяўляецца аптычная мыш. У аснове такой мышы ўсталявана адзін ці больш электралюмэнісцэнтных дыёдаў, якія асьвятляюць паверхню пад мышшу, і сыстэма аптычных сэнсараў, можа ўключаць і лічбавы сыгнальны працэсар, які служыць для аналізу зьмен палажэньня на паверхні. Найноўшым рашэньнем можа быць усталяваньне лазэру замест дыёда, што яшчэ больш палепшыць працу мышы. Дзякуючы апошнім вынаходніцтвам, зьнікла мэханіка, схільная да забруджваньня, і сучасныя мышы функцыянуюць практычна на любой паверхні, не патрабуючы падкладкі.
Клявішы
рэдагавацьКлясычная мыш мае дзьве клявішы, аднак, у апошні час іх колькасьць паступова павялічваецца, зьявілася колца. Пры наяўнасьці колца пракруткі, націск на яго азначае націск на сярэднюю клявішу.
Гісторыя
рэдагаваць9 сьнежня 1968 г. вынаходнік Дуглас Энгельбарт(en) (1925—2013), інжынэр Біл Інгліш(en) і праграміст Джэф Руліфсан(en) (нар. 1941) са Стэнфардзкага дасьледчага інстытуту(en) (Мэнла-Парк, штат Каліфорнія, ЗША) прадставілі сваю распрацоўку на Сумеснай кампутарнай нарадзе(en) у Сан-Францыска (Маці ўсіх паказаў(en)). Вынаходзтва мела выгляд драўлянага куба з 2 пэрпэндыкулярнымі дыскамі, якія выступалі з корпуса, і 1-й кнопкай. Прылада атрымала назоў мыш дзякуючы прымацаванаму дроту, які нагадаў вынаходніку хвост мышы. У 1973 г. Пала-Альтаўскі дасьледчы асяродак «Ксэракс» упершыню прадставіў мыш у якасьці часткі пэрсанальнага кампутара, што каштавала $400 і мела 3 кнопкі, шарык і ролікі замест дыскаў. У 1983 г. «Эпл» (Купэртына, акруга Санта-Клара, штат Каліфорнія) выпусьціў аднакнопачную мыш коштам $25[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Вікторыя Захарава. Як на мышыны імяніны // Зьвязда : газэта. — 9 сьнежня 2011. — № 235 (27099). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
Гэта — накід артыкула па тэхніцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |