Дыёд
радыёдэталь
Дыёд — шырокі кляс двухполюсных прыладаў, які аб’ядноўвае ўласьцівасьць уніпалярнасьці электраправоднасьці (прапусканьня электрычнага току толькі ў адным кірунку).
Дзеяньне цьвёрдацельных дыёдаў заснавана на ўласьцівасьцях p-n пераходу ці пераходаў мэтал-паўправаднік. Дзеяньне вакуўмных дыёдаў (ці кенатронаў) заснаванае на эфэкце тэрмаэлектроннай эмісіі.
Дыёды выкарыстоўваюцца ў радыётэхніцы, электроніцы, энэргетыцы ды іншых галінах, пераважна для выпрамленьня пераменнага току, дэтэктаваньня, пераўтварэньня і памнажэньня частасьці, а таксама для пераключэньня электрычных ланцугоў.
Назву дыёд прапанаваў у 1919 року Ўільям Генры Іклз, утварыўшы яе ад грэцкай прыстаўкі ды-, якая азначае два, і слова грэц. ὅδος — шлях.
Віды дыёдаў
рэдагаваць- Стабілітрон (дыёд Зэнэра). Наяўнасьць адваротнай галіны характарыстыкі дыёда са зваротным прабоем выкарыстоўваецца для стабілізацыі напружаньня.
- Тунэльны дыёд (дыёд Леа Эсакі). Маюць вобласьць г. зв. «адмоўнага супраціўленьня» на вольт-ампэрнай характарыстыцы. Выкарыстоўваюцца як узмацняльнікі, генэратары і да т. п.
- Варыкап (дыёд Джона Джэўма). Закрыты p—n-пераход валодае большай ёмістасьцю, прычым яна залежыць ад прыкладзенага адваротнага напружаньня. Ужываюцца ў якасьці кандэнсатараў пераменнай ёмістасьці.
- Сьвятлодыёд (дыёд Генры Раўнда). Пры рэкамбінацыі электронаў і дзірак у пераходзе выпраменьваюць сьвятло ў бачным дыяпазоне, а не ў інфрачырвоным, у адрозьненьне ад звычайных дыёдаў. Аднак выпускаюцца сьвятлодыёды з выпраменьваньнем у інфрачырвоным, а з нядаўнага часу — і ў ультрафіялетавым дыяпазонах.
- Лязэрны дыёд. Падобныя да сьвятлодыёдаў, аднак маюць аптычны рэзанатар, выпраменьваюць кагерэнтнае сьвятло.
- Фотадыёд. Закрыты фотадыёд адчыняецца пад узьдзеяньнем сьвятла.
- Сонечны элемэнт. Падобны да фотадыёда, але працуе без зьмяшчэньня. Сьвятло, падаючы на p-n-пераход, выклікае рух электронаў і генэрацыю тока.
- Дыёд Ганна. Выкарыстоўваюцца для генэрацыі і пераўтварэньня частасьці ў ЗВЧ-дыяпазоне.
- Дыёд Шоткі. Дыёд з малым падзеньнем напружаньня пры простым уключэньні.
- Лавінны дыёд. Заснаваны на лавінным прабоі адваротнага ўчастку вольт-ампэрнай характарыстыкі. Прымяняецца для абароны ланцугоў ад перанапружаньня.
- Лавінна-пралётны дыёд. Заснаваны на лавінным памнажэньні носьбітаў зараду. Выкарыстоўваецца для генэрацыі ваганьняў у ЗВЧ-тэхніцы.
- Магнітадыёд. Дыёд, вольт-ампэрная характарыстыка якога істотна залежыць ад значэньня індукцыі магнітнага поля і разьмяшчэньня ягонага вэктару адносна плоскасьці p-n-пераходу.
- Стабістар. Пры працы выкарыстоўваецца ўчастак галіны вольт-ампэрнай характарыстыкі, які адпавядае «простаму напружаньню» на дыёдзе.
- Сумесевы дыёд. Прызначаны для перамножаньня двух высокачастатных сыгналаў.
- pin-дыёд. Зьмяшчае вобласьць уласнай праводнасьці між моцналегіраванымі ўчасткамі. Выкарыстоўваюцца ў ЗВЧ-тэхніцы, сілавой электроніцы, як фотадэтэктары.
- Тэрмальны дыёд. Тэрмін прымяняецца ў дачыненьні да звычайных p-n-дыёдаў, ужываных для манітараваньня тэмпэратуры, за іх здольнасьць зьмяняць наўпроставае напружаньне ў залежнасьці ад тэмпэратуры.