Зьміцер Палітыка

беларускі крытык і літаратуразнаўца

Зьмі́цер Анто́навіч Паліты́ка (15 траўня 1915, в. Гарывец, Лепельскі павет, Віцебская губэрня, цяпер Чашніцкі раён, Віцебская вобласьць — 18 красавіка 1965, Менск) — беларускі пэдагог. Кандыдат філялягічных навук, дацэнт.

Зьміцер Палітыка
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 15 траўня 1915(1915-05-15)
Памёр 18 красавіка 1965(1965-04-18) (49 гадоў)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці філёляг, літаратурны крытык, літаратуразнаўца

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ў вёсцы Гарывец Чашніцкага раёну Віцебскай вобласьці ў сялянскай сям’і. Атрымаў пачатковую адукацыю ў вёсцы, скончыў сямігодку ў Чашніках. Вучыўся ў Менскім і Лепельскім пэдагагічных тэхнікумах (1930—1932). Настаўнічаў у пачатковай школе ў вёсцы Копцевічы. У 1935 годзе скончыў літаратурны факультэт Магілёўскага пэдінстытуту. Працаваў у літаратурным кабінэце гэтага інстытуту, у Полацкай пэдвучэльні. Служыў у Чырвонай Арміі (1936—1937), атрымаў спэцыяльнасьць авіятэхніка. Выкладаў расейскую літаратуру ў Магілёўскай пэдвучэльні (1937—1941), быў залічаны ў рэзэрв як авіяцыйны спэцыяліст, быў на пэдагагічнай рабоце ў Башкірскай АССР (1941—1944), у пэдінстытуце Магілёва (1944—1945). У 1950 годзе скончыў Акадэмію грамадзкіх навук пры ЦК КПСС, абараніў кандыдацкую дысэртацыю «А. И. Гончаров и литературная борьба 1860-х гг.». З 1950 году ўзначальваў катэдру расейскай і беларускай мовы і літаратуры Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КПБ. Сябар Саюзу пісьменьнікаў СССР. У другой палове 1950-х быў кіраўніком сэкцыі крытыкі Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. У 1960 годзе цяжка захварэў (абвастрэньне сухотаў, на якія пачаў пакутаваць падчас эвакуацыі), але працягваў працу да канца жыцьця.

Памёр 18 красавіка 1965 году. Пахаваны ў Менску на Ўсходніх могілках. Барэльеф на надмагільным помніку работы С. І. Селіханава.

Творчасьць

рэдагаваць

Дэбютаваў вершамі ў 1932 годзе. З 1946 году выступаў як крытык і літаратуразнаўца. Выйшлі дасьледаваньні: «О значении советской литературы в коммунистическом воспитании трудящихся» (1952 г.), «Великий русский писатель-сатирик М. Е. Салтыков-Щедрин» (1955 г.), «Беларуская пасляваенная проза» (1958 г.); «Роман И. А. Гончарова „Обрыв“» (1962 г.); Манаграфія «Янка Купала-перакладчык» (1959 г., другое, дапоўненае выданьне 1986 г.) — адно зь першых у беларускім літаратуразнаўстве дасьледаваньняў па праблеме паэтычнага перакладу. У зборнік «Сляды часу» (1967 г.) увайшлі выбраныя літаратурна-крытычныя артыкулы.

Архіў (у складзе якога, сярод іншага, багатая карэспандэнцыя з буйнымі расейскімі літаратуразнаўцамі Мікалаем Піксанавым і Мікалаем Бельчыкавым) захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва, ф. 167.

Літаратура

рэдагаваць
  • Дзьмітры Палітыка // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 414.
  • Палітыка Дзьмітры Антонавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 2001 Т. 12: Палікрат — Праметэй. — С. 9.
  • Палітыка Дзьмітры // Беларускія пісьменьнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / пад. рэд. А. В. Мальдзіса. — Мн., 1994. — Т. 4. — С. 437.
  • Палітыка Дзьмітры Антонавіч // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чашніцкага р-на. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — С. 454.
  • Палітыка Дзьмітры Антонавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. / Рэд. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 4: Накцюрн — Скальскі. — С. 155—156.
  1. ^ https://web.archive.org/web/20191109073049/http://vlib.by/PRIDVINIE-11/WRITERS/Palityka_DA.htm