Заграбская абсэрваторыя

Заграбская астранамічная абсэрваторыя (па-харвацку: Zvjezdarnica Zagreb) — астранамічная абсэрваторыя ў сталіцы Харватыі Заграбе. Заснавана ў 1903 годзе і знаходзіцца ў падпарадкаваньні Заграбскага астранамічнага таварыства. Галоўнай дзейнасьцю абсэрваторыі зьяўляецца адукацыйная.

Будынак абсэрваторыі

Месцазнаходжаньне і абсталяваньне

рэдагаваць

Галоўным тэлескопам, разьмешчаным пад купалам абсэрваторыі, зьяўляецца рэфрактар TMB APO 175/1400 мм, усталяваны ў 2007 годзе. Стары тэлескоп фірмы Carl Zeiss (130/1950 мм) усталяваны паралельна першаму; зь яго дапамогай пасьля мадэрнізацыі пляануецца праводзіць фатаздымку Сонца ў вадародным (лінія Hα) спэктры . Таксама ў абсэрваторыі маюцца некалькі партатыўных тэлескопаў паменш, сярод іх — Celestron 200/2000 мм і Konus refractor 80/900 мм. Фоталябараторыя пры абсэрваторыі праяўляе здымкі ў чорна-белым колеры.

Абсэрваторыя знаходзіцца ў цэнтры гораду, недалёка ад галоўнай плошчы. Разьмяшчаецца на апошнім паверсе вежы пад нумарам 22 на вуліцы Опатычка (па-харвацку: Opatička ulica), званай «Вежай сьвятара» (па-харвацку: Popov Toranj), якая была ўзьведзена ў XIII стагодзьдзі ў часы пагрозы татарскага нашэсьця і раней была ва ўлададаньні Заграбскага архіэпіскапа. Акрамя непасрэдна купала на верхняй тэрасе, абсэрваторыя зьмяшчае лекцыйную залю на 50 чалавек, фоталябараторыю, 5 офісаў, бібліятэку і невялікі каворкінг.

Гісторыя

рэдагаваць

Абсэрваторыя была заснавана Харвацкім таварыствам натуральных навук. Памяшканьні на версе вежы былі прадстаўлены гарадзкім урадам, які таксама фінансаваў рэканструкцыю і ўстаноўку купала. Адкрыцьцё адбылося 5 сьнежня 1903 году[1]. Першым яе кіраўніком быў Атон Кучэра, вядомы харвацкі папулярызатар навукі.

Астэроід нумар 589, адкрыты ў 1906 годзе ў Гэйдэльбергэскай абсэрваторыі Аўгустам Копфам, у гонар адкрыцьця Заграбской абсэрваторыі атрымаў назву «Харватыя»[1].

Нягледзячы на чаканьні Кучэры, абсэрваторыя не стала дасьледчыцкім цэнтрам — у сувязі зь недахопам спэцыялістаў[1]. Яна заўсёды выкарыстоўвалася пераважна для папулярызацыі навукі. У сярэдзіне XX стагодзьдзя атрымалі вядомасьць выданьні на эспэранта, выпушчаныя пад эгідай абсэрваторыі. Яна была зачынена ў пэрыяд Другой сусьветнай вайны. У 1963 годзе абсэрваторыя і Харвацкае астранамічнае таварыства зрабілі важны ўклад у культуру гораду, сканструяваўшы плянэтарый. Пазьней ён быў перададзены ў дар Тэхнічнаму музэю, дзе функцыянуе да гэтага часу. Рэфрактар Zeiss замяніў тэлескоп, першапачаткова ўсталяваны ў абсэрваторыі, ў 1966 годзе[1].

У сярэдзіне 1980-х будынак абсэрваторыі быў адрамантаваны. У 1992 годзе быў устаноўлены новы купал, тады ж падвергнулася абнаўленьню абсталяваньне[1]. Цяпер абсэрваторыя зьяўляецца месцам сустрэчы аматараў астраноміі і іншых натуральных навук. Тут праходзяць назіраньні за начным небам, лекцыі і іншыя адукацыйныя мерапрыемствы на астранамічную тэматыку. Навуковыя дасьледаваньні абсэрваторыі прысьвечаны фізыцы Сонца і праводзяцца ў супрацоўніцтве з Хварскай абсэрваторыяй.

  1. ^ а б в г д Bilić, Josip; Ivanković, Hrvoje, eds. (2006). "Zvjezdarnica Zagreb". Zagrebački leksikon (харв.). Zagreb: Заграбскі лексікаграфічны інстытут імя Міраслава Крлежы. ISBN 953-157-486-3.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

Каардынаты: 45°49′08″ пн. ш. 15°58′30″ у. д. / 45.819° пн. ш. 15.9749° у. д. / 45.819; 15.9749