Габрэйскі каляндар
Габрэ́йскі калянда́р (па-габрэйску: הלוח העברי) — штогадовы каляндар, які выкарыстоўваецца ў юдаізьме для вызначэньня габрэйскіх сьвятаў, адпаведных частак Торы для грамадзкага чытаньня, ёрцайт (дня памяці памерлых сваякоў) і іншага. Побач з грэгарыянскім календаром зьяўляецца афіцыйным календаром у Ізраілі.
Гісторыя
рэдагавацьУ гісторыі габрэйскага календара вылучаюць тры галоўныя пэрыяды:
- біблійны, ад Майсея до Ездры і Нэеміі (1500—450 да н. э.);
- пасьлябіблійны (да разбурэньня Храма у 70 г. н. э.);
- талмудычны, да заключэньня Талмуда (70—500).
У першы пэрыяд пачаткі месяцаў і сьвяты вызначаліся выключна па «бачаньні маладога Месяца» і стане Сонца, у другі — часткова па бачаньні месяца і стане сонца, часткова па падліках, у трэці — выключна па падліках. У габрэйскім календары просты год складаецца з 12 месяцовых месяцаў; у высакосным годзе дадаецца дадатковы месяц. Як простыя, так і высакосныя гады бываюць:
- правільныя, калі ўсе 12 месяцаў складаюцца чаргавана з 30 і 29 дзён;
- дастатковыя, калі адзін з 29-дзённых месяцаў мае 30 дзён;
- недастатковыя, калі адзін з 30-дзённых месяцаў складаецца з 29 дзён.
Такім чынам:
Тыпы гадоў | Дзён у простым годзе | Дзён у высакосным годзе |
---|---|---|
Правільны | 354 | 384 |
Дастатковы | 355 | 385 |
Недастатковы | 353 | 383 |
Працягласьць габрэйскага году (незалежна ад таго, будзе ён правільным, дастатковым альбо недастатковым) вызначаецца днём, на які прыпадае першае чысло месяца тышрэй і першае чысло месяца нісана. З-за таго, што сьвята Песах сьвяткуецца 14-га нісана, які мусіць быць веснавым месяцам, то для ўзгадненьня месяцовага году з сонечным у габрэйскім календары прыняты цыкль у 19 гадоў (малы месяцовы цыкль), у якім 7 гадоў зьяўляюцца высакоснымі.
У аснову ўсяго габрэйскага календара закладзенае вызначэньне першага маладзіка (маладзік сьветабудовы), які, па габрэйскіх падліках, адбыўся ў 3761 годзе да н. э., у панядзелак, у 5 гадзінаў і 204 часткі пасьля поўдня. Паводле габрэйскіх традыцыяў гадзіна падзяляецца не на хвіліны і сэкунды, а на 1080 частак (лік, пазычаны з «Альмагеста» Пталемэя, і які дзеліцца на ўсе адназнакавыя дзельнікі, апроч 7), кожная частка — з 76 імгненьняў. Цяпер, праз 1500 гадоў з часу канчатковага вызначэньня габрэйскага календара, ягонае вылічэньне не зусім супадае з сучаснымі астранамічнымі падлікамі, але памылка не зьяўляецца настолькі значнай, каб узьнікла неабходнасьць выпраўленьня календара.
Караімы таксама выкарыстоўваюць габрэйскі каляндар з той розьніцай, што яны падзяляюць гадзіну на агульнапрынятых падставах і іначай вызначаюць маладзік.
Месяц (у дужках — састарэлая назва з Старога запавету) |
Колькасьць дзён | Задыякальнае сузор’е | Бабілёнская назва |
---|---|---|---|
Нісан (Авіў) | 30 | Баран | Нісану |
Іяр (Зіў) | 29 | Цялец | Аяру |
Сыван | 30 | Блізьняты | Сыману |
Тамуз | 29 | Рак | Ду’вузу |
Аў | 30 | Леў | Абу |
Элул | 29 | Дзева | Улулу |
Тышрэй (Эйтанім) | 30 | Шалі | Ташрыту |
Хешван (Мархешван, Буль) | 29 альбо 30 | Скарпіён | Арахсамна |
Кісьлеў (Хісьлеў) | 29 альбо 30 | Стралец | Кісьліму |
Тэвэт | 29 | Казярог | Тэбэту |
Шват | 30 | Вадаліў | Шабату |
Адар | 29 | Рыбы | Адару |
Адар бэт | 29 | (толькі ў высакосным годзе) | Адару |