Дэбрэцэн (футбольны клюб)

вугорскі футбольны клюб

«Дэбрэцэн» (па-вугорску: Debrecen) — вугорскі футбольны клюб з гораду Дэбрэцэну. Заснаваны ў 1902 годзе. Сяміразовы чэмпіён Вугоршчыны, шасьціразовы ўладальнік Кубка Вугоршчыны, уладальнік Кубка вугорскай лігі і пяціразовы ўладальнік Супэркубка краіны. «Дэбрэцэн» зьяўляецца самым пасьпяховым клюбам Вугоршчыны з 2000 году, выйграўшы нацыянальную лігу за гэтыя часы сем разоў[2].

Дэбрэцэн
Заснаваны 1902
Горад Дэбрэцэн, Вугоршчына
Стадыён Надзьердэі
Умяшчальнасьць: 20 340
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Нацыянальны чэмпіянат I
 · 2023—2024 5 месца
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
Афіцыйны сайт

Гісторыя

рэдагаваць

Футбольны клюб «Дэбрэцэн» быў заснаваны 12 сакавіка 1902 году. Тады дружына з другога па велічыні гораду Вугоршчыны называлася «Эг’етэртэш». Аднак улетку 1912 году ў клюбе адбыўся раскол. Аддзялілася група энтузіястаў і заснавала Дэбрэцэнскі спартовы клюб чыгуначнікаў. Гэта найменьне па гэты дзень зьяўляецца афіцыйным.

«Дэбрэцэн» упершыню дасягнуў першага вугорскага дывізіёну ў сэзоне 1942—1943 гадоў, але затым клюб на працягу 50 гадоў вылятаў і вяртаўся ў найвышэйшы дывізіён некалькі разоў. Сэзон 1967 году клюб пачаў нават у трэцім дывізіёне. На працягу гэтага часу клюб зьмяняў свае назовы, нават аб’яднаўшыся зь яшчэ адным клюбам, аднак празь некаторы час зноўку раскалоўшыся.

Самы пасьпяховы пэрыяд гісторыі «Дэбрэцэну» пачаўся з 1993 году, калі каманда прасунулася ў першы дывізіён. У 1999 і 2011 гадох клюб стаў уладальнікам Кубка Вугоршчыны, а ў 2005 годзе каманда ўпершыню стала чэмпіёнам краіны. Першы міжнародны матч пад эгідай УЭФА клюб правёў у 1998 годзе ў рамках Кубка Інтэртота ў супрацьстаяньні з магілёўскім «Дняпром». Клюб прайшоў беларускі бар’ер, атрымаўшы перамогу ў дзьвюх сустрэчах з агульным лікам 10:2. Далей супернікамі вугорцаў былі чэскі «Градэц-Кралавэ» і нямецкая «Ганза», якія таксама былі пераадолены. Вылецеў клюб з эўрапейскага турніру ў паўфінале, трываўшы паразу ад польскага «Руху». У 1999 годзе клюб дэбютаваў у Кубку УЭФА матчамі супраць нямецкага «Вольфсбургу». А ў сэзоне 2009—2010 гадоў «Дэбрэцэн» стаў першым вугорскім клюбам, які здолеў выйсьці ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў, які аднак скончыўся няўдала, бо футбалісты прайгралі ўсе шэсьць матчаў групы.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць