Дыега дэ Лянда
Дыеґа дэ Лянда Кальдэрон (па-гішпанску: Diego de Landa Calderon; 12 лістапада 1524, Сыфуэнтэс, Гішпанія — 1579, Мэрыда, Мэксыка) — другі біскуп Юкатану.
Дыеґа дэ Лянда Кальдэрон | |
па-гішпанску: Diego de Landa Calderon | |
Дыега дэ Лянда, Біскуп Юкатану | |
Род дзейнасьці | інквізытар, мовазнаўца |
---|---|
Дата нараджэньня | 12 лістапада 1524 |
Месца нараджэньня | Сыфуэнтэс, Гішпанія |
Дата сьмерці | 1579 |
Месца сьмерці | Мэрыда, Мэксыка |
Занятак | канкістадор, летапісец, майяніст, каталіцкі сьвятар, гісторык, каталіцкі біскуп |
Навуковая сфэра | каталіцтва[1] |
Увайшоў у гісторыю як вельмі супярэчлівая асоба: з аднога боку, быў аўтарам кнігі «Паведамленьне пра справы на Юкатане» (1566), якая ўтрымоўвала ў сабе шмат каштоўнае інфармацыі пра цывілізацыю Мая, увёў на Юкатане сыстэму адукацыі, стварыў лацінскую абэцэду для мовы юкатэку. Аднак, ён таксама заснаваў на Юкатане інквізыцыю, на аўтадафэ спаліў рукапісы мая, тым самым зьнішчыўшы вялікую частку маянскай літаратуры.
Зьяўляецца адною з ключавых постацяў так званае «Чорнае легенды».
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў Сыфуэнтэсе дэ Алькарыя, паходзіў з дваранскага роду Кальдэронаў. У 1541 годзе прыняў манаства ў францысканскім манастыры San Juan de los Reyes у Таледа. У жніўні 1549 году адправіўся місіянэрам на Юкатан у ліку пяці францысканцаў, адабраных Нікаласам дэ Альбалятам. Дзякуючы сваім здольнасьцям, адразу зрабіўся памагатым плябана зноў заснаванага манастыра Сан-Антоніё ў Ісамалі. Служыў настаўнікам дзяцей дваранскіх родаў мая, гвалтоўна зьвернутых у хрысьціянства. У 1553 годзе стаў абатам Сан-Антоніё й неўзабаве стаў «захавальнікам» (custodio) Юкатанскай місіі. У 1561 годзе, пасьля зьліцьця Юкатану й Гватэмалы ў адну эпархію, зрабіўся часткаю францысканскага ордэну ў гэтай царкоўнай правінцыі.
У 1562 годзе заснаваў інквізыцыю на Юкатане, выявіўшы адпадзеньне ад хрысьціянства нядаўна хрышчоных індзейцаў. 12 ліпеня 1562 году ў Ваб адбылося знакамітае аўтадафэ, дзе былі зьнішчаны амаль усё помнікі літаратуры мая. Гэта выклікала незадаволенасьць Франсыска дэ Тараля (Francisco de Toral), тагачаснага біскупа Юкатану й правінцыяла (часткі ордэну) францысканцаў, і ў 1564 годзе Лянда быў вымушаны адправіцца ў Гішпанію каб адчытацца аб сваёй дзейнасьці. Ён быў апраўданы і ў 1573 годзе прызначаны біскупам Мэрыды, на зьмену Таралю, які сканаў. Сканаў у манастыры Сан-Франсыска ў Мэрыдзе, «акружаны арэёлам сьвятасьці» (па выразе Кагальлюда).
«Паведамленьне пра справы на Юкатане»
рэдагавацьДэ Лянда вядомы як выдатны знаўца мовы мая, нораваў ды звычаяў гэтага народу. Выправіў і дапоўніў граматыку юкатэка, створаную Люісам дэ Вільляльпанда. Напісаў катэхізыс і зборнік пропаведзяў на мове мая. Архіў Лянда бясьсьледна зьнік пасьля выгнаньня манахаў з Мэрыды ў 1820 годзе.
Найважнай працаю Лянды лічыцца «Паведамленьне пра справы на Юкатане» (Relacion de las cosas de Yucatan), напісанае ў Гішпаніі каля 1566 году. Мяркуючы па ўтрыманьні тэксту, дэ Лянда працаваў над гэтай працаю ня меней за 15 гадоў, бо каляндарныя знакі, прыводныя ім, ставяцца да 1553 году. Вярнуўшыся ў Мэрыду, дэ Лянда ўзяў рукапіс з сабою. Неўзабаве з рукапісу была зьнята копія й адпраўлена ў Гішпанію. Поўным тэкстам дэ Лянда карысталіся гісторыкі XVII стагодзьдзя, як то Антоніё дэ Эрэра-і-Тардэсыльляс, Васкес дэ Эсьпіноса й Дыега Лёпэс дэ Кагальлюда (1609—1670), аўтар «Гісторыі Юкатану» і першы біёграф дэ Лянды.
У Гішпаніі ў 1616 годзе невядома кім была зроблена скарочаная копія «Паведамленьні пра справы на Юкатане», напісаная трыма рознымі почыркамі. Пісары-капіявальшчыкі захавалі істотныя часткі працы дэ Лянды, а трэці зь іх дадаў «Крытычныя заўвагі» і апалягэтыку гішпанскага валадарства. У 1862 годзе гэты рукапіс адшукаў у Мадрыдзе вялікі маяніст Шарль-Эт’ен Брасэр дэ Бурбур, які апублікаваў у 1864 годзе гішпанскі тэкст і ўласны францускі пераклад з разьбіўкаю на часткі, які выкарыстоўваецца дагэтуль.
Спадчына дэ Лянда ацэньваецца сучаснаю навукаю вельмі высока. Нягледзячы на шэраг памылак, ягоная праца доўгі час заставалася адзінаю крыніцаю зьвесткаў па ўсім бакам жыцьця народу мая й згуляла важную ролю ў пацьверджаньні правільнасьці расшыфроўкі пісьменнасьці мая Юрыем Кнарозавым[2].
«Абэцэда дэ Лянда»
рэдагавацьМяркуючы, што выкарыстаньне місіянэрамі мовы мая паскорыць зварот індзейцаў у хрысьціянства, дэ Лянда вырашыў вынайсьці сваю ўласную «абэцэду мая». Пры дапамозе двух герагліфічна пісьменных індзейцаў, ён склаў сьпіс адпаведнасьцяў паміж маяскімі герогліфамі й гішпанскімі літарамі. Дэ Лянда ня ведаў, што пісьменнасьць мая была не альфабэтная, а лёгасілябічная, а маі, якія дапамагалі яму, у некаторых выпадках запісвалі не вымаўленьне гішпанскіх літараў, а іхныя назвы (напрыклад, be, hache, ka, cu). Усяго дэ Ляндам было запісана 27 знакаў (плюс 3 знакі ў прыкладах напісаньня словаў), якія, па ягоным меркаваньні, адпавядалі літарам гішпанскага альфабэту. Дэ Лянда таксама браў удзел у стварэньні лацінскае пісьменнасьці для юкатэскай мовы — верагодна, першае лацінскае пісьменнасьці для мэсаамэрыканскіх індзейцаў.
Дэ Лянда пра гішпанскі каляніяльны рэжым
рэдагавацьБог даў індзейцам ня толькі паказаныя рэчы з [прыходам] нашае гішпанскае нацыі, гэтак неабходныя для службы чалавеку, што адны яны стаяць больш тае платы, якую індзейцы даюць і будуць даваць гішпанцам, але індзейцы атрымалі [таксама] без аплаты тое, чаго нельга ні купіць, ні зарабіць, а менавіта правасудзьдзе й хрысьціянства ды сьвет, у якім яны ўжо жывуць, таму яны абавязаны значна больш Гішпаніі й ейным гішпанцам і галоўнае тым вельмі каталіцкім каралям яе, якія з клопатам і гэтак па-хрысьціянску забясьпечылі іх і забясьпечваюць гэтымі рэчамі, чым сваім першым настаўнікам, благім бацькам, якія іх спарадзілі ў граху й дзецьмі гневу, тады як хрысьціянства іх адрадзіла ў літасьці і для жыцьця. Іхныя першыя настаўнікі ня здолелі даць ім парадак, каб яны маглі пазьбегнуць гэтулькіх і такіх памылак, як тыя, у якіх яны жылі. Правасудзьдзе пазбаўляла іх ад гэтых памылак пасродкам пропаведзі й павінна іх ахаваць ад вяртаньня да іх, а калі б яны вярнуліся, павінна іх пазбавіць ад іх. Па справядлівасьці можа Гішпанія ўславіцца ў Богу, бо яна абрана сярод іншых нацыяў для выпраўленьня гэтулькіх людзёў; таму яны абавязаны ёй значна больш, чым сваім настаўнікам альбо бацькам, і, як кажа блажэнны Рыгор: ня шмат будзе карысьці нам нарадзіцца, калі не атрымаем адкупленьня ад Хрыста. Таксама мы можам сказаць з Ансэльмам: карысьці нам не прынясе тое, што мы былі збаўлены, калі не атрымаем плёну адкупленьня, гэта значыць нашага выратаваньня. І таму моцна памыляюцца размаўлялыя, што паколькі індзейцы атрымалі ад гішпанцаў крыўду, прыгнёт і благія прыклады, тое было б лепш, калі б іх не адкрылі. Прыгнёту і крыўды было яшчэ больш [да адкрыцьця], і яны прычынялі іх увесь час адзін аднаму, забіваючы, зьвяртаючы ў рабства й прыносячы ў ахвяру дэманам. Калі яны атрымалі ці атрымліваюць цяпер ад некаторых благія прыклады, то кароль гэта выправіў і выпраўляе кожны дзень сваім правасудзьдзем і бесьперапыннаю пропаведзю й настойлівым процідзеяньнем манахаў тым, хто дае ці даў [благія прыклады]; тым больш, што па вучэньні Эвангельля, спакусы й благія прыклады неабходны; і, такім чынам, я мяркую, што яны былі сярод гэтых людзей, каб яны па іх навучыліся, адлучаючы золата ад бруду і збожжа ад саломы, шанаваць дабрадзейнасьць, як яны і зрабілі, бачачы разам з філёзафам, што бліскаюць дабрадзейнасьці сярод заганаў і праведнікі сярод грэшнікаў, і той, хто ім даў благі прыклад ці спакуса, трывае сам жудаснае бедзтва, калі не загладзіць іх дабром.
(Паведамленьне пра справы на Юкатане. Частка LI. Пер. Ю. Кнарозава)
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ «Тайна жрецов майя». Владимир Кузьмищев
Літаратура
рэдагаваць- Дыега дэ Лянда. Паведамленьне пра справы на Юкатане
- Rosario Acota & a. Guide bleu du Mexique, Hachette Tourisme, edition 2004, page 593.
- Clendinnen, Inga. Ambivalent Conquests: Maya and Spaniard in Yucatan, 1517—1570. 2 ed. 2003. Cambridge: Cambridge UP.
- Marshall E. Durbin, 1969. An Interpretation of Bishop Diego De Landa’s Maya Alphabet (Philological and Documentary Studies, 2/4)
- (Diego de Landa) William Gates, translator, (1937) 1978. Yucatan Before and After the Conquest An English translation of Landa’s Relacion
- Diego de Landa, 2002. Relacion de las cosas de Yucatan/The relationship of the things of the Yucatan (in series Cronicas De America)
- Diego de Landa, (Alfred M. Tozzer, tr.) 1941. Relacion de las cosas de Yucatan: A translation, (Papers of the Peabody Museum of American Archaeology and Ethnology, Harvard University, v. 18). Лепшае з выданьняў, забяспечанае больш за 1500 нататкамі
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьДыега дэ Лянда — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Пераацэньваньне сапраўднасьці «Relacion de las cosas de Yucatan» фрая Дыега дэ Лянды (артыкул Мэт’ю Рэстола й Джона Ф. Чучаека IV)
- In Servitio Dei: Фрай Дыега дэ Лянда, ордэн францысканцаў і выкараненьне ідалапаклонства ў каляніяльнай эпархіі Юкатану, 1573—1579 гг. (артыкул Інш. Джона Ф. Чучайека IV)
На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпэдыі. Калі ласка, прастаўце спасылкі на яго ў іншых артыкулах. |