Дзедулевічы
У гэтым артыкуле няма спасылак на якія-небудзь крыніцы.
|
Дзедулевічы, Дзядулевічы (Dziedulevičy, Dziadulevičy, па-польску: Dziadulewiczowie) — беларускі шляхецкі род татарскага паходжаньня. Карыстаўся гербам «Сокал». Род паходзіць ад ардынца Дзедулы, які ў першай палове XV ст. прыехаў у ВКЛ. Ягоны сын Ахмет Дзедулін быў згаданы ў Літоўскай Мэтрыцы ў 1489—1500 як «канюшы Яго Каралеўскае Мосьці». Сынам Ахмета быў Такташ, згаданы ў попісе войска 1528 году ў ліку «казакоў з Лосасьні».
Рэвізія татарскіх двароў 1631 адзначае нашчадкаў Дзедулы — саўладальнікаў згаданага паселішча Ахмета Мусу Смаілавіча й Мухарэма Сенчуковіча. Сынам аднаго зь іх быў Януш Дзедулевіч, згаданы ў 1658 як таварыш у татарскай харугве Бараноўскага. Яго нашчадкам быў Амурат, адзначаны ў 1747 як таварыш у Татарскім Каралеўскім палку. Амурат ажаніўся з каталічкай, прыняў хрысьціянства зь імем Банавэнтур і паклаў пачатак хрысьціянскае галіны роду. Унук Амурата-Банавэнтура Ян быў удзельнікам паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі, перасяліўся за Нёман, пад горад Мар’ямпаль, дзе атрымаў мястэчка Скуды. Ягоны сын Пётра трохі зьмяніў прозьвішча: Дзядулевіч замест Дзедулевіч. Ад шлюбу зь Веранікай Міланоўскай меў сыноў — Баніфацыя й Раймонда.
Баніфацы Дзядулевіч даслужыўся да чыну капітана, удзельнічаючы ў некалькіх вызваленчых паўстаньнях, быў знаўцам старажытных моваў, актыўна ўдзельнічаў у тэатральна-музычным жыцьці Варшавы, выкладаў у гімназіях. Ад шлюбу зь Юзэфай Няпрэцкай меў сыноў Станіслава, гісторыка й геральдыста, Вацлава, службоўцу Гандлёвага банку, і дачку Яніну. Памёр у Варшаве ў 1901.
Станіслаў (1872—1943) доўгі час быў прафэсарам дзяржаўных гімназіяў у Варшаве, ад шлюбу з Тэадорай Серадзінскай ён меў сына Багдана, доктары мэдыцыны. Унука ў гонар дзеда таксама назвалі Станіславам.