Джон Максвэл Кутзэе
Джон Максвэл Кутзэе (па-ангельску: John Maxwell Coetzee; нарадзіўся 9 лютага 1940 году) — англамоўны пісьменьнік, крытык, лінгвіст з Паўднёвай Афрыкі. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры, Ерусалімскай прэміі. Першы пісьменьнік, які двойчы ганараваны Букераўскай прэміяй.
Джон Максвэл Кутзэе | |
John Maxwell Coetzee | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 9 лютага 1940 (84 гады) Кейптаўн, Паўднёва-Афрыканскі Зьвяз |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | раманіст, эсэіст, крытык, лінгвіст |
Кірунак | постмадэрнізм |
Жанр | раман, эсэ |
Мова | афрыкаанс і ангельская мова[1] |
Значныя творы | «Ганьба» |
Прэміі | Букераўская прэмія (1983, 1999), Ерусалімская прэмія (1987), Нобэлеўская прэмія па літаратуры (2003) |
Узнагароды | Залаты ордэн Мапунгубвэ[d] (2005) Нобэлеўская прэмія ў галіне літаратуры (2003) мэмарыяльная прэмія Джэймза Тэйта Блэка[d] (1980) Мэмарыяльная прэмія Джэфры Фэбэра[d] (1981) Прэмія «Фэміна» найлепшаму замежнаму аўтару[d] (1985) Ерусалімская прэмія (1987) Букераўская прэмія (1999) сябра Каралеўскага літаратурнага таварыства[d] Букераўская прэмія (1983) Christina Stead Prize for Fiction[d] (2010)
|
Асабістая старонка (анг.) |
Біяграфія
рэдагавацьДжон Максвэл Кутзэе нарадзіўся 9 лютага 1940 году ў Кейптаўне, Паўднёва-Афрыканскі Зьвяз у сям’і англамоўных афрыканэраў. У 1963 годзе скончыў магістратуру Кейптаўнскага ўнівэрсытэту. У канцы 1960-х Кутзэе адпраўляецца ў ЗША, дзе ў 1969 годзе абараняе дысэртацыю па творчасьці Сэм’юэля Бэкета ва Ўнівэрсытэце Тэхасу, а затым на працягу двух гадоў выкладае ангельскую мову й літаратуру ў Нью-Ёрку. У 1971 годзе Кутзэе з-за свайго ўдзелу ў пратэстах супраць Вайны ў Віетнаме атрымлівае адмову на жыхарства ў ЗША й вяртаецца на радзіму ў ПАР, дзе займае пасаду прафэсара ангельскай літаратуры ў Кейптаўнскім унівэрсытэце.
Творчасьць
рэдагавацьПра Кутзэе кажуць як пра самага вядомага, самага скандальнага, самага неадназначнага паўднёваафрыканскага пісьменьніка сучаснасьці. Адны бачаць у яго кнігах «перасьцярогу сьвету»[2], іншыя — белы расізм. Шматлікія яго былыя калегі-паўднёваафрыканцы вінавацяць пісьменьніка ў тым, што яго раманы палітычна некарэктныя й ствараюць занадта змрочную карціну ПАР. Іншыя завуць Кутзэе, нягледзячы на ўсе яго дасягненьні, літаратурным аўтсайдэрам, пустэльнікам, арыгіналам, кажуць, ён ігнаруе шматлікія прынятыя ў літаратурным сьвеце ўмоўнасьці. Шматлікія лічаць яго дзіваком, які піша штораніцы ўсе сем дзён у тыдзень, ня п’е, ня паліць, ня есьць мяса, ніколі не сьмяецца. Яму два разы прысуджалі Букераўскую прэмію, і абодва разы ён не зьяўляўся на цырымонію ўзнагароджаньня. Сваёй нобэлеўскай гаворкай ён уразіў усіх, нечакана прысьвяціўшы яе Рабінзону Круза й яго абслузе Пятніцы, якія падзелены адлегласьцю й страшна самотныя.
Пра што б ні пісаў Джон Максвэл Кутзэе й нягледзячы на шматгадовыя адлучкі, ён піша пра Паўднёвую Афрыку. Часам яна паўстае на старонках яго раманаў вядомай, рэальнай, часам закінутым у космасе мітычным сьветам. Кутзэе ніколі ня быў актыўным барацьбітом зь апартэідам, у адрозьненьне ад Надын Гордымэр, яго погляд на сьвет — гэта адхілены погляд творцы. У сваіх аўтабіяграфічных кнігах Кутзэе тлумачыць, што ўжо ў дзяцінстве ён ня мог не заўважаць напружанай сацыяльнай сытуацыі, якая атачала яго навокал, так нарадзілася яго цікавасьць да «зьняважаных і абражаных». Кутзэе кажа, што з-за сутыкненьняў інтарэсаў дзьвюх рас яго радзіма апынулася на пярэднім пляне — тутака супярэчнасьці, канфлікты, крыўды, пакуты выступаюць ярчэй. Мэтады абароны ў імпэрыі былі жорсткімі, зваротныя меры — супраціў — былі раўнасільныя па жорсткасьці. На працягу сваёй пісьменьніцкай кар’еры Кутзэе зьвяртаецца да вызначаных тэм: адносіны прыгнечаных і прыгнятальнікаў, разбурэньне ці пасьпяховы супраціў чалавечай асобы пад дзеяньнем фізычнага ці маральнага гвалту, адносіны паміж бацькамі й дзецьмі, трагічная няздольнасьць бацькоў абараніць дзяцей ад гора, гвалту і крыўды, далікатнасьць чалавечага існаваньня. Найдужэйшыя раманы Кутзэе — «У чаканьні варвараў» і «Жыцьцё й час Мікаэля К.» — былі напісаны ў часы апартэіду й сталі магутным пратэстам супраць гвалту над чалавекам.
Раман «Майстар з Санкт-Пецярбургу»
рэдагавацьУ 1994 годзе Кутзэе апублікаваў раман «Майстар з Санкт-Пецярбургу», у якім пагрузіў героя, пісьменьніка Дастаеўскага, у бездань гора, сьлёз і пакутлівых перажываньняў. Ён аб’яднаў сюжэтную аснову рамана «Нячысцікі» з фактамі біяграфіі Дастаеўскага. У пісьменьніка гіне сын, ён даведваецца, што яго забіла група Нячаева. Складаная фабула твора зноў дала аўтару магчымасьць зьвярнуцца да праблем творчасьці. Змрочная падзея становіцца для Дастаеўскага матэрыялам мастацтва. Апісваючы інтэнсіўную працу думкі пісьменьніка, які ставіць сябе паміж фактамі й выдумкай, Кутзэе паказвае, як пісьменьнік аддае душу д’яблу, каб ператварыць факты жыцьця ў мастацтва. У пісьменьніка не застаецца звычайных пачуцьцяў, усе яны ператвараюцца ў матэрыял для рамана. Быць творцам — адзінае суцяшэньне й задавальненьне Дастаеўскага з рамана «Майстар з Санкт-Пецярбургу», які, ваюючы зь цемрай, ператварае яе ў сьвятло, у мастацтва.
Раман «Ганьба»
рэдагавацьПасьля вызваленьня Паўднёвай Афрыкі ад сыстэмы расавай дыскрымінацыі Кутзэе апублікаваў раман «Ганьба», дзе галоўнай тэмай стала далікатнасьць чалавечага існаваньня. У краіне ідзе зьмена кіруючага клясу, што заўсёды суправаджаецца катаклізмамі. У гэтым рамане пісьменьнік крануў і іншую, важную й палемічную тэму. Ён атакаваў унівэрсытэты. Традыцыйна яны лічацца апорамі ведаў, храмамі мудрасьці й волі. Кутзэе прадэманстраваў, што ўстановы, арганізацыі ня могуць быць вальней людзей. Ён паказаў дробязнасьць і ханжаства прафэсараў, якія, пачуўшы небясьпеку, выганяюць сваіх жа калег. Унівэрсытэцкія прафэсары вучаць маралі, а іх паводзіны амаральныя. Яны вучаць волі, а самі выганяюць таго, хто заявіў пра сваё права быць вольным. Пісьменьнік паказвае іх снабізм, упэўненасьць у сваёй бязгрэшнасьці, выкрывае фарысэйства прафэсараў. Сярод іншага, у рамане «Ганьба» 1999 году згадваюцца злачынствы негрыцянскай большасьці Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі супраць белага насельніцтва краіны зь ліку нашчадкаў бураў[3].
Раман «Элізабэт Кастэла»
рэдагавацьНапад на ўнівэрсытэты й традыцыйную заходнюю адукацыю пісьменьнік працягвае ў апошнім рамане, «Элізабэт Кастэла», апублікаваным у 2003 годзе (літаратурная прэмія Аўстраліі[4]). Свае палемічныя ідэі Кутзэе падае вуснамі знакамітай пісьменьніцы Элізабэт Кастэла. Раман складаецца з васьмі лекцый, прачытаных Элізабэт ва ўнівэрсытэтах розных краінаў. Аўтар паказвае яе адносіны з грамадзтвам, сястрой, сынам, калегамі й, урэшце, з Богам. Некаторыя калегі-суайчыньнікі вінавацяць пісьменьніка ў тым, што яго раманы палітычна некарэктныя, што ён дае занадта змрочную карціну паўднёваафрыканскага грамадзтва. Яго вінавацяць у эксплюатацыі нэгатыўнага ўражаньня пра Паўднёвую Афрыку. Асабліва шмат нараканьняў дастаецца яго раману «Ганьба», дзе Кутзэе апісвае небясьпеку жыцьця на фэрмах, пра хвалю забойстваў белых фэрмэраў у краіне.
Творы
рэдагаваць- 1974 «Змрочная зямля» (Dusklands)
- 1977 «У сэрцы краіны» (In the Heart of the Country)
- 1980 «У чаканьні варвараў» (Waiting for the Barbarians)
- 1983 «Жыцьцё й час Міхаэля К.» (Life & Times of Michael K)
- 1986 «Містэр Фо» (Foe)
- 1990 «Жалезнае стагодзьдзе» (Age of Iron)
- 1994 «Майстар з Санкт-Пецярбургу» (The Master of Petersburg)
- 1999 «Ганьба» (Disgrace)
- 2003 «Элізабэт Кастэла» (Elizabeth Costello)
- 2005 «Павольны чалавек» (Slow Man)
- 2007 «Дзёньнік дрэннага году» (Diary of a Bad Year)
Фільмаграфія
рэдагавацьПа дзьвюх кнігах Дж. М. Кутзэе зьняты мастацкія фільмы:
- 1985 «Пыл» (Dust) (рэж. Марыён Хенсэль) — па раману «Ў сэрцы краіны»
- 2008 «Ганьба» / Disgrace (рэж. Стыў Джэйкабс) — па раману «Ганьба»
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Coetzee, J. M., 1940- // CONOR.SI
- ^ Апалён Давідсан. Што гэта? Перасцярога сьвету? (рас.)
- ^ Юры Станкевіч. На падваконьні «Авэртона» // Зьвязда : газэта. — 24 траўня 2014. — № 95 (27705). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
- ^ Літаратурная прэмія квінслэндскага прэм’ер-міністра
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьДжон Максвэл Кутзэе — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў