Гісторыка
Моладзевае грамадзкае аб’яднаньне «Гісторыка» (МГА «Гісторыка») — добраахвотная моладзевая грамадзкая арганізацыя асьветніцкага-валянтэрскага кірунку, якая дзейнічае на тэрыторыі Беларусі згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, ажыцьцяўляе дзейнасьць па аб’яднаньні маладых гісторыкаў і аматараў гісторыі, зацікаўленых у комплексным вывучэньні гісторыі Беларусі для навукова-асьветніцкай дзейнасьці, дасьледаваньні гісторыі Беларусі ў эўрапейскім кантэксьце, спрыяньні захаваньню гістарычнай спадчыны Беларусі[1].
Гісторыя «Гісторыкі»
рэдагавацьУстаноўчы сход МГА «Гісторыка» (I канфэрэнцыя) адбыўся 5 красавіка 2000 году. Арганізацыя і Статут арганізацыі былі зарэгістраваныя ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь 17 жніўня 2000 году (пасьведчаньне аб рэгістрацыі №00961).
«Гісторыка» ад пачатку рэгіструецца ў статусе рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня[2], першым кіраўніком (прэзыдэнтам) арганізацыі становіцца Ірына Кашталян. Кіруючы орган — Рада МГА «Гісторыка».
З гэнага моманту МГА «Гісторыка» распачынае актыўную грамадзкую дзейнасьць у галіне гістарычнай асьветы і гісторыка-культурнай спадчыны, актыўна дзейнічае ў межах «Клюбу па актуальных пытаньнях гісторыі» на гістарычным факультэце БДУ, супрацоўнічае зь іншымі навучальнымі ўстановамі і грамадзкімі арганізацыямі.
16 чэрвеня 2002 году адбылася II Канфэрэнцыя МГА «Гісторыка», на якой Статут быў зьменены. Паводле новай рэдакцыі Статуту са складу Рады (кіруючага органу) вылучаўся Прэзыдыюм (распарадчы), а таксама зьявілася Выканаўчая дырэкцыя. Статут у новай рэдакцыі быў зарэгістраваны Мінюстам 27 жніўня 2002 году (пасьведчаньне аб рэгістрацыі №01123). У гэтым жа годзе МГА «Гісторыка» ажыцьцяўляе некалькі буйных мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, у тым ліку валянтэрскі летнік у в. Шчорсы. Асабліва варта адзначыць стаўшае традыцыйным у Беларусі адзначэньне 18 красавіка — Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясьцінаў. Гэтая традыцыя была закладзеная ў цеснай супрацы зь Беларускім камітэтам ІКАМОС, а таксама з шэрагам іншых грамадзкіх аб’яднаньняў Беларусі.
У 2003 годзе Ірына Кашталян сыходзіць з пасады прэзыдэнта арганізацыі. На III Канфэрэнцыі адбываюцца выбары новага кіраўніка арганізацыі, ім стаў Раман Ляўкоўскі. Таксама на Канфэрэнцыі быў зьменены Статут, назва пасады кіраўніка арганізацыі зьмяніла назву з «Прэзыдэнт» на «Старшыня». У сьнежні 2003 году МГА «Гісторыка» далучаецца да Беларускага зьвязу моладзевых і дзіцячых грамадзкіх аб’яднаньняў «Рада»[3] (спыніла свой удзел у зьвязе ў 2006 годзе, з прычыны ліквідацыі БЗМДГА «Рада» Мінюстам). Таксама ў 2003 годзе арганізацыя стварае свой друкаваны орган — газэту «Контрфорс». У 2004 годзе арганізацыя пашырыла свой досьвед у правядзеньні валянтэрскіх летнікаў, правёўшы летнік у в. Крэва. У тым жа годзе Раман Ляўкоўскі абвесьціў пра сваё жаданьне пакінуць пасаду старшыні арганізацыі.
У жніўні адбылася IV пазачарговая Канфэрэнцыя МГА «Гісторыка», на якой новай старшынёй арганізацыі была абрана былая намесьніца старшыні Тацяна Шпілеўская[4]. У пэрыяд з 2004 па 2006 гг. прыпыняе сваё выданьне арганізацыйны інфармацыйны бюлетэнь «Контрфорс». У 2005 годзе ўпершыню МГА «Гісторыка» праведзены стаўшы традыцыйным валянтэрскі летнік у Любчанскім замку.
2006 год адзначаны двума буйнымі мерапрыемствамі: удзелам у арганізацыі традыцыйнага Наваградзкага фэсту сярэднявечнай культуры, а таксама правядзеньнем другі год запар Любчанскага летніку.
У кастрычніку 2006 году адбываецца VІ Канфэрэнцыя, на якой старшынём быў абраны былы шматгадовы выканаўчы дырэктар арганізацыі Зьміцер Рагачоў. У 2008 годзе Зьм. Рагачоў быў пераабраны VІI Канфэрэнцыяй на другі тэрмін.
У кастрычніку 2009 году адбыўся першы баль у гонар Міхала Клеафаса Агінскага. А ў лістападзе падпісанае пагадненьне аб супрацоўніцтве з Музэем гісторыі і культуры імя князёў Агінскіх (Рэтаў, Летува). Так распачаўся праект «Эпоха князя Міхала Клеафаса», прысьвечаны асобе знакамітага земляка, а таксама таму гістарычнаму пэрыяду.
У траўні 2010 году адбылася VIІI Канфэрэнцыя, на якой старшынёй была абраная былая каардынатарка інфармацыйнага кірунку Тацяна Міхайлоўская.
Цягам 2010 году былі праведзеныя шчэ два балі — у траўні ў Нацыянальным гістарычным музэі, а ў кастрычніку — у Менскай ратушы. А перад тым у пачатку кастрычніка сумесна зь летувіскімі партнэрамі прайшлі прэзэнтацыі «Музыка дынастыі Агінскіх» — праекту Іва Залускага (нашчадка князя Міхала Клеафаса Агінскага). Прэзэнтацыі адбыліся як на тэрыторыі Летувы, так і на тэрыторыі Беларусі.
Кіраўнікі арганізацыі
рэдагаваць- Ірына Кашталян (прэзыдэнт, 2000—2003)
- Раман Ляўкоўскі (старшыня, 2003—2004)
- Тацяна Шпілеўская (старшыня, 2004—2006)
- Зьміцер Рагачоў (старшыня, 2006—2010)
- Тацяна Міхайлоўская (старшыня, з 2010 году)
Дзеючае кіраўніцтва
рэдагавацьКіруючым органам арганізацыі зьяўляецца Рада МГА «Гісторыка».
Прэзыдыюм Рады зьяўляецца распарадчым органам. На сёньняшні дзень у яго склад уваходзяць:
- Тацяна Міхайлоўская — старшыня МГА «Гісторыка»,
- Валянціна Кароткіна — намесьнік старшыні па арганізацыйнай працы,
- Ірына Кашталян — намесьнік старшыні па навуковай працы,
- Кірыла Сінюціч — выканаўчы дырэктар.