Гэраклес Альмэлё
«Гэраклес» (па-нідэрляндзку: Heracles) — нідэрляндзкі футбольны клюб з гораду Альмэлё. Заснаваны ў 1903 годзе. Самымі пасьпяховымі часамі для клюбу былі другая палова 2000-х і 2010-я гады, калі «Гэраклес» быў сталым удзельнікам Эрэдывізіі. У 2016 годзе клюб заняў шосты радок і кваліфікаваўся ў розыгрыш Лігі Эўропы.
Гэраклес | |
Поўная назва | Heracles Almelo |
---|---|
Заснаваны | 3 траўня 1903 |
Горад | Альмэлё, Нідэрлянды |
Стадыён |
Польман Умяшчальнасьць: 8500 |
Галоўны трэнэр | |
Чэмпіянат | Эрэдывізія |
· 2023—2024 | 14 месца |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы heracles.nl (нід.) |
Гісторыя
рэдагавацьКлюб быў заснаваны 3 траўня 1903 году пад назовам «Гэраклес». Назва была абраная ў гонар паўбога Гэракла, які згодна з старажытнагрэцкай міталёгіяй ёсьць сынам Зэўса. У ліпені 1974 году клюб зьмяніў сваю назву на «Гэраклес-74», але ўжо ў 1998 годзе клюб вярнуўся да былой назвы. Большую частку сваёй прафэсійнай гісторыі клюб правёў у Ээрстэ дывізіі, то бок другім паводле моцы дывізіёнам краіны. На пачатку 1960-х каманда прасунулася да эліты, але пасьля чатырох сэзонаў выбыла ў лігу ніжэй. Пасьля перамогі ў Ээрстэ дывізіі ў 1985 годзе гульцы з Альмэлё ўзялі ўдзел у найвышэйшым дывізіёне, але адразу вярнуліся назад. Толькі з 2005 году з чарговай спробы гэраклы здолелі прабіцца і замацавацца ў Эрэдывізіі.
У сэзоне 2015—2016 гадоў «Гэраклес» заняў 6 месца ў Эрэдывізіі, што дало мажлівасьць футбалістам з Альмэлё паспрабаваць пазмагацца за месца ў эўракубках. У плэй-оф клюб спачатку атрымаў паразу ў гасьцявым матчы супраць «Гронінгену», але ўжо ў матчы ў адказ з буйным лікам 5:1 «Гэраклес» выгуляў і прабіўся у фінал плэй-оф. У фінальным двубоі быў пераможаны «Утрэхт». У выніку «Гэраклес» кваліфікаваўся ў трэці раўнд Лігі Эўропы, але адразу быў выбіты партугальскай «Арокай». Пірэнэйцы перамаглі толькі дзякуючы правілу выязднога голу, бо пасьля нічыі зь лікам 1:1 на стадыёне Польман у Партугаліі каманды згулялі ў безгалявую нічыю[2].
У сэзоне 2019—2020 гадоў, які ня быў скончаны праз пандэмію каранавіруснай інфэкцыі, колеры клюбу абарняў бэльгійска-нігерыйскі нападнік Сырыль Дэсэрс. За 26 гульняў сэзону футбаліст паклаў 15 галоў на свой рахунак. Аднак улетку Дэсэрс перайшоў да табару «Генку». У выніку трох паразаў запар на заканчэньні сэзону 2021—2022 гадоў «Гэраклес» фінішаваў на 16 месцы, згодна зь якім клюб мусіў браць удзел у пераходных матчах. У паўфінале дружына двойчы прагуляла ратэрдамскаму «Эксэльсіёру» і страціла месца ў Эрэдывізіі. Вяртаньне клюбу з Альмэлё не зацягнулася, бо клюб адразу здабыў перамогу ў Ээрстэ дывізіі.