Гендэрны разрыў у Вікіпэдыі

Гендэрны разрыў у Вікіпэдыі (англ. Gender bias on Wikipedia, англ. Gender gap), таксама гендэрная няроўнасьць, гендэрны дысбалянс у Вікіпэдыі — перавага мужчынаў сярод людзей, якія рэдагуюць Вікіпэдыю. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да таго, што ў Вікіпэдыі менш якасных і падрабязных артыкулаў пра жанчынаў і важныя для іх тэмы, а артыкулы, якія ўжо існуюць, часта ўтрымліваюць прадузятасьць, сэксуальную аб'ектывацыю жанчынаў, жанчынаненавісьніцкі зьмест, гендэрныя стэрэатыпы або міты[1].

Помнік Вікіпэдыі, Слубіцы, Польшча. Адлюстроўвае чатырох чалавек (двух мужчынаў і дзвюх жанчынаў), якія трымаюць у высока паднятых руках зямную кулю ў выглядзе лягатыпу Вікіпэдыі.

Чыньнікі, якія перашкаджаюць жанчынам удзельнічаць у Вікіпэдыі, ўключаюць: сэксізм у Вікіпэдыі; недахоп упэўненасьці і вольнага часу; нязручны інтэрфэйс; думка, што рэдагаваньне – гэта сумна; менш магчымасьцяў для сацыялізацыі, чым на іншых сайтах[2].

Фонд Вікімэдыя, які кіруе Вікіпэдыяй, прызнае наяўнасьць прадузятасьці і рэгулярна працуе над павелічэньнем долі рэдактарак Вікіпэдыі: дзейнічае адмысловая працоўная група па гендэрным разрыве і праект Countering Systemic Bias, праводзяцца вікі-мерапрыемствы (штогоднікі WikiGap, Жанчыны ў чырвоным) з мэтай павялічыць колькасьць артыкулаў на актуальныя тэмы, трэнінгі, адукацыйныя курсы і акцыі, рэгулярныя апытаньні, асьвятленьне тэмы ў прэсе[3].

У Вікіпэдыі было прапанавана некалькі прычынаў гендэрнага разрыву.

Дасьледаваньне 2010 году паказала, што ўзровень удзелу жанчынаў у Вікіпэдыі (13%) блізкі да агульнага ўзроўню ўдзелу жанчынаў у іншых «форумах грамадзкай думкі і лідарства (15%)[4].

Гендэрная няроўнасьць і гендэрныя стэрэатыпы
рэдагаваць

З больш шырокага пункту гледжаньня гендэрных, фэмінісцкіх і жаночых дасьледаваньняў, прычыны гендэрнага разрыву ў Вікіпэдыі агульныя зь іншымі гендэрнымі разрывамі, адлюстроўваюць гендэрную няроўнасьць у больш агульным пляне і караняцца ў наступствах сыстэмнага патрыярхальнага прыгнёту:

• Гендэрная розьніца ў аплаце працы: у выніку гендэрнай сэгрэгацыі на рынку працы (прыкладам якой зьяўляецца «шкляная столь») жанчыны сканцэнтраваныя на забесьпячэньні асноўных патрэбаў і ня могуць дазволіць сабе добраахвотна рэдагаваць Вікіпэдыю.

• Жаночая часовая беднасьць: выкананьне жанчынамі асноўнай часткі неаплатнай працы (хатняя праца, мацярынства, догляд за дзецьмі, хворымі і састарэлымі сваякамі, эмацыянальны догляд).

Мізагінія, гендэрныя стэрэатыпы і сэксізм, якія праяўляюцца ў наяўных артыкулах і ў камунікацыі ў Вікіпэдыі, могуць адштурхнуць жанчынаў як на этапе пераходу ад чытаньня да рэдагаваньня, так і на пазьнейшых этапах[5].

Акрамя сыстэмных прычынаў, прычыны няроўнасьці ў Вікіпэдыі таксама шукаюць у самой Вікіпэдыі як плятформе, так і супольнасьці.

9 прычынаў С'ю Гарднэр
рэдагаваць

С'ю Гарднэр, выканаўчая дырэктарка Фонду Вікімэдыя з 2007 па 2014 год, назвала дзевяць прычынаў, чаму жанчыны не рэдагуюць Вікіпэдыю, грунтуючыся на падборцы камэнтароў жанчынаў у разьдзеле рэдактараў і рэдактарак Вікіпэдыі:

• нязручны інтэрфэйс рэдагаваньня;

• недахоп вольнага часу;

• адсутнасць упэўненасьці ў сабе;

• канфліктнасьць і нежаданьне ўдзельнічаць у працяглых «рэдактарскіх войнах»;

• уражаньне, што іх унёскі, хутчэй за ўсё, будуць ануляваныя або адкліканыя;

• жанчынаненавісьніцкая атмасфэра;

• культура Вікіпэдыі сэксуалізаваная, і гэта адштурхвае жанчынаў;

• менш магчымасьцяў, чым на іншых сайтах для сацыяльных адносінаў і адсутнасьць сяброўскага тону[6].

  1. ^ «Wikipedia: This is a man's world », The Independent, 7.02. 2011, https://www.independent.co.uk/tech/wikipedia-this-is-a-man-s-world-2206207.html
  2. ^ Gender pay gap increases with age. Closing the Gender Gap, 17 Dec 2012, https://www.oecd-ilibrary.org/social-issues-migration-health/closing-the-gender-gap/gender-pay-gap-increases-with-age_9789264179370-graph60-en
  3. ^ Balch, Oliver, Making the edit: why we need more women in Wikipedia. The Guardian, 28 Nov 2019, https://www.theguardian.com/careers/2019/nov/28/making-the-edit-why-we-need-more-women-in-wikipedia
  4. ^ Cohen, Noam, Wikipedia Ponders Its Gender-Skewed Contributions. The New York Times, Jan. 30, 2011, https://www.nytimes.com/2011/01/31/business/media/31link.html
  5. ^ Shane-Simpson, Gillespie-Lynch, Christina, Kristen. Examining potential mechanisms underlying the Wikipedia gender gap through a collaborative editing task, Computers in Human Behavior, Volume 66, January 2017, https://www.sciencedirect.com/science/article/abs/pii/S0747563216306781?via%3Dihub
  6. ^ Nine Reasons Women Don’t Edit Wikipedia (in their own words). Sue Gardner's Blog, February 19, 2011, https://suegardner.org/2011/02/19/nine-reasons-why-women-dont-edit-wikipedia-in-their-own-words/