Гарадзенская абласная філярмонія

Гарадзе́нская абласна́я філярмо́нія створана ў 1987 годзе ў месьце Горадні. Гісторыя Гарадзенскай абласной філярмоніі пачалася з тых часоў, калі ў кожнай вобласьці былі створаны гастрольна-канцэртныя аддзяленьні Беларускай дзяржаўнай філярмоніі. Адно зь іх займалася арганізацыяй выступленьняў на Гарадзеншчыне прафэсійных калектываў, якія прыяжджалі на канцэрты. Але ў 1980-х гадах такі ўзровень работы ўжо не адпавядаў патрабаваньням часу, тым болей, што ў Горадні вырасьлі кіраўнікі самадзейных калектываў, якія працавалі на ўзроўні прафэсіяналаў.

Гарадзенская абласная філярмонія
Абрэвіятура ГАФ
Дата ўтварэньня 19 студзеня 1987 (37 гадоў таму)
Тып Філярмонія
Юрыдычны статус Дзяржаўная ўстанова
Штаб-кватэра Горадня, вул. Гарнавых, д. 35
Дырэктар Ігар Тадэвушэвіч Слабыш
Мастацкі кіраўнік Віктар Сакалоўскі
Сайт Выстава ў сеціве

Заснаваньне

рэдагаваць

Рашэньнем Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэту ад 19 студзеня 1987 году №22 была створана Гарадзенская абласная філярмонія. Яе работа пачалася 1 лютага 1987 году. Першым дырэктарам установы быў Яўген Валянцінавіч Жукаў (1947—1992).

Канец 1980-х гадоў быў пэрыядам станаўленьня філярмоніі як самастойнай установы прафэсійнага мастацтва. У гэтым жа годзе адбылася знакавая падзея — у філярмоніі пачаў дзейнічаць ансамбль песьні, музыкі і танцу «Белыя росы».

Зь першых дзён існаваньня філярмоніі тут працуе вядомы гітарыст Уладзімер Захараў. Гэты выпускнік Гарадзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа, які скончыў пасьля Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, выдатны прафэсіянал, запатрабаваны артыст, магістар мастацтваў, ляўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных фэстываляў гітарнай музыкі, арганізатар абласнога фэстывалю «Пяе над Гародняй гітара», кампазытар, пэдагог (адзін з самых вядомых яго вучняў — Павал Кухта, ляўрэат міжнародных конкурсаў, магістар мастацтвазнаўства, вядучы майстар сцэны Беларускай дзяржаўнай філярмоніі). Штогод Ул. Захараў стварае арыгінальныя праграмы, дае мноства канцэртаў. У 2000 годзе ён узнагароджаны Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

1990-ыя гады

рэдагаваць

З 1992 па 1996 год на пасадзе дырэктара філярмоніі працавала Рыма Васільеўна Іванова.

Пачатак 1990-х гадоў — бурлівы час, так званая «Перабудова». Для філярмоніі яна вызначылася актывізацыяй гастрольнай дзейнасьці ў Горадні вядомых і папулярных расейскіх выканаўцаў. Самай запатрабаванай канцэртнай пляцоўкай стаў гарадзкі стадыён, на якім выступілі Ала Пугачова, Валеры Лявонцьеў, Сафія Ратару, Ларыса Доліна, гурты «Любэ», «Ласковый май», мноства іншых выканаўцаў. У гэты час пашыраецца колькасьць мастацкіх калектываў, у філярмонію прыходзяць новыя цікавыя выканаўцы.

Так, у 1993 годзе створаны гурт сучаснай харэаграфіі «Тад» (у перакладзе з санскрыту — «матэрыялізацыя творчай энэргіі й фантазіі»). Яе стваральнік і мастацкі кіраўнік — Дзьмітры Сяргеевіч Куракулаў, ляўрэат прэміі імя Я. Панфілава. У яго асобе аб’ядналіся мастацкі кіраўнік, рэжысэр-пастаноўшчык, балетмайстар, віртуозны выканаўца, мастак-мадэльер па касьцюмах, сцэнограф. У пастаноўках «Таду» злучаюцца й сынтэзуюцца элемэнты авангарду, мадэрн-харэаграфіі, акрабатыкі, плястыкі, поп-культуры. Гурт «Тад» зьяўляецца ляўрэатам спэцыяльнай прэміі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры й мастацтва ў намінацыі «харэаграфія». Шматразова калектыў удзельнічаў у прэстыжных міжнародных фэстывалях сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, Гомелі, Санкт-Пецярбурзе, Чалябінску, уваходзіць у «Залаты фонд IFMC» — міжнародную фэдэрацыю фэстываляў і сьвятаў.

Ад 1996 да 2000 году разьвіцьцё філярмоніі йшло пад кіраўніцтвам Рыгора Васільевіча Маркаўца.

У 1997 годзе ў склад творчых калектываў філярмоніі ўвайшоў танцавльны дуэт «Энігма». Гэта творчы й сямейны саюз Луны і Юрыя Леанідавіча Зябкіных. Абое выдатныя творцы, яны ствараюць вельмі артыстычныя, выразныя, запамінальныя нумары, якіх у рэпэртуары — больш за 20.

2000-ыя гады

рэдагаваць

З 2000 па 2011 год дырэктарам філярмоніі працаваў Эдуард Браніслававіч Ціховіч.

2001 год — час стварэньня эстрадна-сымфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Барыса Ігаравіча Мягкова. Вельмі таленавіты музыка, аранжыроўшчык, аўтарытэтны кіраўнік, ён за кароткі час стварыў шэраг праграм, кожная зь якіх стала падзеяй ня толькі ў Гародні, але й за яго межамі. У 2005 годзе ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У рэпэртуары калектыву — больш за 300 твораў:

  • клясыкі,
  • джазу,
  • папулярных інструмэнтальных мэлёдыяў і песень беларускіх і замежных аўтараў.

Б.Мягкоў зьяўляецца ініцыятарам і арганізатарам адкрытага фэстывалю «Гародня джаз». З 2005 году аркестар забясьпечвае музычнае суправаджэньне міжнародных турніраў па спартовых танцах у Маскве, Санкт-Пецярбургу (Расея), Рызе (Латвія), Вільне (Летува), Эльблонгу (Польшча).

У 2004 годзе абласная філярмонія папоўнілася інструмэнтальным калектывам — ансамблем «Мэдыюм». У яго склад увайшлі выпускнікі аддзяленьня мастацтваў Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Я.Купалы. Праграмы, створаныя музыкамі, сталі прычынаю посьпеху на розных міжнародных фэстывалях. Калектыў з задавальненьнем выступае ў якасьці акампануючай групы ў вядучых салістаў філярмоніі — Алы Аўдзейчык, Ірыны Гаранкінай, Аляксандра Валынскага, а таксама опэрных сьпевакоў Марыны і Ўладзімера Гаравых.

З 2002 па 2009 год у філярмоніі працаваў артыст унікальнага дараваньня, самабытны і непаўторны Аляксандар Зьвяровіч (сцэнічны псэўданім Сандро). Зь першых крокаў на эстрадзе ён атрымліваў гарачую любоў гледачоў, быў пераможцам усіх песенных конкурсаў, у якіх удзельнічаў. Спалучаючы высокую тэхніку са своеасаблівай манэрай і стылем выкананьня, выкарыстоўваючы шырокі галасавы дыяпазон, ён ствараў у кожнай песьні яркі спэктакль. У той час гэта быў «голас №1» у Гародні. На жаль, у 2011 годзе артыст заўчасна пайшоў з жыцьця.

Высокі густ, эстэтыку і трапяткія адносіны да музычнай клясыкі дэманструюць Ларыса Мяркулава (фартэпіяна, выпускніца Казанскай дзяржаўнай кансэрваторыі) і Вячаслаў Панькоў (скрыпка, выпускнік Беларускай дзяржаўнай Акадэміі музыкі). Доўгі час зь нязьменным посьпехам у філярмоніі працуюць салісты Ала Аўдзейчык (яе адметнасьць — моцны голас, артыстызм, абаяльнасьць, выдатны рэпэртуар — пераважна аўтарскі), Аляксандар Казакевіч (тэнар; яму падуладны і мяккі лірызм, і высокая патрыётыка; адметнасьць — пранікнёнасьць і шматвобразнасьць), Аляксандар Валынскі (барытон, выканаўца опэрных арыяў, рамансаў, народных песень; адметнасьць — насычаны тэмбр і шырокі дыяпазон).

У лютым 2012 году Гарадзенскую абласную філярмонію ўзначаліла Тацяна Леанідаўна Ўласенка.

У лютым 2012 году будынак філярмоніі перадалі для рамонту. Яго завершылі ў 2018 годзе[1][2].

Ул. Захараў

рэдагаваць

Зь першых дзён існаваньня філярмоніі тут працуе вядомы гітарыст Уладзімер Захараў. Гэты выпускнік Гарадзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа, які скончыў пасьля Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, выдатны прафэсіянал, запатрабаваны артыст, магістар мастацтваў, ляўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных фэстываляў гітарнай музыкі, арганізатар абласнога фэстывалю «Пяе над Гародняй гітара», кампазытар, пэдагог (адзін з самых вядомых яго вучняў — Павал Кухта, ляўрэат міжнародных конкурсаў, магістар мастацтвазнаўства, вядучы майстар сцэны Беларускай дзяржаўнай філярмоніі). Штогод Ул. Захараў стварае арыгінальныя праграмы, дае мноства канцэртаў. У 2000 годзе ён узнагароджаны Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Прадусарскі цэнтар

рэдагаваць

У 2007 годзе ў філярмоніі быў адкрыты прадусарскі цэнтар (кіраўнік Натальля Клімовіч). Ён займаецца падрыхтоўкай дзяцей і моладзі да ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных сьпеўных конкурсах. Так, Аляксандра Стацкевіч зьяўляецца фіналісткай рэспубліканскага туру міжнароднага конкурсу «Новая хваля — 2011», Дзіяна Жура — дыплямантам Нацыянальнага конкурсу беларускай песьні й паэзіі ў Маладзечна (2009, 2011 гг.), Дар’я Шульгіна — фіналістка рэспубліканскага конкурсу «Песьня для Эўрабачаньня» (2009, 2010 гг). Калектывы і выканаўцы філярмоніі штогод даюць больш за тысячу канцэртаў, ствараючы яркую й разнастайную мастацкую палітру Гарадзеншчыны. 2011 год стаў пераломным для абласной філярмоніі. Зь яе складу выйшаў вядучы прафэсійны калектыў вобласьці й Беларусі — ансамбль танцу, музыкі і песьні «Белыя росы», які атрымаў статус самастойнай дзяржаўнай установы культуры. У філярмоніі пачалася рэканструкцыя, пасьля завяршэньня якой у адноўленым будынку зьявіцца глядзельная заля на 1000 месцаў, шмат памяшканьняў для работы калектываў і выканаўцаў, сучасна абсталяваная эстрада.

Глядзіце такасама

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць