Гандлёвыя рады (Менск)
Славутасьць | |
Гандлёвыя рады
| |
Краіна | Беларусь |
Горад | Менск |
Каардынаты | 53°54′15.91″ пн. ш. 27°33′24.64″ у. д. / 53.9044194° пн. ш. 27.5568444° у. д.Каардынаты: 53°54′15.91″ пн. ш. 27°33′24.64″ у. д. / 53.9044194° пн. ш. 27.5568444° у. д. |
Архітэктурны стыль | клясыцызм |
Аўтар праекту | М. Чахоўскі (?) |
Будаваньне | 1810—1817 гады |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Гандлёвыя рады | |
Гандлёвыя рады на Вікісховішчы |
Гандлё́выя рады́ — гістарычны гандлёва-складзкі комплекс у Менску па адрасе вул. Герцэна, 1, помнік архітэктуры клясыцызму. Гісторыка-культурная каштоўнасьць рэспубліканскага значэньня[1].
Гісторыя
рэдагавацьПабудаваны на паўночна-ўсходнім баку Высокага рынку, паміж 1810—1817 гг. (архітэктар М. Чахоўскі (?)), першапачаткова былі вядомыя як Бэрнардынскія крамы. У выніку архітэктурна-археалягічных дасьледаваньняў устаноўлена, што рады ўзьведзеныя на месцы былых могілак, пад якімі захаваўся культурны пласт 12—17 стагодзьдзяў.
У 1838 г. да іх прыбудаваныя яшчэ чатыры, а ў пачатку 1860-х гадоў — тры крамы з усходняга боку й мураваны аднапавярховы будынак з заходняга, які быў таксама прыстасаваны пад гандлёвае памяшканьне.
У сярэдзіне 1870-х гадоў гандлёвыя рады называліся мясныя. У другой палове XIX — пач. XX ст. вядомыя як Віленчукі. У пачатку XX ст. тут месьціліся малочныя, мясныя, каўбасныя й бакалейныя крамы, крама гатовага адзеньня, майстэрні кравецкая й абіваньня мэблі, пасудная лаўка й гарадзкая дэзінфэкцыйная камэра.
Часткова разбураныя ў Другую сусьветную вайну. Частка, якая захавалася, адноўленая ў 1980-я гады.
Архітэктура
рэдагавацьГандлёвыя рады ўяўляюць сабой аднапавярховы выцягнуты ў пляне будынак, пакрыты двухсхільным дахам, пад якім праходзіць прафіляваны карніз. Доўгая мураваная пабудова паўколам агінае касьцёл Сьв. Язэпа й арыентаваная на былую плошчу Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды).
Галоўны фасад вырашаны плоскасна й падзелены на два ярусы карнізам. Рытм фасаду ствараюць неглыбокія прарэзаныя па пэрымэтры будынка нішы, у якіх разьмешчаныя аконныя й дзьвярныя праёмы, якія вядуць у асобныя гандлёвыя памяшканьні. Захавалася сем больш позьніх і амаль цалкам перабудаваных крамаў, дванаццаць раньніх не захавалася.
Пад лаўкамі былі сутарэньні. Адно зь іх амаль квадратнае плошчай 14,4 м², у ім захаваліся рэшткі цыліндрычных скляпеньняў. Другое мае форму правільнага чатырохвугольніка плошчай 13,8 м².
У 1860-я гады з заходняга боку да гандлёвага раду прыбудаваны мураваны аднапавярховы будынак (паводле праекту 1859 г. плянаваўся двухпавярховы), які быў таксама прыстасаваны пад гандлёвае памяшканьне. Трапэцападобны ў пляне, ён быў падзелены ўнутры мураванай перагародкай на дзьве часткі, з двухсхільным дахам, двума вокнамі і дзьвярамі ў нішах сьценаў (не захаваўся).
Літаратура
рэдагаваць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь / склад. В. Абламскі, І. Чарняўскі, Ю. Барысюк. — Менск: БелТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 712Г000081 |
Гандлёвыя рады (Менск) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў