В. Валадарскі
В. Валада́рскі (сапраўднае імя Маісе́й Ма́ркавіч Гальдштэ́йн; 11 сьнежня 1891, Астропаль, Стараканстанцінаўскі павет, Валынская губэрня, Расейская імпэрыя — 20 чэрвеня 1918, Петраград, Савецкая Расея) — дзеяч расейскага рэвалюцыйнага руху.
В. Валадарскі | |
Маісей Маркавіч Гальдштэйн | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся: |
11 сьнежня 1891 |
Памёр: |
20 чэрвеня 1918 (26 гадоў) |
Партыя: | Бунд, РКП(б) |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў мястэчку Астропаль Валынскай губэрні (цяпер — сяло Стары Астропаль Стараканстанцінаўскага раёну Хмяльніцкай вобласьці, Украіна) у жыдоўскай сям’і рамесьніка.
Паступіў у 5-ю клясу гімназіі ў Дубна, ужо праз год быў выключаны адтуль.
Сябра Бунду з 1905 году, затым працаваў у арганізацыі ўкраінскіх сацыял-дэмакратаў «Спілка». Падчас рэвалюцыі 1905—1907 гг. складаў і друкаваў нелегальныя заклікі, арганізоўваў мітынгі. З 1908 па 1911 г. працаваў рэвалюцыйным агітатарам у Валынскай і Падольскай губэрнях. У 1911 годзе сасланы ў Архангельскую губэрню, вызвалены па амністыі ў 1913 годзе.
У 1913 годзе эміграваў у ЗША, дзе ўступіў у сацыялістычную партыю й міжнародны прафзьвяз краўцоў. Падчас Першай сусьветнай вайны разам з Троцкім і Бухарыным выдаваў газэту «Новый Мир».
Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі вярнуўся ў Расею, бальшавік, прызначаны галоўным агітатарам Петраградзкага камітэту РКП(б). Увайшоў у прэзыдыюм петраградзкага Савету й петраградзкай гарадзкой Думы. На 2-м Усерасейскім зьезьдзе саветаў абраны ў Прэзыдыюм УЦВК. Удзельнік кастрычніцкага перавароту.
Напачатку 1918 году камандзіраваны ЦК на зьезд войскаў Румынскага фронту для агітацыі сярод вайскоўцаў. У 1918 годзе — камісар друку, прапаганды й агітацыі ў Савеце камунаў Паўночнай вобласьці. На гэтай пасадзе Валадарскі кіраваў рэпрэсіямі ў дачыненьні да апазыцыйнай прэсы, якія актываваліся ў траўні 1918 году, калі ён быў галоўным абвінаваўцам на публічным працэсе супраць некалькіх небальшавіцкіх вечаровых газэтаў, які атрымаў шырокую агалоску. У сярэдзіне чэрвеня 1918 году ён стаў таксама асноўным арганізатарам падтасоўкі вынікаў выбараў у Петраградзкі савет, а таксама стваральнікам і рэдактарам аднаго з галоўных органаў друку гэтай савету — «Красная Газета». Усё гэта зрабіла Валадарскага адным з найбольш ненавісных з боку ворагаў бальшавіцкай улады дзеячоў.
Застрэлены па дарозе на мітынг. 20 чэрвеня 1918 году Валадарскі на аўтамабілі накіроўваўся на чарговы мітынг на Абухоўскім заводзе. Тым часам у Прамым завулку за капліцай яго ўжо чакаў эсэр-баявік з кулямётам наперавес працоўны М. Сяргеяў (арганізатарам быў Рыгор Сямёнаў). Пра замах на Валадарскага захаваліся сьведчаньні ягонага шафёра Гуга Юргенса.
У савецкай гістарыяграфіі забойства Валадарскага лічылася актам індывідуальнага белага тэрору, зьдзейсьненага ад імя партыі правых эсэраў, які паслужыў, нароўні з забойствам М. С. Урыцкага і замахам на У. І. Леніна, чыньнікам для пачатку чырвонага тэрору. Нягледзячы на тое, што ЦК партыі эсэраў катэгарычна адмаўляў сваё дачыненьне да злачынства, дадзенае абвінавачваньне было высунутае на «працэсе эсэраў» 1922 году. У той жа час існуюць і іншыя вэрсіі, у прыватнасьці, што злачынства насіла побытавы характар і было зьвязанае з асабістым жыцьцём Валадарскага. Незавершанасьць сьледзтва й адсутнасьць адкрытага слуханьня справы ў судзе не дазваляла зрабіць канчатковых высноваў пра матывы забойства.
Вэрсія тэракту была пацьверджаная ў найноўшым дасьледаваньні пецярбурскага гісторыка, дасьледніка Грамадзянскай вайны І. С. Рацькоўскага.
Пахаваны на Марсавым поле ў Санкт-Пецярбургу.
Імя
рэдагавацьПсэўданім «В. Валадарскі» ня меў імя; у літаратуры замест ініцыялу часам выкарыстоўваюць імя «Владимир».
Літаратура
рэдагаваць- В. Володарский. Напутственная речь агитаторам. Пг., 1918.
- Дерзновение / Д. Валовой, М. Валовая, Г. Лапшина. — М.: Мол. гвардия, 1989. — 314[6] с., ил. С.306-313.
- В. Володарский — артыкул зь Вялікай савецкай энцыкляпэдыі