Вікіпэдыя:Прэс-рэлізы/30k
Скарачэньне: ВП:30k |
---|
У Вікіпэдыі — 30 тысячаў артыкулаў па-беларуску клясычным правапісам
рэдагавацьУ Вікіпэдыі, вольнай энцыкляпэдыі, утрымліваецца больш за 17 мільёнаў артыкулаў на 257 мовах; зь іх больш за 30 тысячаў напісаныя на беларускай мове клясычным правапісам.
7 сьнежня 2010 году беларуская Вікіпэдыя клясычным правапісам (http://be-x-old.wikipedia.org/) пераадолела мяжу ў 30 тысячаў артыкулаў. Юбілейным стаў артыкул пра скваркі (http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/Скварка), які распачаў удзельнік Raviaka Ruslan. За паўтара гады (з 17 чэрвеня 2009 году) колькасьць артыкулаў у Вікіпэдыі павялічылася ў паўтара разы. Дзякуючы плённай працы ўдзельнікаў (ствараць артыкулы можа кожны ахвочы) некалькімі апошнімі месяцамі былі створаныя і ўзбуйненыя артыкулы на найбольш істотныя тэмы, за што беларуская Вікіпэдыя па выніках мінулага месяцу атрымала першае месца як найбольш прагрэсуючы разьдзел.
На цяперашні час разьдзел вольнай энцыкляпэдыі на беларускай мове клясычным правапісам займае 65 месца з 276 разьдзелаў на ўсіх мовах сьвету. Асноўнымі тэмамі, пра якія напісаныя артыкулы, зьяўляюцца тэмы, якія тым ці іншым чынам тычацца Беларусі — геаграфіі, гісторыі, выбітных асобаў, дзяржаўнага ладу. Сярод апошніх артыкулаў можна адшукаць зьвесткі пра «маладнякоўцаў», гомельскія вуліцы, прадстаўнікоў шляхецкіх родаў Сапегаў, Радзівілаў, Алелькавічаў і нават узгадаць гісторыю Ўсебеларускіх народных сходаў, чацьвёрты зь якіх праходзіў гэтымі днямі ў Менску. У дадатак дзякуючы супольнай працы цяпер сайты большасьці беларускіх міністэрстваў лягчэй стала адшукаць па запыце на беларускай мове.
Агулам у беларускай Вікіпэдыі клясычным правапісам існуюць амаль 80 тысячаў старонак і 15 тысячаў удзельнікаў, якія разам зрабілі больш за 875 тысячаў правак. Колькасьць актыўных удзельнікаў разьдзелу, якія зрабілі прынамсі 5 рэдагаваньняў у кастрычніку 2010 году, склала 38 асобаў[1]. Разьдзел Вікіпэдыі па-беларуску быў створаны 12 жніўня 2004 году ў межах праекту «Вікіпэдыя» — публічнае ўнівэрсальнае інтэрнэт-энцыкляпэдыі, у якой аўтарам артыкула можа выступіць кожны ахвотны.
Аўтарскае права на матэрыялы «Вікіпэдыі» рэгулюецца вольнай ліцэнзіяй Creative Commons Attribution/Share-Alike, якая дазваляе вольна зьмяняць і распаўсюджваць інфармацыю і нават прадаваць яе, аднак забараняе «закрываць» правы на створаную грамадзкасьцю інфармацыю пасьля занясеньня якіх-небудзь зьменаў і дадаткаў.
У Вікіпэдыі асаблівая ўвага надаецца кантролю за ажыцьцяўленьнем аўтарскіх правоў і захаваньнем аб’ектыўнасьці ў артыкулах: абароненыя аўтарскім правам тэксты забаронена зьмяшчаць у Вікіпэдыю, а выявы могуць выкарыстоўвацца толькі на ўмовах добрасумленнага выкарыстаньня. За апошні год з гэтай прычыны было выдалена болей за 800 выяваў, выкарыстаньне якіх парушае аўтарскія правы; вядзецца рэвізія контравэрсійных артыкулаў, якія могуць зьмяшчаць неаб’ектыўныя зьвесткі.
Найбуйнейшым разьдзелам Вікіпэдыі зьяўляецца разьдзел на ангельскай мове. Цяпер ён утрымлівае больш за 3 495 000 артыкулаў. Таксама мільённую мяжу пераадолелі разьдзелы на нямецкай (больш за 1 157 000 артыкулаў) і францускай (больш за 1 041 000 артыкулаў) мовах. Агульная колькасьць артыкулаў на ўсіх мовах перавысіла 17 мільёнаў. Існуе таксама беларуская Вікіпэдыя афіцыйным правапісам, якая налічвае 25 з паловай тысячаў артыкулаў і 69-е месца адпаведна ў сьпісе ўсіх Вікіпэдыяў. Ад пачатку заснаваньня 12 жніўня 2004-га артыкулы ў беларускай энцыкляпэдыі пісаліся разам абодвума правапісамі, але ад 2007 усе артыкулы клясычным правапісам былі аддзеленыя ў асобны праект з ініцыятывы энтузіястаў стварэньня Вікіпэдыі афіцыйным правапісам.