Відэлец
Відэ́лец — сталовы прыбор у выглядзе стрыжня з тонкімі зубцамі (звычайна, двума, трыма або чатырма).
Відэлец выкарыстоўвалі яшчэ старажытныя грэкі[1], а таксама рымляне, пра што сьведчыць мноства знойдзеных відэльцаў пры архэалягічных раскопках. Ён таксама ўзгадваецца ў Бібліі (кніга цара Самюэля, 2-13), але не знайшоў шырокага прымянененьня ва Заходняй Эўропе да 10 стагодзьдзя, калі відэлец набыў значную папулярнасьць у Бізантыйскай імпэрыі. Спачатку ён меў толькі адзін зубец. У выніку крыжовых паходаў ў 11 стагодзьдзі распаўсюдзіўся па Заходняй Эўропе, перадусім у Італіі. Каталіцкая царква асуджала выкарыстаньне відэльцаў, «як залішнюю раскошу». У Польшчы і ВКЛ відэлец пачаў пранікаць ад часоў Боны Сфорцы. Відэльцы XVI – XVII стагодзьдзяў называліся грабкі, мелі адносна кароткія тронкі і два доўгія зубцы, ужываліся не як індывідуальная прылада, а толькі для накладаньня страў зь мяса, птушкі і інш. з агульнага блюда (пасьля чаго іх елі рукамі), пра што захавалася прыказка: «лыжка за халявай, а відэлец — на стале» (лыжку, у адрозьненьне ад відэльцу, шляхта насіла з сабой за халявай ботаў). Увядзеньне відэльцу ў шырокі побыт, па-за Італіяй, заняло вельмі доўгі час: у Францыі відэлец зьявіўся толькі ў апошняй чвэрці 16 стагодзьдзя, пры Генрыху III Валуа (паводле адной зь легенд, ён прывёз гэтую моду з Рэчы Паспалітай, дзе кароткі час быў каралём), у Расеі — з канца 17 стагодзьдзя. У Рэчы Паспалітай відэлец некалькі стагодзьдзяў заставаўся прэрагатывай найбольш заможных і адукаваных арыстакратаў; абавязковае забесьпячэньне кожнага госьця нажом і відэльцам пры каралеўскім двары зьвязваюць з Аўгустам II (сярэдзіна XVIII стагодзьдзя). У побыт абсалютнай большасьці жыхароў Беларусі відэлец канчаткова ўвайшоў толькі ў другой палове XX стагодзьдзя[2].
Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа».
Крыніцы
рэдагаваць- ^ The California Academy of Sciences - calacademy.org
- ^ Алесь Белы. Лыжка за халявай, а відэлец — на стале // Ігуменскі тракт. — 6 траўня 2014. — № 15 (73).
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Відэлец — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Эсэ Станіслава Бабкевіча Пра відэлец як зброю(недаступная спасылка)