Сусьветнае павуціньне

сыстэма ўзаемазьвязаных гіпэртэкставых дакумэнтаў, даступных праз інтэрнэт
(Перанакіравана з «Вэб»)

Сусьветнае павуціньне (па-ангельску: World Wide Web) — разьмеркаваная інфармацыйная сыстэма, якая прадастаўляе доступ да зьвязаных адно з адным гіпэртэкставых дакумэнтаў пасродкам сеткі Інтэрнэт. З дапамогай вэб-браўзэра можна праглядаць вэб-старонкі, якія могуць зьмяшчаць тэксты, выявы, відэа-ролікі і іншыя мультымэдыйныя матэрыялы, і перамяшчацца паміж старонкамі, выкарыстоўваючы гіпэрспасылкі. Выкарыстоўваючы ідэі ранейшых гіпэртэкставых сыстэмаў, брытанскі інжынэр і навуковец у галіне кампутарных тэхналёгіяў Тым Бэрнэрз-Лі (цяпер дырэктар Кансорцыюма Сусьветнага павуціньня) у сакавіку 1989 году апісаў прапанову сыстэмы, якая ў рэшце рэштаў зрабілася Сусьветным павуціньнем.[1] Пазьней да яго далучыўся бэльгійскі навуковец Робэрт Каё (анг. Robert Cailliau), калі яны разам працавалі ў CERN у Жэнэве (Швайцарыя). У 1990 годзе яны прапанавалі выкарыстоўваць «гіпэртэкст […] для злучэньня і атрыманьня доступу да разнастайных зьвестак у якасьці сеткі вузлоў, якімі карыстальнік зможа карыстацца па ўласным жаданьні»,[2] і зрабілі рэалізацыю такой сеткі ў сьнежні 1990 году.[3]

Гістарычны лягатып Сусьветнага павуціньня, створаны Робэртам Каё

«Сусьветнае павуціньне было створанае, каб стаць асновай для збору чалавечых ведаў, якая б дазваляла узаемадзеяньне з аддаленых месцазнаходжаньняў, каб аб’яднаць разнастайныя ідэі і ўсе аспэкты агульнага праекту».[4] Калі ў розных мясьцінах ствараюцца два праекты, то маючы агульны сродак да далейшага разьвіцьця, яны могуць стаць агульнай аб’яднанай працай.

Для абазначэньня Сусьветнага павуціньня таксама выкарыстоўваюць словы вэб або ўэб (па-ангельску: web) і «WWW».

Структура і прынцыпы Сусьветнага павуціньня

рэдагаваць
 
Сусьветнае павуціньне вакол Вікіпэдыі

Сусьветнае павуціньне ўтвараюць мільёны вэб-сэрвэраў сеткі Інтэрнэт, разьмешчаных па ўсім сьвеце. Вэб-сэрвэр зьяўляецца праграмай, якая запускаецца на падлучаным да сеціва кампутары і выкарыстоўвае пратакол HTTP для перадачы зьвестак. У спрошчаным выглядзе такая праграма атрымлівае па сеціву HTTP-запыт на пэўны рэсурс, знаходзіць адпаведны файл на лякальным цьвёрдым дыску і адпраўляе яго па сеціву кампутару, які зрабіў запыт. Больш складаныя вэб-сэрвэры здольныя дынамічна разьмяркоўваць рэсурсы ў адказ на HTTP-запыт. Для ідэнтыфікацыі рэсурсаў (часьцяком файлаў ці іх часткаў) у Сусьветным павуціньні выкарыстоўваюцца адзінападобныя ідэнтыфікатары рэсурсаў URI (па-ангельску: Uniform Resource Identifier). Для вызначэньня месцазнаходжаньня рэсурсаў у сеціве выкарыстоўваюцца адзінападобны лякатары рэсурсаў URL (па-ангельску: Uniform Resource Locator). Такія URL-лякатары злучаюць у сабе тэхналёгію ідэнтыфікацыі URI і сыстэму дамэнных імёнаў DNS (па-ангельску: Domain Name System) — дамэннае імя (ці непасрэдна IP-адрас у лічбавым запісу) уваходзіць у склад URL для пазначэньня кампутара (дакладней — аднаго зь яго сеціўных інтэрфэйсаў), які выконвае код патрэбнага вэб-сэрвэра.

Для агляду інфармацыі, якая была атрыманая ад вэб-сэрвэра, на кліенцкім кампутары прымяняецца спэцыяльная праграма — вэб-браўзэр. Асноўная функцыя вэб-браўзэра — адлюстраваньне гіпэртэксту. Сусьветнае павуціньне непарыўна зьвязанае з паняткамі гіпэртэксту і гіпэрспасылкі. Большая частка інфармацыі ў сеціве ўяўляе сабой менавіта гіпэртэкст. Для палягчэньня стварэньня, захоўваньня і адлюстраваньня гіпэртэксту ў Сусьветным павуціньні традыцыйна выкарыстоўваецца мова HTML (па-ангельску: HyperText Markup Language), мова разьметкі гіпэртэксту. Работы па разьметке гіпэртэксту называецца вёрсткай, майстра па разьметке называюць вэб-майстрам ці вэбмайстрам (без злучка). Пасьля HTML-разьметкі гіпэртэкст, які атрымаўся, месьціцца ў файл, такі HTML-файл зьяўляецца самым распаўсюджаным рэсурсам Сусьветнага павуціньня. Пасьля таго, як HTML-файл становіцца даступным вэб-сэрвэру, яго пачынаюць называць «вэб-старонкай». Набор вэб-старонак утварае вэб-сайт. У гіпэртэкст вэб-старонак дадаюцца гіпэрспасылкі. Гіпэрспасылкі дапамагаюць карыстальнікам Сусьветнага павуціньня легка перамяшчацца паміж рэсурсамі (файламі) не залежна ад таго, знаходзяцца рэсурсы на лякальным кампутары ці на аддаленым сэрвэры. Гіпэрспасылкі вэба заснаваныя на тэхналёгіі URL.

  1. ^ Tim Berners Lee — Time 100 People of the Century. Time Magazine.
  2. ^ Berners-Lee, Tim; Cailliau, Robert (12 лістапада 1990 г.). WorldWideWeb: Proposal for a hypertexts Project
  3. ^ Berners-Lee, Tim. Pre-W3C Web and Internet Background. World Wide Web Consortium.
  4. ^ Wardrip-Fruin, Noah and Nick Montfort, ed (2003). The New Media Reader. Section 54. The MIT Press. ISBN 0-262-23227-8.