Гіпэртэкст
Тэрмін гіпэртэ́кст быў уведзены Тэдам Нэльсанам у 1965 годзе для пазначэньня «разгалінаванага тэксту або тэксту, які выконвае дзеяньня па запыце». Звычайна гіпэртэкст уяўляецца наборам тэкстаў, што ўтрымоўваюць вузлы пераходу ад аднаго тэксту да якога-небудзь іншага і дазваляюць, такім чынам, абіраць чытэльныя зьвесткі або пасьлядоўнасьць чытаньня. Агульнавядомым і найбольш яскравым прыкладам гіпэртэксту служаць ўэб-старонкі — дакумэнты HTML, разьмешчаныя ў Сеціве. У шырэйшым разуменьні тэрміна, гіпэртэкстам зьяўляецца любая аповесьць, слоўнік або энцыкляпэдыя, дзе сустракаюцца спасылкі да іншых частак дадзенага тэксту.
У кампутарнай тэрміналёгіі гіпэртэкст — тэкст, сфармаваны з дапамогай мовы разьметкі, які патэнцыйна ўтрымоўвае ў сабе спасылкі.
Гіпэртэкст у літаратуры
рэдагавацьУ літаратуразнаўстве гіпэртэкст — гэта такая форма арганізацыі тэкставага матэрыялу, пры якой яго адзінкі прадстаўленыя не ў лінейнай пасьлядоўнасьці, а як сыстэма відавочна паказаных магчымых пераходаў, сувязяў паміж імі. Кіруючыся гэтымі сувязямі, матэрыял можна чытаць у любым парадку, утвораючы розныя лінейныя тэксты (азначэньне паводле М. М. Субоціна — расейскага навукоўца, піянэра ў вобласьці разьвіцьця расейскіх гіпэртэкставых сыстэм).
Гіпэртэкставасьць (гіпэрлітаратура) — новая ўласьцівасьць/характарыстыка літаратурнага празаічнага твора, для якога характэрныя рысы гіпэртэксту (унутраныя карэляцыйныя спасылкі, адсутнасьць лінейнага апавяданьня). Выкарыстоўваецца для стварэньня эфэкту гульні, уласьцівага постмадэрнісцкай літаратуры: колькасьць значэньняў першапачатковага тэксту пашыраецца дзякуючы чытацкаму фармаваньню сюжэтнай лініі.
З прыкметных літаратурных твораў, у якіх сустракаецца гіпэртэкставасьць — раман-лексыкон «Хазарскі слоўнік» Міларада Павіча і філязофская аповесьць «Бясконцы тупік» Дзьмітрыя Галкоўскага.