Слабада́, во́ля ці ву́лька — тып буйнога сельскага пасяленьня, характэрны для фэадалізму.

Першапачаткова ў пэрыяд фэадалізму паселішчы гэтага тыпу атрымлівалі часовае вызваленьне ад выплаты падаткаў на карысьць уладальнікаў, пасьля свайго заснаваньня. Мэтаю было пашырэньне ворыўных земляў.

Розныя формы гэтак званых вольных паселішчаў, слабодаў, зьяўляюцца ўва Ўсходняй Эўропе ў XIVXVI стст. Слабоды ўзьнікалі, да прыкладу, у паўднёвых рэгіёнах і мелі вядомасьць казацкіх паселішчаў. Уся тэрыторыя ад нізкай плыні Дняпра да Дона зрабілася казацкім рэгіёнам — Слабаджаншчынай, Слабодзкай Украінай.

Слабоды Беларусі — іншага паходжаньня. Адной з прычынаў іх узьнікненьня было імкненьне фэадалаў стымуляваць засваеньне малапрыдатных для земляробства земляў: балоцістых, парослых кустоўем, пашкоджаных прыроднай эрозіяй. Другая, асноўная прычына, — заняпад цэлых рэгіёнаў у выніку войнаў з Маскоўскай дзяржавай. Так, у другой палове XVІІ ст. колькасьць «дымоў» у беларускім Падняпроўі скарацілася больш, чым на траціну, а колькасьць насельніцтва ў некаторых усходніх староствах — на палову. Ува ўмовах вялізных матэрыяльных і людзкіх стратаў адміністрацыя Рэчы Паспалітай выдавала прывілеі, паводле якіх пасяленцы на спустошаных землях вызваляліся («аслабаняліся») ад падаткаў на тэрмін 20 рокаў. Гэта дало штуршок узьнікненьню «слабодаў», «воляў» і «вулек» (Бракава Слабада, Сьвятая Воля, Дабравольле, Вулька).

Акрамя земляробчых слабодаў, ужо з XIІ ст. вядомыя і слабоды мескіх рамесьнікаў, служылага люду і г. д. Як і ў некаторых іншых славянскіх рэгіёнах, на тэрыторыі Беларусі ў XIІXІІI стст. слабодамі часам называлі і запрыгоненыя паселішчы, што яшчэ не абкладаліся падаткамі.

Пазьней слабодамі пачалі называць паселішчы мескага тыпу, або мястэчкі, дзе пражывалі галоўным чынам мяшчане і рамесьнікі, якія пакінулі грамаду і мелі толькі частковыя зьвязкі зь сельскай гаспадаркай[1].

  1. ^ Беларусы: У 13 т.  Т. 2. — Менск, 1997. С. 22.

Літаратура

рэдагаваць