«Во́ля наро́ду» — заходнебеларуская газэта. Выдавалася 21—25 кастрычніка 1923 году ў Вільні на беларускай мове.

Воля народу
Тып газэта
Выдавец Уладзіслаў Знамяроўскі
Галоўны рэдактар Уладзіслаў Знамяроўскі
Рэдактар Уладзіслаў Знамяроўскі
Заснаваная 21 кастрычніка 1923
Закрытая 25 кастрычніка 1923
Мова беларуская
Штаб-кватэра Вільня, Віленская вул. 12-6

Рэдактар-выдавец Уладзіслаў Знамяроўскі. У газэце супрацоўнічалі Янка Пачопка, А. Радкевіч і інш.

Мела рубрыкі: «Палітычныя падзеі», «Весткі зь вёскі», «З польскага сойму», «З газэт», «Хроніка». Выступала супраць палітыкі польскага ўраду, нацыянальнага прыгнёту, уздымала пытаньні сацыяльнага становішча сялянства ў Заходняй Беларусі. Заклікала да гуртаваньня беларускіх сіл і арыентацыі іх на беларускіх паслоў у Сойме, аналізавала палітычнае становішча ў краіне (артыкул «Каму бэндзе гожай», а каму «бэндзе лепей» — пад псэўданімам Віс), разглядала высунутую яшчэ ў 1910-я г. эўрапейскімі сацыял-дэмакратамі ідэю Злучаных Штатаў Эўропы (артыкул «Злучаныя Штаты Эўропы» Радкевіча), выказвала занепакоенасьць узмацненьнем таталітарных тэндэнцыяў у Нямеччыне (публікацыя Кугельмана). Шмат увагі аддавала разьвіцьцю грамадзкага самаўсьведамленьня працоўных, барацьбе за беларускую асьвету, заклікала адкрываць прыватныя беларускія школы, ствараць сельскія каапэратывы (публікацыі пад псэўданімам П. Бахрым), гурты артыстаў-аматараў, пасылаць «хадакоў» у сойм і ўрад.

Зьмешчаны інтэрпэляцыя беларускіх дэпутатаў у сойм у сувязі са злоўжываньнямі польскіх вайскоўцаў на заходнебеларускіх землях, матэрыялы пра рэпрэсіі польскіх уладаў у Валожынскім і Вялейскім павеце, інфармацыя аб падзеях у сьвеце (выступленьні беспрацоўных у Бэрліне, Кёльне і інш. гарадах Нямеччыны, дывэрсіі ў рэдакцыях фашысцкіх газэт і работу парлямэнту ў Італіі, парлямэнцкія выбары ў Аўстрыі, міжнародную сялянскую канфэрэнцыю ў Маскве і інш.). Рэклямавала новыя кнігі, пэрыядычныя выданьні, друкавала парады сельскім гаспадарам. Выйшлі 2 нумары.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць