Венанцы Бутрым
Венанцы Вікенцьевіч Бутрым (9 верасьня 1936, Баранавічы — 16 жніўня 2003, Баранавічы ) — беларускі пісьменьнік і мастак.
Венанцы Бутрым | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 9 верасьня 1936 |
Памёр | 16 жніўня 2003 (66 гадоў) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | маляр, пісьменьнік |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьУ 1965 годзе скончыў Менскую мастацкую вучэльню па спэцыяльнасьці крэсьленьне і маляваньне. Пад час вучобы, у 1963 — 1965 гадах, працаваў настаўнікам чарчэньня і маляваньня ў СШ №9 Менску. Па заканчэньні вучобы вярнуўся ў Баранавічы і 2 гады працаваў настаўнікам па сваёй спэцыяльнасьці ў СШ №1.
З 1967 па 1996 год, да выхаду на пэнсію, працаваў мастаком у Баранавічах у Берасьцейскіх мастацка-вытворчых майстэрнях, перайменаваных пазьней у камбінат “Мастацтва” Мастацкага фонду БССР.
Творчасьць
рэдагавацьЗаймаўся творчасьцю ў галіне жывапісу і графікі, а таксама літаратурнай творчасьцю: пісаў вершы і прозу на беларускай і расейскай мовах.
Мастакоўская творчасьць
рэдагавацьПаводле сваёй працы афармляў частку экспазыцый Баранавіцкага краязнаўчага музэя, экспазыцыі Музэя гісторыі чыгуначнага транспарту, школьныя музэі. Ім былі выкананы вітражы для ЗАГСу, якія цяпер упрыгожваюць Палац дзіцячай творчасьці ў Баранавічах.
У час, вольны ад працы мастака-афарміцеля, займаўся мастацкай творчасьцю ў галіне жывапісу і графікі. Ім было створана ўсяго каля 30 карцін. Засталіся таксама эцюды і малюнкі. Аздобіў малюнкамі і свае кнігі «У барвах зямлі» і «Паралелі». Аформіў ён і кнігу паэзіі Івана Лагвіновіча «Разлукі выраёвыя».
Літаратурная творчасьць
рэдагавацьДэбютаваў у друку ў кастрычніку 1974 году ў часопісе Маладосць чатырма вершамі[1]. У студзеньскім нумары “Маладосці” за 1976 год пабачыла сьвет яго апавяданьне “Ліпеньскім днём”. У чэрвені таго ж году часопіс “Нёман” надрукаваў яго аповесьць “Юнгі”.
На літаратурную творчасьць Бутрыма зьвярнуў увагу Барыс Сачанка ў аглядным артыкуле газэты “Літаратура і мастацтва” за 24 сьнежня 1976 году. Берасьцейская абласная газэта “Заря” ад 30 красавіка 1977 году надрукавала артыкул “Санэты Бутрыма”, напісаны пісьменьнікам Уладзімерам Калесьнікам, і ніжэй тры санэты.
У 1998 годзе ў зборніку выбранай беларускай паэзіі “Агледзіны” быў надрукаваны яго верш “Варта”. У зборніку “Дзень паэзіі” за 1989 год быў надрукаваны яго верш “Каляровая літаграфія”. Сем вершаў Бутрыма выйшлі ў альманаху “Дзядзінец. Паэзія Берасцейшчыны” у 1999 годзе. У 1997, 2000 і 2006 гадах падборкі вершаў Бутрыма былі надрукаваны ў літаратурным альманаху гораду Баранавічы “Сьвятліца”. Друкаваўся і ў мясцовай прэсе, а таксама ў газэце Наша слова.
У 2001 годзе выйшла кніга паэзіі “У барвах зямлі”. У сьнежні 2002 году два вершы Бутрыма надрукаваў часопіс “Полымя”. У гэтым жа 2002 годзе ў калектыўным зборніку “Верш на свабоду” надрукаваны і яго верш “Змые пыл, жыватворным напоіць…” У 2003 годзе два вершы Бутрыма трапілі ў анталёгію выбранай беларускай паэзіі ХХ стагодзьдзя “Краса і сіла”.
У кастрычніку 2003 году, праз два месяцы пасьля сьмерці, пабачыла сьвет яго другая кніга паэзіі “Паралелі”. Наклад кнігі 250 асобнікаў. У 2006 годзе выйшаў зборнік расейскамоўнай паэзіі Бутрыма “В пространстве и времени”.
Кнігі
рэдагаваць- 2001 — “У барвах зямлі”, паэзія
- 2003 — “Паралелі”, паэзія
- 2007 — “В пространстве и времени”, паэзія
- 2011 — “Маўклівыя сумныя птушкі”, проза
- 2014 — “Дзён маіх лепшыя дні”, проза
Памяць
рэдагавацьУ Баранавічах маецца памятная шыльда ў гонар Бутрыма[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ "О, тонкі майстра...". Памяці паэта, празаіка, мастака Венанцыя Бутрыма, Алесь Бакач. Дзеяслоў 2012
- ^ Баранавічы паэтычныя, intex-press, 30.03.2014
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Венанцы Бутрым на kamunikat.org
- "О, тонкі майстра...". Памяці паэта, празаіка, мастака Венанцыя Бутрыма, Алесь Бакач. Дзеяслоў 2012