Васіль Ліцьвінка
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Ліцьвінка.
Васіль Дзьмітрыевіч Ліцьвінка (1941; в. Верхні Церабяжоў, цяпер Столінскі раён, Берасьцейская вобласьць, Беларусь — 2007, Менск) — зьбіральнік і папулярызатар беларускага традыцыйнага фальклёру, вучоны-фальклярыст, старшыня Саюзу фальклярыстаў Беларусі.
Васіль Ліцьвінка | |
Дата нараджэньня | 7 сьнежня 1941 |
---|---|
Месца нараджэньня | вёска Верхні Церабяжоў, Столінская акруга, Генэральная акруга Берасьце Літоўскі, Райхкамісарыят Украіна(uk), Трэці Райх |
Дата сьмерці | 12 ліпеня 2007 (65 гадоў) |
Месца сьмерці | Менск, Беларусь |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт |
Занятак | фальклярыст, калекцыянэр, папулярызатар навукі, прафэсар унівэрсытэту |
Навуковая сфэра | Фальклярыстыка |
Месца працы | Філялягічны факультэт БДУ |
Вядомы як | Стваральнік навукова-дасьледчай лябараторыі беларускага фальклёру |
Навуковая ступень | кандыдат філялягічных навук[d] |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся 7 сьнежня 1941 году ў вёсцы Верхні Церабяжоў на Століншчыне. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы выкладаў беларускую мову, літаратуру і сьпевы ў сямігодцы вёскі Лука на Століншчыне (1958—1960). Служыў у ваенна-марскім флёце СССР (1961—1964).
Вучыўся на філялягічным факультэце Белдзяржунівэрсытэту (1964—1970). Падчас вучобы ўзначальваў студэнцкі клюб, ладзіў канцэрты самадзейных калектываў унівэрсытэту, гастролі вядомых вакальна-інструмэнтальных ансамбляў ва ўнівэрсытэце.
У 1971 годзе стварыў на філфаку першую ва ўнівэрсытэце лінгафонную лябараторыю[1]. Зь верасьня 1975 году перайшоў на выкладчыцкую работу на катэдру расейскай савецкай літаратуры філфаку, дзе выкладаў фальклёр.
У 1981 годзе Васіль Ліцьвінка разам з калегамі дамогся стварэньня на філялягічным факультэце БДУ навукова-дасьледчай лябараторыі беларускага фальклёру, якой кіраваў да выхаду на пэнсію ў 2005.
1987—2003 — аўтар і вядучы тэлепраграмы «Запрашаем на вячоркі». Уваходзіў у рэдакцыйны склад газэты «Балесы Полісься» (бел. Галасы Палесься)[2].
Абіраўся старшынём Беларускага саюзу фальклярыстаў на першым і другім зьездах у 1992 і 1995 гадох. Віцэ-старшыня Таварыства беларускай школы. Кандыдат філялягічных навук.
Пасьля выхаду на пэнсію ў 2006 плянаваў стварыць у родных мясьцінах на Століншчыне фальклёрна-этнаграфічны цэнтар заходнепалескай традыцыйнай культуры, аднак раптоўная сьмерць зашкодзіла зьдзяйсьненьню плянаў.
Пахаваны на могілках у роднай вёсцы.
Дасьледчая дзейнасьць
рэдагавацьЗ 1964 году займаўся зьбіраньнем, дасьледаваньнем рэгіянальнай спэцыфікі, выданьнем і папулярызацыяй фальклёру, абрадава-сьвяточнай і этнічнай культуры беларускага народу. Пераважна на Палесьсі фальклярыстам Ліцьвінкам зроблена каля 200 тысячаў тэкставых і 50 тысячаў аўдыёзапісаў фальклёру і матэрыялаў традыцыйнай культуры.
Падчас яго 15-гадовага супрацоўніцтва з 1987 па 2003 гады зь Беларускім тэлебачаньнем у рамках праграмы «Запрашаем на вячоркі» зроблены 246 відэафільмаў абрадава-сьвяточнай культуры, сярод якіх — усе важнейшыя самабытныя фальклёрна-этнаграфічныя зьявы Беларусі, а найбольшую каштоўнасьць маюць сьвяты і абрады Чарнобыльскага рэгіёну, многія зь якіх зьнішчаны ў выніку глябальнай катастрофы.
Васіль Ліцьвінка — аўтар 20 кніг і зборнікаў фальклёру, больш 380 навуковых, вучэбна-мэтадычных і навукова-папулярных друкаваных работ.
Пад яго кіраўніцтвам навукова-дасьледчай лябараторыяй беларускага фальклёру пасьпяхова выкананыя навукова-дасьледчыя праекты «Фальклёр Беларускага Палесься», «Рэгіянальная спэцыфіка беларускага фальклёру», «Інтэрпрэтацыя і выкарыстаньне фальклёру ў вучэбна-выхаваўчым працэсе ВНУ», «Фальклёр запаведных і памежных з Расеяй, Украінай, Польшчай і Летувой рэгіёнаў».
У 1970-я Рыгор Шырма паскардзіўся Васілю Ліцьвінку, зь якім яго зьвязвалі сяброўскія адносіны, на недахоп часу для напісаньня мэмуараў. Тады Ліцьвінка пачаў запісваць гутаркі з маэстра на магнітафонную стужку. За некалькі гадоў назапасілася 20 кілямэтраў аўдыёзапісаў. На жаль, многае з гэтых запісаў не захавалася[3]. Па выніках працы Васіль Ліцьвінка падрыхтаваў зборнік артыкулаў Р. Р. Шырмы «Песня — душа народа» (1976; 2-е выд. 1993) з камэнтарамі, бібліяграфіяй, летапісам жыцьця і творчай дзейнасьці Шырмы, а ў 1984 абараніў у акадэмічным Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя Кандрата Крапівы кандыдацкую дысэртацыю «Р. Р. Шырма — фальклярыст»[1]. Частка запісаў была апублікаваная да 100-годзьдзя Рыгора Шырмы ў часопісе «Мастацтва» ў 1992 року.
Асноўныя працы
рэдагаваць- Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры Брэсцкай вобл. / (у суаўтарстве). — Мн.: 1973.
- Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры Гомельскай вобласці / (у суаўтарстве). — Мн.: 1989.
- Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры Мінскай вобласці / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Мн.: 1995.
- Рыгор Шырма. Песня — душа народа / Васіль Ліцьвінка. — Выданьне I. — Мн.: 1976.
- Рыгор Шырма. Песня — душа народа / Васіль Ліцьвінка. — Выданьне II. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1993. — 348 с. — ISBN 9785340010704
- Васіль Ліцьвінка. Р. Р. Шырма — фалькларыст. Аўт. дыс. канд. філ. навук. — Мн.: 1984.
- Песні партызанскай славы. / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Выданьне I. — Мн.: 1984.
- Песні партызанскай славы. / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Выданьне II. — Мн.: 1988.
- Калыханкі і забаўлянкі. / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Мн.: 1992.
- Ліцьвінка Васіль. Край Адамаў родны… Новагародчына. — Мн.: 1992. — С. 231-297. — (У зб.:Школьны літаратурны вечар.).
- Васіль Ліцьвінка. Веснавыя святы і абрады. — Мн.: 1995.
- Васіль Ліцьвінка. Зімовыя святкі. — Мн.: 1995.
- Васіль Ліцьвінка. Беларускі фальклор. Праграма для спецыяльнасцяў Беларускай акадэміі мастацтваў. — Мн.: 1997.
- Васіль Ліцьвінка. Беларускі фальклор. Праграма для навучальных устаноў культуры і адукацыі. — Роднае слова, №№7-8. — Мн.: 1998.
- Спадчына маёй маці / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Мн.: 1993.
- Ліцьвінка Васіль. Веснавыя святы і абрады. — Мн.: 1995.
- Ліцьвінка Васіль. Зімовыя святкі. — Мн.: 1995.
- Ліцьвінка Васіль. Святы і абрады беларусаў. — Выданьне І. — Мн.: 1997.
- Ліцьвінка, Васіль. Святы і абрады беларусаў / рэд. Л.М. Раменьчык. — 2-ое выд. — Менск: Беларусь, 1998. — 190 с. — 7000 ас. — ISBN 985-01-0055-9
- Ліцьвінка Васіль. Святы і абрады беларусаў. — Выданьне ІІІ. — Мн.: 2001. — 190 с. — ISBN 985-01-0327-2
- Праблемы ўсходнеславянскай этналінгвістыкі. Зборнік матэрыялаў Першай міжнароднай этналінгвістычнай канферэнцыі, Мінск, 25-26.ІV.2003 / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Мн.: 2003.
- Ліцьвінка Васіль. «Спевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 года» Яна Чачота 1842—1844 гадоў — гістарычны эпас беларусаў. — Мн.: 2004. — ISBN 985—464-594-0
- Ліцьвінка Васіль. Каляндар свят і абрадаў беларусаў (1994—2006).
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ а б Мікола Антропаў Васіль Ліцьвінка. Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства «Загородье». Праверана 21 сакавіка 2012 г.
- ^ Балесы Полісься Вытокі Праверана 21 сакавіка 2012 г.
- ^ Васіль Ліцьвінка. Шырма расказвае пра сябе… // Раённыя будні. — 14 сакавіка 2012. — № 21 (9467). — С. 5.
Літаратура
рэдагаваць- Беларускі фальклор: энцыклапедыя. — Мн.: 2005 Т. 2. Л — Я.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Валянціна Аксак (18 ліпеня 2007) Памёр знаны беларускі фальклярыст Васіль Ліцьвінка. «Наша Ніва». Праверана 11 траўня 2009 г.
- Вечар памяці Васіля Ліцьвінкі. Блог «Этнаграфія Беларусі» (28 красавіка 2009). Праверана 11 траўня 2009 г.
- Навукова-творчы калектыў. Вучэбна-навуковая лябараторыя беларускага фальклёру БДУ. Праверана 21 сакавіка 20012 г.