Варволь
Варво́ль, ворва́ль — тоўсты слой звадкаванага тлушчу ў скуры марскіх сысуноў (кітоў, цюленяў, пінгвінаў, сырэнаў), а таксама белага мядзьведзя і рыбаў. Асноўныя складнікі — складаныя этэры гліцэрыны і тлустых кісьляў.
Апісаньне
рэдагавацьЛіпіданасычаная, калягенавая валокнавая падскурная тканка[1] жоўтага або бурага колеру зь непрыемным пахам. Пах зьнікае пры награваньні варволю да 200 °C. Пакрывае ўсё цела жывёлы, акрамя частак канцавінаў. Трывала мацуецца да цягліцаў і шкілету высокаарганізаванымі, веерападобнымі сеткамі сухажылаў і вязаў(d), у пэўны момант жыцьця асобных марскіх сысуноў можа складаць да 50% масы іхняга цела. Таўшчыня вагаецца ад 5 см у дэльфінаў і малых кітоў да больш як 30 см у большых кітоў, такіх як Eubalaena(d) ці грэнляндзкі.
Значэньне
рэдагавацьВарволь — асноўнае сховішча тлушчу водных сысуноў, асабліва важнае для відаў, якія харчуюцца і размнажаюцца ў розных частках акіяну. Віды, якія ўчыняюць далёкія міграцыі (напрыклад, гарбаты кіт), пад час качаваньняў жывуць на запасах падскурнага тлушчу.
Адрозьніваецца ад іншых формаў тлушчавай тканкі(d) сваёй большай таўшчынёй, якае дадае дадатковую цеплаізаляцыю(d). Падскурны тлушчавы слой выконвае як функцыю тэрмарэгуляцыі(d), так і падвышае плывучасьць і абцякальнасьць абрысаў цела. Ён больш васкулярызаваны — багацейшы на крывяносныя сасуды — чым іншыя тлушчавыя тканкі.
У параўнаньні з футрам ворваль зьберагае менш цеплыні, аднак у футры пад ціскам вады паветраныя мяшкі сьціскаюцца і губляюць сваю цеплазьберагальнасьць, чаго не здараецца ў ворвалі. Дзякуючы гэтай рысе некаторыя кіты могуць выжываць пры тэмпэратурах да 4 °C[2].
Чалавечае карыстаньне
рэдагавацьДзякуючы сваёй высокай энэргетычнай вартасьці і даступнасьці варволь — істотная частка традыцыйнай ежы інуітаў ды іншых паўночных плямёнаў. Адным з прадуктаў кітабойства ёсьць ягоная здабыча дзеля перапрацоўкі на тлушч. Ужываўся таксама ў гарбарстве, шавецтве і рымарстве для тлушчэньня скур і ботаў. З цела аднаго блакітнага кіта можна здабыць да 50 тонаў варволю[3].
У кітовым і цюленевым варволі зьмешчаныя амэга-3 тлушчавыя кісьлі і вітамін D[4].
У XXI стагодзьдзі праз прамысловае забруджваньне(d) акіяну ў ворвалі марскіх сысуноў сталі выяўляць поліхляраваныя біфэнілі (ПХБ)(d) — канцэрагены, якія шкодзяць нэрвовай, імуннай і рэпрадукцыйнай сыстэмам чалавека[5][6][7].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ D. J. Struntz, W. A. McLellan, R. M. Dillaman, J. E. Blum, J. R. Kucklick, D. A. Pabst Blubber development in bottlenose dolphins (Tursiops truncatus) // Journal of Morphology. — 2004. — В. 1. — Т. 259. — С. 7–20. — DOI:10.1002/jmor.10154
- ^ Secrets of the Ocean Realm Архіўная копія ад 4 May 2017 г.
- ^ Cetacean. — Encyclopædia Britannica. Ultimate Reference Suite. — 2008.
- ^ Vitamins A, D, and E in Canadian Arctic traditional food and adult diets // Journal of Food Composition and Analysis. — 2006. — В. 6–7. — Т. 19. — С. 495–506. — DOI:10.1016/j.jfca.2005.02.007
- ^ E. L. Teuten, L. Xu, CM. Reddy Two Abundant Bioaccumulated Halogenated Compounds Are Natural Products // Science. — 2005. — В. 5711. — Т. 307. — С. 917–20. — DOI:10.1126/science.1106882
- ^ Chemical Compounds Found In Whale Blubber Are From Natural Sources, Not Industrial Contamination ScienceDaily
- ^ Japan warned on 'contaminated' blubber. BBC News (2001-01-24). Праверана 2009-12-31 г. Архіўная копія ад 23 February 2009 г.
Літаратура
рэдагаваць- Ворвань // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2. — 544с.:іл. с. — 3000 ас. — ISBN 978-985-11-0570-6