Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Лукашоў.

Валянці́н Канстанці́навіч Лукашо́ў (25 чэрвеня 1938, Ленінград8 чэрвеня 1998, Швэцыя) — беларускі геахімік, чалец-карэспандэнт, доктар геоляга-мінэралягічных навук, прафэсар. Навуковец у галіне тэарэтычных і прыкладных праблем геахіміі, наватар і арганізатар дасьледаваньняў у шэрагу яе кірункаў.

Біяграфія

рэдагаваць

Вапянцін Канстанцінавіч Лукашоў нарадзіўся ў Ленінградзе ў сям’і рэктара Ленінградзкага ўнівэрсытэту, прафэсара Канстанціна Ігнатавіча Лукашова.

Адукацыя

рэдагаваць

У 1961 з адзнакай скончыў геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Будучы студэнтам, узначаліў студэнцкую навуковую суполку на факультэце і правёў першыя самастойныя літалягічныя і геахімічныя дасьледаваньні.

Праца і дасьледаваньні

рэдагаваць

Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту працаваў у Лябараторыі геахімічных праблем АН БССР (пазьней рэарганізавана ў Інстытут геахіміі і геафізыкі) на пасадах малодшага (19611965), старшага навуковага супрацоўніка (19651969), загадчыка сэктара (19691971), а з 1972 ён — загадчык лябараторыі геахіміі гіпэргенэзу Інстытуту геахіміі і геафізыкі АН БССР (цяпер Інстытут геалягічных навук НАН Беларусі).

Дасьледаваньне чацьвярцічных адкладаў

рэдагаваць

Валянцін Лукашоў распрацоўваў многія аспэкты выкарыстаньня геахімічных індыкатараў для характарыстыкі геалягічных працэсаў. У 19641965 ён знаходзіўся ў доўгатэрміновай камандзіроўцы ў Польшчы з мэтай вывучэньня геахімічных асаблівасьцяў чацьвярцічных адкладаў гэтай краіны і іх карэляцыі з аднаўзроставымі адкладамі ў Беларусі. Матэрыялы, сабраныя ў Польшчы, былі выкарыстаны ў доктарскай дысэртацыі «Геохимические особенности четвертичного литогенеза в папеогеографических условиях Белорусского Полесья и смежных территорий», якую ён пасьпяхова абараніў у 1969, і манаграфіі «Геохимия четвертичного литогенеза» (1970).

Палеагеаграфічныя рэканструкцыі

рэдагаваць

У 1972 выйшла ў сьвет манаграфія «Геохимические индикаторы процессов гипергенеза и осадкообразования», у якой усебакова разгледжаныя магчымасьці выкарыстаньня геахімічных паказчыкаў пры палеагеаграфічных рэканструкцыях старажытных умоў літагенэзу, рудаўтварэньня і пошуку карысных выкапняў. Па ініцыятыве Валянціна Лукашова сумесна з геолягамі Закаўказьзя геахімічныя індыкатары былі выкарыстаныя для карэляцыі ўмоваў фарміраваньня гліністых парод (выдзяленьня інтэрвалаў у стратыграфічным разрэзе кайназою, якія адпавядаюць ледавіковым эпохам плейстацэну на Ўсходне-Эўрапейскай раўніне. Лукашоў стаў арганізатарам экспэдыцый, падчас якіх сумесна з вучонымі Расеі, Украіны і Малдовы вывучаліся кайназойскія адклады Малдовы, Адэскай вобласьці, Крыму, Кубані.

Іншыя дасьледаваньні

рэдагаваць

Сумесна зь летувіскімі геолягамі Лукашоў праводзіў дасьледаваньні ў Балтыйскім рэгіёне (Калінінградзкая вобласьць Расеі і Летува) з мэтай выкарыстаньня геахімічных мэтадаў для высьвятленьня ўмоваў назапашаньня і захаваньня бурштыну. Вынікам дасьледаваньняў стала манаграфія «Литогеохимические фации кайнозоя запада Русской платформы» (1974). У 1975-1978 Валянцін Лукашоў прыняў удзел у вывучэньні глыбакаводных адкладаў з дна Чорнага мору, праведзеным экспэдыцыяй «Гломар Чэленджэр», і як вынік — калектыўная манаграфія «Геохимия позднекайнозойских осадков Черного моря» (1982).

Мэтодыкі пошуку карысных выкапняў

рэдагаваць

У гэтыя ж гады ён вёў сумесныя дасьледаваньні з геахімікамі Бурацкага геалягічнага ўпраўленьня і Бурацкага геалягічнага інстытуту РАН, неаднаразова выяжджаў у Забайкальле, дзе вывучаў спэцыфіку гіпэргенных працэсаў і ўтварэньня кор выветрываньня на карэнных пародах. Адным зь першых Лукашоў выкарыстаў гюравыя растворы для характарыстыкі геахімічных асаблівасьцей кор выветрываньня, што дало магчымасьць лепш спазнаць працэсы ўтварэньня другасных арэолаў расьсейваньня над руднымі радовішчамі. Ім распрацаваны новы геахімічны мэтад пошуку карысных выкапняў з выкарыстаньнем штучных сарбэнтаў, які дазваляе эфэктыўна весьці пошукі радовішчаў у закрытых рэгіёнах. Мэтад выклікаў вялікі інтарэс і быў апрабаваны ў больш як 20 геолягаразьведачных арганізацыях і інстытутах. Адна з мадыфікацыяў мэтаду легла ў аснову пошукаў золата (на яе атрымана аўтарскае пасьведчаньне) і прайшла пасьпяховае выпрабаваньне ў Саянах. Па выніках дасьледаваньняў з сарбэнтамі Лукашоў напісаў манаграфію «Искусственные сорбенты в экспериментальной и прикладной геохимии» (1992). У пытаньнях геахімічных пошукаў карысных выкапняў Лукашоў набыў высокі аўтарытэт у сьвеце.

Экалягічныя дасьледаваньні

рэдагаваць

У канцы 1970-х гадоў В. К. Лукашоў засяродзіў сваю ўвагу на ахове навакольнага асяродзьдзя. Навуковая камандзіроўка ў Канаду (1977), рабочая нарада «Геахімічныя мэтады маніторынгу» ў Менску (1978) і іншыя мерапрыемствы садзейнічалі разуменьню праблем сучаснага тэхнагенэзу. Пад кіраўніцтвам Лукашова былі праведзеныя першыя эколяга-геахімічныя здымкі Менску і абласных цэнтраў Беларусі. У выніку гэтых дасьледаваньняў зьявілася манаграфія «Загрязнение тяжёлыми металлами окружающей среды г. Минска» (1996).

На пачатку 1980-х гадоў Валянцін Лукашоў пад кіраўніцтвам бацькі Канстанціна Лукашова ўдзельнічаў у стварэньні новага для Беларусі навуковага напрамку — мэдыцынскай геахіміі, якая моцна зьвязана з праблемамі тэхнагенэзу. Зь першых дзён пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС В. К. Лукашоў з супрацоўнікамі праводзілі інтэнсіўныя дасьледаваньні радыёактыўнасьці глебавага покрыва і іншых кампанэнтаў ляндшафту, а таксама прадуктаў харчаваньня, вывучалі рухавасьць радыёнуклідаў з дапамогай пасьлядоўных выцяжак і штучных сарбэнтаў. В. К. Лукашоў у шэрагу публікацыяў зрабіў доўгатэрміновы прагноз паводзінаў радыёнуклідаў у ляндшафтах Беларусі. Манаграфія «Геологические аспекты охраны окружающей среды» (1987) зьявілася адной зь першых у гэтым напрамку і атрымала высокую адзнаку.

У апошнія гады Лукашовым разьвіваўся напрамак вывучэньня формаў знаходжаньня мэталаў у мінэралах і пародах зоны гіпэргенэзу. Атрыманыя дадзеныя па геахіміі цынку, кадмію, сьвінцу, хрому, марганцу і іншых мэталаў у покрыўных адкладах Беларусі маюць вялікае значэньне для рашэньня прыродаахоўных, мэдыка-біялягічных і геоляга-пошукавых праблем.

Манаграфія «Географические очерки природы Беларуси» (1983), вучэбны дапаможнік «Геохимия ландшафтов» (1972) — унёсак Лукашова ў беларускую геаграфічную навуку.

На працягу многіх гадоў Лукашоў зьяўляўся старшынём Прыбалтыйска-Беларускай сэкцыі Міжведамаснага савета МінГеа СССР і АН СССР па праблеме «Навуковыя асновы геахімічных мэтадаў пошукаў радовішчаў карысных выкапняў», уваходзіў у склад рэдакцыйнага савета міжнароднага часопіса «Аррііесі ОеосЬетізІгу» (?) і ў рабочую групу «Геологическая медицина» Міжнароднага геалягічнага саюза. В.К. Лукашоў вёў актыўную пэдагагічную працу — чытаў лекцыі ў Беларускім дзяржаўным і Менскім пэдагагічным унівэрсытэтах, а таксама ва ўнівэрсытэтах краінаў Балтыі і Канады.

Бібліяграфія

рэдагаваць

Вынікі дасьледаваньняў Лукашова апублікаваныя ў больш чым 300 навуковых працах, уключаючы 25 манаграфіяў, выдадзеных у краінах былога СССР, ЗША, Францыі, Нідэрляндах і Польшчы.

8 чэрвеня 1998 году за межамі Беларусі, на міжнароднай сустрэчы геахімікаў у Швэцыі раптоўна спынілася ягонае сэрца.