Бядрынец каменаломнікавы
Бядрынец каменаломнікавы (па-лацінску: Pimpinella saxifraga) — травяністая расьліна сямейства парасонавых.
Вышыня 15—60 см, сьцябло прамое. Расьце ў хваёвых лясах, на сухіх лугах, узьлесках, каля дарог. Цьвіце ў чэрвені — жніўні дробнымі белымі, радзей ружаватымі кветкамі. Народныя назвы: едранец, берджанец, пастарнак палявы, перац палявы. Блізкі сваяк анісу (а таксама каляндры, кропу, кмену).
Як прыправа (цяпер фактычна забытая ў Беларусі) ўжываецца пераважна маладое лісьце з далікатным пахам і памяркоўна пякучым, даўкім смакам, што нагадвае агуркі, выключна ў сьвежым выглядзе — прыпраўляюць салаты, супы з гародніны, соўсы, вараную гародніну і рыбу; выкарыстоўваюць таксама ў якасьці сурагату гарбаты. Лісьце і плады ўжываюцца для араматызацыі вінаў, а карэньне — у вытворчасьці горкіх лікёраў. У XIX стагодзьдзі ў Беларусі бядрынец, папярэдне вымачаны ў вадзе, дадаваўся ў тытунь-самасад дзеля паляпшэньня смаку.
Літаратура
рэдагаваць- Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа».