Бэўвульф
«Бэўвульф» (па-ангельску: Beowulf) — стараангельская эпічная паэма з 3182 радкоў, напісаная алітэраваным вершам на стараангельскай мове. Сама назва «Бэўвульф» умоўная — у рукапісе тэкст ніяк не азагалоўлены.
Вымаўленьне
рэдагавацьХаця па-беларуску назву паэмы (і імя героя) найчасьцей пішуць і вымаўляюць як «Бэавульф» ці «Беавульф», трэба заўважыць, што ў стараангельскай мове спалучэньне літар eo чыталася як дыфтонг [eo] ці [eʊ][1]. Адпаведна, найбольш дакладная перадача арыінальнага вымаўленьня — Бэўвульф.
Датаваньне
рэдагавацьМагчымая дата стварэньня паэмы строга абмежаваная зьнізу пачаткам 6 стагодзьдзя (час згаданай у тэксьце гібелі конунга Хігелака), а зьверху — першаю чвэрцю 11 стагодзьдзя (не пазьней гэтага часу быў створаны вядомы нам манускрыпт паэмы). У гэтых, даволі шырокіх, рамках на карысьць кожнага стагодзьдзя выказваліся пэўныя аргумэнты. Калі распаўсюджаная датыроўка паэмы 8 стагодзьдзем слушная, то найбольш верагоднае месца яе стварэньня — Нартумбрыя ці Мэрсія.
Рукапіс
рэдагавацьАдзіны рукапіс паэмы, які дайшоў да нас, датуецца прыблізна 1000 годам і створаны, відавочна, двума перапішчыкамі. Разам з рукапісам паэмы Юдыт і некалькімі празаічнымі тэкстамі ён уваходзіць у гэтак званы кодэкс Cotton Vitellius A. xv, які захоўваецца зараз у Брытанскай бібліятэцы. У 1731 годзе рукапіс, які захоўваўся тады ў Котанавай бібліятэцы, быў значна пашкожданы пажарам. У 1786 годзе ісьляндзкі дасьледчык Грымур Ёнсан Торкэлін перапісаў тэкст паэмы і замовіў яшчэ адну копію перапішчыку. З таго часу рукапіс паэмы быў дадаткова разбураны (працягвалі абсыпацца пашкоджаныя агнём часткі аркушаў), таму сёньня копіі Торкэліна зьяўляюцца важнаю дадатковаю крыніцаю тэксту паэмы.
Гісторыя пра Бэўвульфа
рэдагавацьПаэма апісвае ўчынкі геацкага героя Бэўвульфа (ягонае імя перакладаецца, верагодна, як «пчаліны воўк», г.зн. «мядзьведзь»).
Пачынаецца паэма з таго, як дацкі конунг Хродгар загадаў збудаваць вялікі харом Хэарат для баляваньняў. Шум весялосьці, музыка й песьні ў палацы разьюшылі Грэндэля, пачварнага людажэра, які жыў непадалёк. Грэндэль пачынае нападаць на Хэарат, пажыраючы воінаў. Даны ня могуць зладзіць з пачвараю ды пакідаюць палац. Пачуўшы пра гэта, малады Бэўвульф, пляменьнік геацкага конунга Хігелака, прыходзіць са сваімі воінамі на дапамогу данам. Ён абяцае адолець Грэндэля голымі рукамі, і гэта аказваецца шчасьліваю здагадкаю, бо той заварожаны супраць зброі. Бэўвульф адрывае людажэру руку, і той ледзьве зьбягае прэч. Радасьць данаў з нагоды гэтае перамогі аказваецца заўчаснай: Грэндэлева жудасная маці прыходзіць помсьціць за сына і забівае аднога з райцаў конунга. Малады герой згаджаецца спусьціцца ў падводны дом пачвараў, і там забівае маці Грэндэля. Там жа ён знаходзіць памёрлага ад раны Грэндэля, і забірае з сабою ягоную галаву.
Шчодра адораны Хродгарам, Бэўвульф вяртаецца на радзіму і праз пэўны час робіцца конунгам свайго народу. Праз шмат гадоў, у часы Бэўвульфавай старасьці, нейкі неразумны вор выкрадае залатую чашу са скарбніцы магутнага цмока. Разьюшаны цмок пачынае зьнішчаць усё вакол, і Бэўвульф разам са сваімі воінамі выходзіць біцца зь ім. Толькі адзін з дружыньнікаў, Віглаф, аказваецца дастаткова стойкім, каб разам з гаспадарам выйсьці супраць цмока. Разам два воіны забіваюць пачвару, але Бэўвульф і сам памірае ад ранаў. Ягоная сьмерць прадвяшчае заняпад геатаў.
Дадатковыя зьвесткі
рэдагаваць- Хродгараў народ у розных месцах паэмы пра Бэўвульфа аўтар называе Паўночнымі Данамі (радок 783), Паўднёвымі Данамі (463), Заходнімі Данамі (383) і Ўсходнімі Данамі (828). Як заўважае Том Шыппі, дакладнасьць у дробязях тут амаль напэўна прынесеная ў ахвяру алітэрацыі. Калі слова East добра алітэруе зь першым паўрадком, то якая ўжо розьніца, як тое ж самае племя названае на пару старонак вышэй — так, відавочна, лічыў стараангельскі паэт.
- Існуе каля 100 перакладаў Бэўвульфа на сучасную ангельскую мову — як паэтычных, так і празаічных. Толькі ў 2006 годзе зьявілася ня меней трох новых варыянтаў. Сярод перакладчыкаў — такія вядомыя аўтары як Джон Толкін (ягоны пераклад дагэтуль ня выдадзены, хаця размовы пра гэта вяліся) і Шэймас Хіні.
- Калі верыць Саксону Граматыку, конунг Хродгар, на дапамогу якому прыходзіць Бэўвульф, — стрыечны прадзед Гамлета (па матчынай лініі).
Бэўвульф у сусьветнае культуры
рэдагавацьПераклады
рэдагавацьПершы пераклад паэмы (на лацінскую мову) быў выкананы Торкэлінам. На ангельскую мову паэма перакладалася ня менш як сотню разоў, у тым ліку Шэймасам Гіні. Па-беларуску невялікія ўрыўкі ў перакладзе Антона Францішка Брыля выходзілі ў часопісе «Наша Вера», №46; пазьней некалькі першых разьдзелаў паэмы друкаваліся ў часопісе «Дзеяслоў», №38 (у абодвух выпадках пад загалоўкам «Бэўвульф»). Урэшце, у чэрвені 2013 года пад назвай «Бэўвульф» выйшаў поўны пераклад на беларускую аўтарства Антона Францішка Брыля[2][3].
У пазьнейшае літаратуры
рэдагаваць- Джон Гарднэр выкарыстаў сюжэт паэмы ў сваім рамане «Грэндэль» (1971)
- «Бэўвульф» аказаў вялікі ўплыў на творчасьць Джона Толкіна, у прыватнасьці на казку «Хобіт» (1937)
У кінематографе
рэдагаваць- Фільм «Бэўвульф і Грэндэль» (2005) — вольная варыяцыя на тэму паэмы.
- Анімацыйны фільм «Бэўвульф» (2007) — таксама вольная трактоўка.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Peter S. Baker. Introduction to Old English (Oxford: Blackwell, 2003)
- ^ Бэўвульф / пер. са стараанглійскай мовы Антона Францішка Брыля. — Мінск : Зміцер Колас, 2013. — 130 с.
- ^ Чарнякевіч Ц. І наш «Бэўвульф» Архівавана 29 чэрвеня 2017. // Звязда, № 117 (27482), 27 чэрв. 2013.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьБэўвульф — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў