Бульбамуві

кінафэстываль беларускіх фільмаў, які адбываецца ў Варшаве

«Бульбамувi» — кінафэстываль беларускіх фільмаў, які адбываецца ў Варшаве. Зьяўляецца пляцоўкай для сустрэчаў беларускіх кінэматаграфістаў. Праводзіцца ўвосень з 2011 году.

«Бульбамувi»
польск. Bulba movie
Гады зь 2011-га
Краіна Польшча
Горад Варшава
Мова(-ы) беларуская і іншыя
Жанры кінафільм, мультыплікацыя
Тэматыка кіно
Склад Януш Гаўрылюк
Ганаровыя госьці Андрэй Кудзіненка

Праект мае на мэце зьвярнуць увагу на сучаснае беларускае кіно. Падчас дыскусіі з удзелам беларускага і польскага творчага асяродзьдзя падымаецца спроба высьветліць стан сучаснага беларускага кіно і ягонае месца ў Эўропе і сьвеце. Заснавальнік і арганізатар: Януш Гаўрылюк.

МінуўшчынаРэдагаваць

У 2011-м кінафэст быў своеасаблівай справаздачай пра фільмы, зробленыя ў Беларусі за апошнія дзесяць гадоў. Арганізатары паспрабавалі сканцэнтравацца на беларускім «офавым» кіно. Між іншым былі прадстаўленыя фільмы «Случай с пацаном» Сяргея Лобана і «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі. Былі прадстаўленыя працы малавядомых у Польшчы творцаў Лобача, Каласоўскага і Асмялоўскага, дакумэнтальныя фільмы Куцілы, Асьлюка і Адамовіч. Кінапрагляд быў падзелены на некалькі блокаў. Падчас Бульбамуві былі зарганізаваныя дыскусійныя панэлі з удзелам польскіх і беларускіх кінакрытыкаў, аўтараў і гледачоў. Галоўнай тэма абмеркаваньня было пытаньне пра тое, як зрабіць беларускі фільм канкурэнтаздольным на міжнародных кінафэстывалях. За 2,5 дні першага фэсту на яго прыйшлі каля 1,5 тысячы чалавек, большасьць зь якіх — палякі.

З 2012 году часткай праграмы «Бульбамуві» зьяўляецца конкурсная праграма для маладых творцаў беларускага кіно. У конкурсе бралі ўдзел мастацкія, дакумэнтальныя стужкі, створаныя за апошнія пяць гадоў. Журы абірала пераможцаў сярод амаль двух дзясяткаў прэтэндэнтаў. Узнагарода — «залатая», «срэбная», «бронзавая» бульбы. Галоўнай узнагароды ў 2012 годзе ніхто не атрымаў. Журы вызначыла адразу двух срэбных прызэраў — гэта праца Андрэя Палупанава «Жыцьцё ў торбе ў клетку» і стужка «Простыя рэчы» Арцёма Лобача. "Бронзавую бульбу" і Адмысловую узнагароду тэлеканала "БелСат" атрымаў фільм "Вандроўнік ня вернецца" (рэжысёр - Алесь Лапо).

У 2013 годзе галоўную ўзнагароду кінафэстывалю «Бульбамуві» выйграла рэжысэрка-аніматарка Марыя Матусевіч з дыплёмным лялечным мультфільмам «Фокус»[1].

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць

  1. ^ Вольга Чайкоўская. Топ-5 кінападзей году // Зьвязда : газэта. — 17 сьнежня 2013. — № 237 (27602). — С. 6. — ISSN 1990-763x.