Беларусы ў Брысбэйне
Беларусы ў Брысбэйне арганізавана зьяўляюцца ў 1949 годзе. Такім чынам, Брысбэн стаў адным зь першых асяродкаў беларускага грамадзкага жыцьця ў Аўстраліі. Ён гэтакім стаў яшчэ ў часе працы беларусаў паводле кантрактаў на цукровых плянтацыях і прадпрыемствах Квінслэнду[1]. Але тутэйшае беларускае жыццё заняпала ўжо ў другой палове 1950-х гадоў[2].
Дзейнасьць
рэдагаваць29 лістапада 1949 году ў лягеры Батгурсьце была агучаная ідэя стварэньня Задзіночаньня Беларускіх Вэтэранаў. У лютым 1950 году ў Брысбэне быў створаны першы аддзел Задзіночаньня, які 25 сакавіка легалізавала Міністэрства іміграцыі[1]. На чале арганізацыі ў 1950-х стаялі тутэйшыя Данат Яцкевіч і Янка Гавенчык[3].
З 1950 году ў Брысбэне пачалося актыўнае грамадзка-культурнае жыцьцё беларусаў. Тут знаходзілася Галоўнае Кіраўніцтва вэтэранаў. Рэгулярна сьвяткаваліся 25 Сакавіка і Слуцкі збройны чын. Таксама рэгулярна зьбіраліся ахвяраваньні на «Дар Сакавіка», у гонар чаго быў выпушчаны значок з такой назвай[1].
28 кастрычніка 1950 году інжынер Анатоль Шкутка заснаваў тутэйшы аддзел Беларускага Аб’еднаньня ў Аўстраліі, але пра дзейнасьць гэтага аддзелу зьвестак няма[2].
12—17 сакавіка 1951 году у мястэчку праходзіла міжнацыянальная выстава, на якой Задзіночаньне Беларускіх Вэтэранаў арганізавала беларускі павільён[3].
З 1952 года ў Брысбене выдаваўся часопіс «Łučnik». Таксама ў горадзе была арганізаваная газета «Бацькаўшчына» і часопіс «Божым Шляхам»[3].
23 лістапада 1952 году ў Брысбэне было заснаванае Праваслаўнае Брацтва Сьвятога Юрыя (БАПЦ) пад уладай архіяпіскапа Сяргея (Ахатэнкі), які тады жыў у Сыднэі. Ва ўправу брацтва былі абраныя Юрый Яцкевіч і Анатоль Галіда[3], якія меркавалі разьвіваць царкоўнае жыцьцё ў Брысбэне[2].
У 1953 годзе ў Задзіночаньня зьявілася друкарня, у якой пабачыў сьвет насьценны каляндар на 1954 год і сэрыі віншавальных паштовак з выявамі беларускіх гістарычных асобаў і сьвятых. У тым жа годзе Задзіночаньне наладзіла трансьляцыю на мясцовым радыё беларускай музыкі і зьвестак пра Беларусь[3].
У 1954 годзе ў быў арганізаваны беларускі драматычны гурток і ансамбль беларускае песьні[1].
У 1957 годзе Брацтва выдала на Каляды першы нумар місіянэрскага лістка «Вернік», выдаўцом якога пазначаны Мадэст Яцкевіч. Ужо ў 1958 годзе лісток зьмяніў адрас на Мэльбурн і далейшы ягоны шлях невядомы[2].
У 1956—1957 гадах беларускае жыцьцё ў Брысбэне спыняецца. Даследчык Натальля Гардзіенка звязвае гэта зь пераездам Даната Яцкевіча ў Мэльбурн у 1956 годзе і пераездам Янкі Гавенчыка ў Сыднэй ў 1955 годзе. Таксама менш актыўныя беларусы маглі трапіць пад уплыў тутэйшых расейцаў або абруселых імігрантаў[3].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 52.
- ^ а б в г Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 54.
- ^ а б в г д е Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 53.
Літаратура
рэдагаваць- Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі: да гісторыі дыяспары. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2004. — 448 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны). — ISBN 985-6730-79-1