Асунсьён
Асунсьён (па-гішпанску: Asunción), поўная назва Найшляхотнейшы й найвярнейшы горад Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі па-гішпанску: La Muy Noble y Leal Ciudad de Nuestra Señora Santa María de la Asunción) — сталіца й найбуйнейшы горад Парагваю. Горад месьціцца на левым беразе ракі Парагвай, ня вельмі далёка ад месца зьліцьця гэтае ракі зь Пількамаё. Насельніцтва на 2016 год складала 525 252 жыхары.
Асунсьён | |||||
гішп. Asunción | |||||
| |||||
Дата заснаваньня: | 15 жніўня 1537 | ||||
Краіна: | Парагвай | ||||
Плошча: | 117 км² | ||||
Вышыня: | 43 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2016) | |||||
колькасьць: | 525 252 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 4489,33 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC-3 | ||||
Тэлефонны код: | 021 | ||||
Паштовы індэкс: | 1001–1925 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 25°18′0″ пд. ш. 57°38′0″ з. д. / 25.3° пд. ш. 57.63333° з. д.Каардынаты: 25°18′0″ пд. ш. 57°38′0″ з. д. / 25.3° пд. ш. 57.63333° з. д. | ||||
Асунсьён | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
https://www.asuncion.gov.py/ |
Асунсьён ёсьць адным з самых старажытных гарадоў у Паўднёвай Амэрыцы, з гэтых чыньнікаў ён вядомы як «Маці гарадоў». Менавіта Асунсьён стаўся базавым пунктам для каляніяльных экспэдыцыяў, якія заклалі такія гарады кантынэнту, як то Буэнас-Айрэс, Вільярыка, Санта-Фэ, Санта-Крус-дэ-ля-Сьера. Горад лічыцца адным з самых танных гарадоў сьвету для замежных турыстаў[1].
Гісторыя
рэдагавацьГішпанскі канкістадор Хуан дэ Аёляс, магчыма, упершыню наведаў ваколіцы будучага гораду на сваім шляху на поўнач, уверх па рацэ Парагвай, шукаючы выйсьця да шахтаў Альта-Пэру ў цяперашняй Балівіі. Пазьней Хуан дэ Салязар-і-Эсьпіноса і Гансалё дэ Мэндоса, сваяк Пэдра дэ Мэндосы, былі адпраўленыя на пошукі Аёляса, але ня здолелі яго знайсьці. Па дарозе ўверх і ўніз па рацэ дэ Салязар ненадоўга спыніўся ў бухце на левым беразе, каб папоўніць запасы сваіх караблёў. Ён палічыў тубыльцаў даволі прыязнымі і вырашыў заснаваць у гэтым месцы форт у жніўні 1537 году, які атрымаў назоў у гонар сьвятой Божай Маці Марыі, бо ў сярэдзіне жніўня адзначаецца сьвята ў ейны гонар[2].
У 1542 годзе тубыльцы захапілі Буэнас-Айрэс, што вымусіла гішпанцаў уцячы ў Асунсьён. Такім чынам горад стаў цэнтрам вялікай гішпанскай каляніяльнай правінцыі, якая ўлучала частку Бразыліі, сучаснага Парагваю і паўночна-ўсходняй Аргентыны. У 1603 годзе Асунсьён быў месцам сядзібы першага сыноду Асунсьёну, які ўсталяваў прынцыпы эвангелізацыі тубыльцаў на іхнае мове гуарані.
У 1731 годзе паўстаньне пад кіраўніцтвам Хасэ дэ Антэкеры-і-Кастра было адным зь першых паўстаньняў супраць гішпанскага каляніяльнага панаваньня. Паўстаньне было здушанае, але пратэставыя настроі сярод мясцовых крэолаў і мэтысаў толькі павялічваліся. У 1811 годзе таемныя сустрэчы паміж лідэрамі руху за незалежнасьць з мэтай плянаваньня і каардэнацыі сваіх дзеяньняў супраць гішпанскага губэрнатара ў Парагваі Бэрнарда дэ Вэляска ладзіліся ў доме Хуаны Марыі дэ Ляра, у цэнтры Асунсьёну. У ноч з 14 на 15 траўня паўстанцы дамагліся посьпеху і прымусілі губэрнатара да капітуляцыі. Сёньня ў былым доме Ляры, вядомым як Дом Незалежнасьці, працуе музэй. Па атрыманьні незалежнасьці ў Асунсьёне адбыліся значныя зьмены. Гэтак за часам панаваньня Гаспара Радрыгеса дэ Франсіі, які займаў пасаду прэзыдэнта з 1813 па 1840 гады, у горадзе актыўна будаваліся дарогі, а вуліцы атрымалі назва. У наступным пры прэзыдэнцтве Карляса Антоніё Лёпэса, які кіраваў краінай з 1844 па 1862 гады, у Асунсьёне, як і ўва ўсім Парагваі, адбыліся эканамічныя рэформы. Былі пабудаваныя больш за 400 школаў, мэталюргічныя заводы і нават зьявілася першая ў краіне чыгунка. Па сьмерці Лёпэса ў 1862 годзе ягоны сын Франсіска Саляна Лёпэс ачоліў краіну і разьвязаў разбуральную Парагвайскую вайну, якая доўжылася пяць гадоў з 1864 па 1870 гады. 1 студзеня 1869 году Асунсьён быў акупаваны бразыльскім войскам на чале з генэралам Жуанам дэ Соўза да Фансэка Костам. Бразыльцы займалі горад ажно да 1876 году. Вайна прывяла як да зьнішчэньня гораду і да значнага скарачэньня насельніцтва, то бок Парагвай страціў у вайне дзьве траціны жыхароў. Разьвіцьцё значна запаволілася, а эканоміка прыйшла ў заняпад.
У канцы XIX стагодзьдзя і ў першыя гады XX стагодзьдзя ў горад у значнай колькасьці прыбывалі імігранты з Эўропы і Асманскай імпэрыі, што прывяло да зьмены аблічча гораду. У гэтыя часы места старана адбудоўвалася і горад пачаў квітнець. У 1971 годзе ў Асунсьёне зьявілася конка, а электрычны трамвай быў запушчаны ў 1913 годзе. Трамвайны рух ажыцьцяўляўся ў горадзе ажно да 1995 году, пасьля чаго быў афіцыйна спынены ў лістападзе 1997 году[3][4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ «The 18 cheapest cities in the world». Business Insider.
- ^ «Asunción». Encyclopedia Britannica.
- ^ «The Extraordinary Tramways of Asunción, Paraguay». Electric Transport in Latin America.
- ^ «Systems News». Tramways & Urban Transit. UK: Ian Allan Publishing / LRTA Publishing. 1998. — С. 117. — ISSN 1460-8324.