Арагві
Ара́гві (па-грузінску: არაგვი) — рака ва ўсходняй Грузіі, левая прытока Куры.
Арагві | |
груз. არაგვი | |
Месца зьліцьця Белай і Чорнай Арагві | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Вышыня вытоку | 1045 м |
Каардынаты вытоку | 42°20′41″ пн. ш. 44°41′42″ у. д. / 42.34472° пн. ш. 44.695° у. д.Каардынаты: 42°20′41″ пн. ш. 44°41′42″ у. д. / 42.34472° пн. ш. 44.695° у. д. |
Вусьце | Кура |
Каардынаты вусьця | 41°50′24″ пн. ш. 44°43′34″ у. д. / 41.84° пн. ш. 44.72611° у. д.Каардынаты: 41°50′24″ пн. ш. 44°43′34″ у. д. / 41.84° пн. ш. 44.72611° у. д. |
Краіны басэйну | Грузія |
Штаты | Мцхэта-Мтыянэці |
Вобласьці | Каўказ |
Даўжыня | 112 км |
Плошча басэйну | 2724 км² |
Назва
рэдагавацьАрагві перакладаецца з грузінскай мовы «хуткая», «незапозьненая». У абхаскай мове аракуа азначае «галіну», у пераносным значэньні — «прытоку».
Апісаньне
рэдагавацьАрагві бярэ пачатак на падўнёвых схілах Галоўнага Каўкаскага хрыбта. Сьпярша рака называецца Белай (Мтыульскай) Арагві. Яна цячэ па гліністых лупняках і вапняках, якія надаюць вадзе бялясае адценьне. Ля мястэчка Пасанауры Белая Арагві зьліваецца з Чорнай Арагві, якая цячэ па чорных лупняках, ад якіх вада мае цёмнае адценьне. Пасьля зьліцьця вада ў рацэ пэўны час утварае раўналежныя палосы — сьветлую і цёмную. Далей рака называецца проста Арагві. Ля селішча Жынвалі ў Арагві ўпадае Пшаўская Арагві, якая сьцякае з заходніх схілаў гары Вялікі Барбала і мае паўночную прытоку Хэўсурскую Арагві. Ля места Мцхэта — старажытнай сталіцы Грузіі — Ібэрыі — Арагві ўпадае ў Куру.
У 1974—1985 роках пасьля зьліцьця чатырох Арагві створанае Жынвальскае вадасховішча і ГЭС, якія забясьпечваюць вадой і электрычнасьцю грузінскую сталіцу. На заходнім беразе вадасховішча ўзвышаецца крэпасьць Анануры.
Сілкаваньне ракі зьмяшанае, але пераважна ледавіковае. Па Арагвійскай даліне праходзіць Ваенна-Грузінская дарога.
Легенда
рэдагавацьЖылі высока ў горах дзьве сястры — бляндынка і брунэтка. Яны любілі адна адну, і абедзьве пакахалі аднаго юнака. Той ажаніўся зь бляндынкай. Брунэтка не стрывала тугі — кінулася ў прорву, і ў цясьніне нарадзілася рака з чорнай, як ейныя косы, вадой — Чорная Арагві. Даведаўшыся пра сьмерць любімай сястры, кінулася ў прорву і бляндынка — нарадзілася ў цясьніне рака зь белай, як ейныя валасы, вадой — Белая Арагві. Даведаўся пра сьмерць маладой жонкі хлопец і таксама кінуўся ў прадоньне — нарадзілася ў цясьніне рака Пшаўская Арагві.