Амрула Салег

аўганскі палітык

Амрула Салег (дары/пушту: امرالله صالح; нар. 15 кастрычніка 1972) — аўганскі палітык. Пасьля таго, як Ашраф Гані зьбег з захопленага Талібанам Кабулу і з краіны, да Салега перайшлі паўнамоцтвы прэзыдэнта Аўганістану. У падкантрольнай яму правінцыі Панджшэр ён абвясьціў пра стварэньне антыталібскага фронту.

Амрула Салег
امرالله صالح
Прэзыдэнт Аўганістану
17 жніўня 2021 — цяперашні час
Папярэднік: Ашраф Гані
5-ы віцэ-прэзыдэнт Аўганістану
19 лютага 2020 — 15 жніўня 2021
Прэзыдэнт: Ашраф Гані
Папярэднік: Абдул Рашыд Дустум
Міністар унутраных справаў
23 сьнежня 2018 — 19 студзеня 2019
Прэзыдэнт: Ашраф Гані
Папярэднік: Ваіс Бармак
Наступнік: Масуд Андарабі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 15 кастрычніка 1972 (52 гады)
Панджшэр, Аўганістан
Партыя: Нацыянальны рух

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Салег нарадзіўся ў Панджшэры ў тагачасным каралеўстве Аўганістану. Паводле нацыянальнасьці таджык. Меў сястру, закатаваную талібскімі баевікамі ў адпомсту.

У 1990 року, каб ня трапіць у прасавецкае аўганскае войска, Амрула Салег далучыўся да маджахедаў. Трэніраваўся ў суседнім Пакістане, ваяваў пад даводзтвам камандзіра Агмада Шага Масуда.

Напрыканцы 1990-х Салег далучыўся да Паўночнага альянсу (інакш вядомага пад назвай «Аб’яднаны фронт»), які змагаўся з экспансіяй Талібану. У 1997 ачоліў офіс «Аб’яднанага фронту» ў амбасадзе Аўганістану ў Душанбэ (Таджыкістан).

Пасьля тэрарыстычнай атакі 11 верасьня ў ЗША Амрула Салег займаўся выведкай Аб’яднанага фронту дзеля зьнішчэньня талібанскай улады.

Пасьля ўтварэньня ў 2004 року Ісламскай рэспублікі Аўганістану Салег быў прызначаны старшынём Нацыянальнай управы бясьпекі (НУБ), дзе правёў структурныя рэформы і дапамог узмацніць дзяржаўную выведку.

У 2005 року на заданьне Салега некалькі агентаў НУБ праніклі ў пакістанскія плямёны, спрабуючы знайсьці Усаму бін Ладэна ды іншых кіраўнікоў Аль-Каіды і Талібану. Выведнікі высьветлілі месцазнаходжаньне некаторых удзельнікаў Аль-Каіды, аднак бін Ладэна сярод іх не было. У 2006 Салег атрымаў доказы пражываньня бін Ладэна ў Пакістане ўсяго за 36 км ад места Абатабаду, аднак прэзыдэнт Пакістану Пэрвэз Мушараф адмовіўся рабіць будзь-якія дзеяньні.

Дзякуючы ўкаранёным у талібанскія арганізацыі ў Пакістане агентам НУБ валодаў інфармацыяй пра месцы пражываньня і працы баевікоў. У 2006 року Амрула Салег меў зьвесткі пра ўзмацненьне падтрымскі Талібану з боку палестынскай службы выведкі і прадказваў, што да 2009 року Талібан пачне ўварваньне на асноўныя гарады на поўдні краіны.

Аднак пасьля выбараў 2009 року прэзыдэнт Аўганістану Гамід Карзай зьмяніў стаўленьне да Талібану, а ягоныя апанэнты ва ўрадзе — Амрула Салег і міністар унутраных справаў Ганіф Атмар — былі пакрысе ізаляваныя ад удзелу ў агульных радах.

6 чэрвеня 2010 року старшыня НУБ і міністар унутраных справаў сышлі з сваіх пастоў пасьля тэрарыстычнай атакі на адкрыцьці мірнай рады старэйшынаў(en), хоць нападнікі былі забітыя, а сярод удзельнікаў абышлося без ахвяраў. Перад гэтым пакістанскія ўлады ўжо выказвалі незадаволенасьць Салегам і дамагаліся ад Карзая зьмяшчэньня яго з пасады.

Пасьля сыходу зь дзяржаўнай службы Амрула Салег заснаваў Нацыянальны рух (вядомы таксама пад назвай «Зялёная плыня») — прадэмакратычны антыталібанскі рух. Выступаў з крытыкай палітыкі ўраду што да перамоваў з Талібанам, асуджаў карупцыю.

У 2018 року прэзыдэнт Ашраф Гані прызначыў Салега на пасаду міністра ўнутраных справаў, а яшчэ адзін антыталібаніст, Асадула Халід, стаў міністрам абароны. 19 студзеня 2019 року Амрула Салег сышоў з пасады, каб удзельнічаць у выбарчай камандзе дзейнага прэзыдэнта Ашрафа Гані. Пасьля перамогі на выбарах Гані стаў першым віцэ-прэзыдэнтам Аўганістану.

Пасьля захопу Кабулу талібамі прэзыдэнт Ашраф Гані зьбег з краіны. 17 жніўня Амрула Салег разам з Агмадам Масудам (сынам антыталібанскага змагара Агмада Шага Масуда) і колішнім міністрам абароны Бісьмілой Ханам Мугамадзі аб’явілі ў Панджшэрскай цясьніне пра стварэньне руху антыталібскага супраціву. Таксама Салег абвясьціў сябе пераемнікам Гані на пасадзе прэзыдэнта паводле артыкулаў 60 і 67 Канстытуцыі Аўганістану.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць