Аляксандар Грыцанаў
Аляксандар Аляксеевіч Грыцанаў (1958—2011) — філёзаф. Кандыдат філязофскіх навук (1983), дацэнт (1988). Быў галоўным рэдактарам і складальнікам найбуйнейшага ў СНД міжнароднага праекту «Гуманітарная энцыкляпэдыя» Менскай філязофскай школы, у рамках якога апублікаваныя: «Найноўшы філязофскі слоўнік» (1999 і 2001), «Сусьветная энцыкляпэдыя. Філязофія» (2001), «Сусьветная энцыкляпэдыя. Філязофія. ХХ стагодзьдзе» (2002), энцыклапэдыі «Постмадэрнізм» (2001), «Гісторыя філязофіі» (2002), «Эзатэрызм» (2002), «Сацыялёгія» (2003).
Аляксандар Грыцанаў | |
Імя пры нараджэньні | Аляксандар Аляксеевіч Грыцанаў |
---|---|
Дата нараджэньня | 28 жніўня 1958 |
Месца нараджэньня | Менск, Беларуская ССР, СССР |
Дата сьмерці | 21 сакавіка 2011 (53 гады) |
Месца сьмерці | Менск, Беларусь |
Школа/традыцыя | Менская філязофская школа |
Пэрыяд | 1982—2010 |
Асноўныя зацікаўленасьці | сацыялягічны псыхааналіз |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьСкончыў філязофскае аддзяленьне гістарычнага факультэту БДУ (1980). У 1983 скончыў асьпірантуру катэдры філязофіі БДУ і абараніў дысэртацыю на сушуканьне ступені кандыдата філязофскіх навук на тэму «Крытычны аналіз канцэпцыяў „сярэдняй клясы“», стаўшы наймаладзейшым кандыдатам філазофскіх навук у СССР у 24 гады. У 1983—1988 — выкладнік, у 1988—1996 — дацэнт БДУ. У 1987—1989 вёў «Філязофскія чацвяргі» (разам з «Сучасьнікам», які ўзначальваў Л. Крывіцкі) — першы палітычны дыскусійны клюб у Менску. У 1996—1999 — дацэнт і загаднік катэдры сацыяльных і гуманітарных дысцыплінаў Усходне-Эўрапейскага недзяржаўнага інстытуту бізнэсу і права (Менск). У 1998—2001 — навуковы рэдактар-кансультант ТАА «Інвэст-сэрвіс». З 2001 — дацэнт катэдры філязофіі, сацыялёгіі і экалёгіі Міжнароднага дзяржаўнага ўнівэрсітэта імя А. Дз. Сахарава (Менск).
Выкладаў філязофскія і сацыялягічныя дысцыпліны. З 1989 чытаў лекцыі і курсы па псыхааналітычнай культуралёгіі і філязофіі ў ВНУ. Прымаў удзел у распрацоўцы канцэпцыі сацыялягічнага псыхааналізу — галіны веды і міждысцыплінарнага плюралістычнага напрамку сацыяльнай думкі, які прымае ў якасьці перадумовы дасьледаваньні і тлумачэньні сацыяльных зьяваў і працэсаў, дзеяньне і ўзаемадзеяньне грамадзкіх, групавых і індывідуальных псыхічных чыньнікаў.
Аўтар больш за 1500 навуковых артыкулаў па філязофіі, сацыялёгіі, гісторыі, паліталёгіі, культуралёгіі, псыхалёгіі і псыхааналізе[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Памёр Аляксандр Грыцанаў // ARCHE Пачатак, 21 сакавіка 2011 г. Праверана 7 красавіка 2013 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Аляксандар Грыцанаў Разброд і хістаньні афіцыйнай навукі // ARCHE Пачатак : Часопіс. — 2005. — № 4. — ISSN 1392-9682.
- Аляксандар Грыцанаў. Вайна культураў (лекцыя 1) // Беларускі калегіюм Праверана 7 красавіка 2013 г.
- Аляксандар Грыцанаў. Вайна культураў (лекцыя 2) // Беларускі калегіюм Праверана 7 красавіка 2013 г.