Аланхо
«Аланхо́» (па-якуцку: Олоҥхо) — якуцкі гераічны эпас, адзін з найбольш старажытных эпасаў цюрскіх народаў.
Эпас складаецца з многіх сказаньняў, блізкіх паводле сюжэту, вобразаў і стылю, памерам 10—15 тысячаў вершаваных радкоў. На працягу стагодзьдзяў сфармавалася асаблівая клясычная традыцыя вуснай перадачы зьместу. Прамовы герояў сьпяваюцца, а астатні сюжэт — прамаўляецца. Частка тэксту — рытмізаваная проза і кароткія празаічныя ўстаўкі. Словы пэрсанажаў сьпяваюцца, астатні тэкст выконваецца рэчытатывам, часта без інструмэнтальнага суправаджэньня.
«Аланхо» адлюстроўваюць рысы патрыярхальна-радавога ладу, міжродавыя і міжпляменныя адносіны якутаў. Паколькі ў кожнага племені і буйнога роду якутаў меліся свае казачнікі і сьпевакі, якія спэцыялізаваліся на перадачы «Аланхо», то ў нашы дні існуе шмат варыянтаў гэтага твору, якія захоўваюць адзіную сюжэтную лінію, але істотна адрозьніваюцца паміж сабою. «Аланхо» апавядае пра подзьвігі асілкаў боотур і часткова прысьвечаны гістарычнаму часу да перасяленьня якутаў на тэрыторыю Якуціі.
У аснове сюжэтаў — барацьба асілкаў з племені айыы аймага са злымі аднарукімі ці аднаногімі пачварамі, абарона справядлівасьці і мірнага жыцьця. У «Аланхо» паяднаны фантастыка і гіпэрбалізацыя ў паказе асілкаў, рэалістычнае апісаньні побыту, шматлікія міты старажытнага паходжаньня.
У 2008 годзе ЮНЭСКО ўнесла «Аланхо» ў сьпіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва.
Літаратура
рэдагаваць- Аланхо // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — 552 с. — ISBN 985-11-0036-6