Азбучная вайна
Азбучная вайна (па-ўкраінску: Азбучна війна) — супярэчнасьці ўкраінскай грамадзкасьці Галічыны ў XIX стагодзьдзі ў спробах лацінізаваць украінскі альфабэт. «Вайна» мела два выбухі, спрычыненыя двума рознымі праектамі лацінкі — на аснове польскага ці чэскага альфабэтаў.
Першы выбух
рэдагавацьПершы выбух адбыўся ў 1830-я ў выніку зьяўленьня ў 1834 року артыкулу «О wprowadzeniu abecadła polskiego do pismiennictwa ruskiego» ўкраінскага навукоўца Ёсіпа Лазінскага, у якім ён запрапанаваў завесьці замест неадпаведнай фанэтычнай сыстэме ўкраінскай мовы «мёртвай» кірыліцы польскі альфабэт (абэцадла(uk)). Для нагляднага перакананьня ў мэтазгоднасьці ён у 1835 року гэтым пісьмом апублікаваў уласную этнаграфічную працу «Ruskoje wesile».
Гэтая прапазыцыя была востра раскрытыкаваная, напрыклад у публікацыі Ёсіфа Лявіцкага «Адказ на погляд пра ўвядзеньне польскай азбукі ў рускую пісьмовасьць» (1834, польскаю моваю) і брашуры Маркіяна Шашкевіча «Азбука і abecadło» (1836).
Мовазнаўца Міхайла Худаш у 1980-х роках адзначыў: «Захапіўшыся чыста прадметным бокам пытаньня, Лазінскі ня ўлічваў, што ва ўмовах штучнай дзяржаўнай разьяднанасьці ўкраінскага народу і зьдзейсьневанай аўстрыйска-польскаю вярхушкаю палянізатарскай палітыкі ў Галічыне лацінізацыя ўкраінскага альфабэту была, па сутнасьці, накіраваная на адрыў Заходняй Украіны ад Вялікай Украіны і закладала прыдатны ґрунт для зьдзяйсьненьня гэтай палітыкі, а адпаведна, была палітычна шкоднаю».
Другі выбух
рэдагавацьДругі выбух Азбучнай вайны спрычыніла спроба губэрнатара Галічыны Агенора Ґалухоўскага ў 1859 року ўвесьці ва ўкраінскіх школах лацінку, распрацаваную чэскім філёлягам Ёзэфам Ірэчкам на аснове чэскага альфабэту[1].
Супраць рэформы выступілі як масквафілы(uk) (сярод якіх Багдан Дзідыцкі)[2], так і тыя інтэлігенты, што выказаліся ўсхвальна пра сам праект Ірэчка (ужо згаданы мовазнавец Ёсіп Лазінскі і грэка-каталіцкі мітрапаліт Львову Сьпірыдон Літвіновіч галасавалі супраць увядзеньня лацінкі, лічачы гэтую зьмену палітычным і культурна шкодным для ўкраінцаў актам)[3]. Пратэсты падтрымалі таксама іншыя славісты з Аўстрыі, у прыватнасьці Франц Міклашыч і нават цесьць Ірэчка — Павал Шафарык. На закіды наконт неадпаведнасьці царкоўнаславянскага пісьма новай украінскай мове яны прапанавалі рэфармаваць кірыліцу «паводле ўзору Караджыча».
Хваля пратэстаў была выключна моцнаю, таму міністэрская камісія ў 1861 року забракавала праект 7 галасамі супраць 2 пры двух устрыманых. Як вынік, аўстрыйскае міністэрства адмовілася ад далейшага ўвядзеньня лацінкі.
Тым ня меней, працяглы час пасьля гэтага дзейнічала імпэратарская пастанова ад 10 красавіка 1861, згодна зь якою адміністрацыя і суды Аўстрыйскай імпэрыі ня мусілі, але маглі ўжываць ва ўкраінамоўных дакумэнтах кірыліцу. Такая фармулёўка дазваляла галіцкім органам улады (укамплектаваным збольшага палякамі) іґнараваць кірыліцу ва ўкраінамоўных дакумэнтах[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Josef Jireček. Über den Vorschlag, das Ruthenische mit lateinischen Schriftzeichen zu schreiben. Wien: K.u.K. Ministerium für Cultus und Unterricht, 1859.
- ^ О неудобности латинской азбуки въ писменности руской, розсужденіе Богдана А. Д., Віденъ, 1859
- ^ Віктор Мойсеєнко. Про одну спробу латинізації українського письма. «Незалежний культурологічний часопис „Ї“». 1997. 9.
- ^ Боротьба о руске письмо // Дѣло, 26.11.1888
Літаратура
рэдагаваць- Маркіян Шашкевич. Азбука і abecadło. Przemyśl, 1836.
- Степан Заброварний. Друга «азбучна війна» в Галичині // «Наше слово», Варшава
- Боротьба о руске письмо // Дѣло, 26.11.1888
- Франко І. Азбучна війна в Галичині 1859 р.
- Франко І. Збірка творів, т. 47. — К., 1986;
- Худаш М. Л. Алфавітно-правописні принципи Й.Лозинського.
- Лозинський Й. І. Українське весілля. — К., 1992.
- Українська мова: енциклопедія. — Інститут мовознавства імені О. О. Потебні НАН України, Інститут української мови НАН України, Видавництво «Українська енциклопедія» імені М. П. Бажана. 2000. 752 с.
- В.Барна, Є.Паньків. Азбучна війна // Тернопільський енциклопедичний словник / редкол.: Г. Яворський та ін. — Тернопіль: видавничо-поліграфічний комбінат «Збруч», 2004–2010. — Т. 1–4. — ISBN 966-528-197-6. — Т. 1: А-Й. — 2004. — 696 с.
- Василь Сімович. Йосеф Їречек і українська мова